Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Пачобут на волі

абноўлена

Андрэй Пачобут пасьля прысуду
Андрэй Пачобут пасьля прысуду
Сёньня ў Ленінскім раённым судзе Гародні журналіст Андрэй Пачобут быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. Пачобута вызвалілі ў залі суду.

Андрэй Пачобут выйшаў на волю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:07 0:00
Наўпроставы лінк


14.50 Пачобут заявіў прадстаўнікам прэсы, што не лічыць сябе вінаватым і будзе абскарджваць гэты прысуд. Паводле Пачобута, паклёп суд убачыў у тым, што ён у сваіх публікацыях назваў Лукашэнку дыктатарам.

14.35 Адвакат Аляксандра Бірылаў паведаміў Свабодзе, што суд Пачобута апраўдаў па артыкуле па абразе прэзыдэнта. Што тычыцца артыкулу пра паклёп, то суд прызнаў вінаватым і вызначыў пакараньне — тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады. Пачобута выпусьцілі, ён выйшаў на ганак, узяў на рукі сына. Прысутныя сьпяваюць «Сто лят».




14.10 На працэс хацеў патрапіць Генэральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч. Аднак міліцыянты яго не ўпусьцілі, і ён разам з усімі застаецца на вуліцы.

14.05 Жонка Андрэя Пачобута Аксана Пачобут паведаміла, што ўлады пагадзіліся упусьць у залю суду толькі 7 чалавек, сваякоў, але без журналістаў, і без фота- і відэакамэраў. Такім чынам, у залю суду зараз пойдуць сваякі Пачобута і кіраўніцтва Саюза палякаў.

11.30 Апошняе слова журналіста Андрэя Пачобута ў судзе Ленінскага раёну Горадні доўжылася менш за хвіліну. Карэспандэнт польскай «Газэты выборчай» заявіў, што не прызнае ні сваёй віны, ні гэтага суду. Пра тое, што адбывалася на закрытым працэсе, сваякам і калегам Пачобута, якія сабраліся каля будынка суду, паведамілі яго адвакаты.

Аксана пачобут (справа)

10.30 Прысуд Андрэю Пачобуту будзе абвешчаны ў 14.30. Як паведамілі адвакаты, Андрэй Пачобут сёньня сказаў у судзе: «У знак пратэсту я адмаўляюся выкарыстоўваць сваё права на апошняе слова». З пратэсту вынікае і непрызнаньне віны, кажа адвакат Уладзімір Кісялевіч. Такім чынам Андрэй Пачобут выкарыстаў сваю магчымасьць выступіць з апошнім словам. Пачобут таксама распавёў пра інцыдэнт, які здарыўся, калі яго ўводзілі ў будынак суду з міліцэйскай машыны. Міліцыянты выкруцілі яму рукі так, што ён упаў на зямлю.

Адвакаты журналіста: гаворыць Аляксандар Бірылаў, другі адвакат—Уладімір Кісялевіч зьлева
Міліцыянты сталі сьцяной, каб завесьці Андрэя Пачобута ў суд
Сын Яраслаў

10.15 Андрэя Пачобута прывезьлі ў суд. Машына звычайна заяжджае з падворку, дзе сабраліся каля 50 людзей. Яны крычалі «Свабоду», «Анджэй». Міліцыянты сталі сьпінамі да ганку суду, каб людзі не маглі пабачыць Пачобута. Апэратары спэцслужбаў здымаюць усё на відэастужку. Колькасьць людзей каля суду павялічваецца, цяпер іх каля 100 чалавек.

10.00 У Ленінскім раённым судзе Горадні аднавіўся працэс над журналістам Андрэем Пачобутам. Адвакат Уладзімер Кісялевіч заявіў, што ўчора раніцай ён бачыў Андрэя, які перадаваў прывітаньне і словы падзякі ўсім, хто маральна яго падтрымлівае. Адвакат паведаміў, што сёньня Андрэю Пачобуту будзе прадстаўлена апошняе слова. Але ці выкарыстае падсудны гэтае права, Уладзімер Кісялевіч ня ведае.

Адвакат Уладзімер Кісялевіч таксама сказаў, што ня ведае, ці будзе сёньня агучаны прысуд, але гэта цалкам імаверна. Нагадаем, пракурор прапанаваў зьняволіць журналіста на тры гады.

Каля будынку суду зноў зноў сабраліся людзі, каля 30 чалавек, сябры актывістаў Саюзу палякаў, грамадзкія актывісты, якія прыйшлі падтрымаць Пачобута. Да будынку суду таксама прыйшоў Генэральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч.


Працэс адбываецца з перапынкамі з 14 чэрвеня ў Ленінскім раённым судзе гораду. Ён праходзіць у закрытым рэжыме, у суд не пускаюць родных Андрэя Пачобута. Усе, хто хоча выказаць зь ім салідарнасьць, мусяць чакаць на вуліцы. Учора нібы за пікет перад судом падчас працэсу Пачобута на дзесяць сутак быў арыштаваны ягоны паплечнік па незарэгістраваным Саюзе палякаў журналіст Ігар Банцар, які абвесьціў за кратамі сваю чарговую галадоўку.

Андрэй Пачобут зьяўляецца карэспандэнтам у Беларусі польскай «Газэты выборчэй». У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з «Газэты выборчэй» і дзьве з інтэрнэту — з «Беларускага партызану» і «Жывога часопісу». Андрэю Пачобуту прад’яўлена абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ — 368 (частка І) — «абраза» і 367 (частка І) — «паклёп» у адносінах да прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG