Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуды над удзельнікамі «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку»

абноўлена

Паводле праваабарончай арганізацыі «Вясна», у чацьвер асудзілі 21 чалавека ў чатырох судах — Партызанскім, Ленінскім, Савецкім, Цэнтральным. Прысуды — штрафы ад дзьвюх базавых велічыняў да 30-ці.

Максім Чарняўскі пакараны штрафам у 30 базавых велічын. Максім не прызнаў сябе ні ў чым вінаватым і цалкам абверг паказаньні сьведак-міліцыянтаў.

14:19 Андрэя Дварэцкага аштрафавалі на 875 тысячаў рублёў.

13:35 Аляксея Дварэцкага аштрафавалі на 875 тысячаў рублёў. Судзьдзя Дзьмітры Юферыцын адмовіся выклікаць сведак, якіх прапанаваў заслухаць Аляксей — свайго брата і Максіма Чарняўскага. У судзе дапыталі толькі міліцыянтаў Сідарука і Размысловіча, якія не змаглі правільна назваць месца затрыманьня.

Гуляў па вуліцы – штраф 875 000
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:55 0:00
Наўпроставы лінк

12:44 У Цэнтральным судзе ўсіх удзельнікаў учорашняй акцыі пакаралі штрафамі. Імёны і памеры штрафаў пакуль не вядомыя. Вядома толькі, што Аляксандра Кубуна аштрафавалі на 700 тысяч рублёў.

12:20 У Ленінскі суд прывезьлі чатырох затрыманых, сярод іх Аляксей і Андрэй Дварэцкія і Максім Чарняўскі.

У Ленінскі суд везьлі 5 чалавек. Аднак па дарозе аднаго перасадзілі ў белыя «жыгулі». Яго зьвезьлі ў невядомым кірунку.

12:19 У суд Партызанскага раёну Менску прывезьлі чатырох затрыманых, гэта: Сяргей Канаплянік, Дзьмітры Казак, Дзьмітры Бялых, Мікалай Рагавы. Канапляніка выцягнулі з ГУМу. Казака затрымалі за тое, што здымаў акцыю на мабільны тэлефон, Бялых — за тое, што стаяў побач з Казаком.

12:10 У Цэнтральным судзе пачаліся працэсы. У Дом правасудзьдзя прывезьлі некалькі чалавек. Аднак у канцылярыі пакуль нічога ня кажуць пра тое, дзе і калі іх будуць судзіць.

11:35 Праваабаронца Алеся Якубоўская паведаміла, што ў суд Цэнтральнага раёну прывезьлі 5 затрыманых удзельнікаў учорашняй акцыі. У Дом правасудзьдзя, дзе месьцяцца суды адразу некалькіх раёнаў Менску, пакуль нікога не прывезьлі.

11:15 Каля будынку суду Ленінскага раёну зьбіраюцца сваякі затрыманых на ўчорашняй акцыі маўклівага пратэсту. Прадстаўнікі суду кажуць, што затрыманых яшчэ не прывезьлі. Аднак у турме на завулку Акрэсьціна паведамілі, што машына паехала яшчэ паўтары гадзіны таму.

Аналягічная сытуацыя ў судзе Цэнтральнага раёну. Пра гэта паведаміў праваабаронца Сяргей Прадзед.


Антося Жылко адпусьцілі зь міліцыі позьняй ноччу. Ён паведаміў «Свабодзе», што ў Ленінскім РУУС Менску на затрыманых склалі пратаколы. У турму на вуліцы Акрэсьціна адвезьлі прыкладна 15 чалавек. Усяго ў пастарунку знаходзілася каля 60 затрыманых.

Жылко кажа, што на Акрэсьціна павезьлі тых, у каго раней былі канфлікты зь міліцыяй, а таксама тых, хто абураўся і адстойваў свае правы.

Жылко таксама расказаў пра блізьнятаў Аляксея і Андрэя Дварэцкіх. Яны ня ўдзельнічалі ў акцыі. Іх затрыімалі, калі пачаўся хапун. У аўтазаку іх моцна зьбілі. У аднаго з братоў сёньня іспыт ва ўнівэрсытэце. Ноччу ў міліцыю прыяжджалі іхныя бацькі, прасілі адпусьціць. Аднак Дварэцкіх завезьлі ў турму.

22 чэрвеня ў Менску ды іншых гарадах Беларусі прайшла маўклівая акцыя пратэсту. Сілавыя органы перашкаджалі людзям зьбірацца. У Менску Кастрычніцкая плошча і плошча Свабоды былі агароджаныя. АМАП і міліцыянты выціскалі людзей з Кастрычніцкай плошчы і праспэкту Незалежнасьці, потым масава і жорстка затрымлівалі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» праведамляе пра паўтысячы затрыманых па ўсёй краіне.

Актывісты суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» заклікаюць кожную сераду а 19 гадзіне выходзіць на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў на маўклівую акцыю пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG