Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У аснову судовых рашэньняў бяруць ілжэсьведчаньні міліцыянтаў…"


У Горадні працягваюцца працэсы над удзельнікамі маўклівых акцый 3-га і 6-га ліпеня. Падсудныя заяўляюць, што іх судзяць на падставе ілжэсьведчаньняў міліцыянтаў. Паведамляе Міхал Карневіч, якога таксама сёньня судзяць у Ленінскім раённым судзе Горадні.

Спадарыня Алена з сынам Уладзімерам сёньня ў суд прыйшла а 9-й раніцы, але нават а 12-й гадзіне там усё ніяк ня маглі знайсьці відэа з доказамі таго, што яе сын удзельнічаў у несанкцыянаваным шэсьці.

Спадарыня кажа, што сьведка-міліцыянт падчас працэсу папросту ілжэсьведчыў супраць яе сына. Сказаў, што ён прыйшоў на акцыю ў падранай куртцы і зь сіняком на ілбе. Хоць, зь яе слоў, і куртку падралі, і сіняк набілі тыя, хто затрымліваў сына.

І вось Уладзімеру прысудзілі штраф у памеры 28 базавых велічынь — 980 тысяч рублёў. Кажа ягоная маці.

Спадарыня: "Я проста ў шоку, я не ўяўляла, што такое творыцца. Вядома, трэба з гэтым змагацца, але як — ніхто ня ведае. Страшна, проста страшна, бо творыцца беззаконьне".

Спадарыня Вікторыя разам з сынам убачылі каля аўтастаянкі, як невядомыя накінуліся на чалавека і пачалі круціць яму рукі. Яны пачалі клікаць на дапамогу міліцыю, але раптам закруцілі рукі ім самім, і яны апынуліся ў міліцэйскім аўтобусе.

На судзе супраць іх сьведчыў міліцыянт, які, зь яе слоў, даваў ілжывыя паказаньні.

Спадарыня: "Так выйшла, што яго на месцы не было, а потым, калі ён прыйшоў, мы разам сядзелі пад дзьвярыма судовага кабінэта. Я ў яго пытаюся — мы з вамі знаёмыя? А ён — а як ваша прозьвішча? Я кажу — а якая розьніца. Ён тады кажа — а што, мы хіба павінны быць знаёмыя? Я вас, маўляў, не пазнаю. Потым заходзім да судзьдзі, і той пытаецца — ці ведае міліцыянт мяне? Міліцыянт адказвае, што ведае: маўляў, я яе затрымліваў".

Праваабаронца з Хэльсынскага камітэту Раман Юргель, які назірае за працэсамі, кажа, што ў Горадні на сёньня асуджана звыш 50 удзельнікаў "маўклівых" акцый, штрафы — ад 20 да 30 базавых велічынь.

Раман Юргель

Юргель: "Са слоў вельмі многіх асуджаных грамадзян, у аснову судовых рашэньняў пакладзены ілжэсьведчаньні міліцыянтаў, якія нават не затрымлівалі гэтых людзей, не складалі на іх пратаколаў і рапартаў. А ў судзе пакараныя не прызнавалі тых міліцыянтаў, якія супраць іх сьведчылі".
XS
SM
MD
LG