Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку»


У Менску адбылася штотыднёвая акцыя маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Яе вынікам сталі дзясяткі затрыманых удзельнікаў, выпадковых мінакоў, а таксама журналістаў.

Калі аўтазакі напаўняліся людзьмі, на іх месца прыяжджалі новыя. Так былі затрыманыя дзясяткі чалавек, у тым ліку наш калега, журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, журналіст «Нашай Нівы» Алесь Пілецкі, агенцтва «БелаПАН» Павал Падабед і многія іншыя.


ОНЛАЙН


Актывісты суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» заклікаюць кожную сераду а 19 гадзіне выходзіць на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў на маўклівую акцыю пратэсту.

22 чэрвеня паўсюль, і ў сталіцы, і ў рэгіёнах праваахоўныя органы перашкаджалі людзям сабрацца. У Менску Кастрычніцкая плошча і плошча Свабоды былі агароджаныя турнікетамі. Зноў, як і тыдзень таму, цягнікі не спыняліся на станцыях мэтро Кастрычніцкая і Купалаўская. АМАП і міліцыянты выціскалі людзей з Кастрычніцкай плошчы і праспэкту Незалежнасьці і потым масава і жорстка затрымлівалі на вуліцах Леніна, Энгельса, Нямізе. Аўтазакі, міліцэйскія аўтобусы езьдзілі па цэнтры сталіцы і рабілі зачыстку.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» па стане на 22:30 падае лічбу каля 450 затрыманых па ўсёй краіне.


Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку. Менск, 22 чэрвеня 2011

21:40 Зь Ленінскага РУУС вызвалілі журналіста Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча і відэаапэратара БелаПАН Паўла Падабеда. Усяго ў Ленінскім РУУС знаходзіцца 56 чалавек, сярод якіх грамадзянін Украіны Ашмарын Сяргей, які знаходзіцца ў Менску ў службовай камандзіроўцы, дзьве жанчыны — Ксенія Лугавая і Славінская. Прозьвішчы затрыманых, якія пасьпеў запісаць Алег Грузьдзіловіч: Антон Шчукін, Яўген Корсак, Салаўёў, Яфімаў, Вашкевіч, Гаўрыленка, Гірыс, Кільман, Шаляпін, Кабас, Сёмухін, Гушча, Пятроў, Тукай, Балей, Анікееў, Баханько, Шэмелёў, Бяспалы, Самахвал, Хайкер, Тымлякоў, Шугалей, Карповіч, Белік, Кургановіч, Багушэвіч, Межык, Красулін, Рашчынскі, Жукаў, Аляксей і Андрэй Барэцкія, Шпілеўскі, Тагуноў.

У Лідзе міліцыянты разьбілі галаву журналісту Сяргею Карпенку.

21:15 Карэспандэнта «Нашай Нівы» Алеся Пілецкага і яшчэ двух журналістаў — Сяргея Балая і Аляксандра Баразенку — выпусьцілі з Цэнтральнага РУУС без складаньня пратаколаў. Астатніх сорак затрыманых паставілі ў калідоры РУУСа тварам да сьцяны і пачалі «афармляць» — перапісваць пашпартныя дадзеныя. У некаторых затрыманых парваная вопратка, у аднаго моцна разьбіты твар.

21:05 Сярод затрыманых — Дзьмітрый Буянаў, сын журналісткі Любові Лунёвай. Яго і іншых затрыманых паставілі на расьцяжку ў Цэнтральным РУУС. На затрыманых складаюць пратаколы.

20:55 Карэспандэнт Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч знаходзіцца ў Ленінскім РУУС. Разам зь ім у пастарунку каля 50 затрыманых, у асноўным моладзь. Міліцыянты пачынаюць складаць пратаколы — затрыманым інкрымінуецца ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

20:10 Адкрылі ўваход на станцыі мэтро Кастрычніцкая і Купалаўская.

20:05 У Берасьці на акцыю прыйшлі паўтысячы чалавек.

У Ваўкавыску затрымалі 43 чалавекі.

У Магілёве на плошчу выйшлі 300 чалавек.



У затрыманьнях у Менску былі задзейнічаныя аўтазакі з эмблемай ГИБДД Расеі.


20:00 Алег Грузьдзіловіч разам зь відэаапэратарам БелаПАНа карэспандэнтам Паўлам Падабедам і яшчэ чатырма затрыманымі знаходзіцца ў міліцэйскім аўтобусе паміж Палацам рэспублікі і аблвыканкамам. У яго сьцерлі відэаматэрыялы і зламалі мікрафон. Пагражаюць адвезьці ў райаддзел міліцыі для разьбіральніцтва.

Зьбіты аўтар блогу http://twitter.com/#!/spirt96. Фота з аўтазаку.
19:50 Аўтазакі ад францускай амбасады зьехалі. Міліцынты адбеглі ў бок Ратушы, дзе адбываецца афіцыйнае мерапрыемства. Вялікая колькасьць міліцыянтаў у шэра-блакітных кашулях знаходзіцца каля гатэлю «Эўропа» і «Гранд-кафэ» (Леніна, 2) і не прапускае ў бок праспэкту Незалежнасьці.

Каля ГУМа затрымалі журналіста «Нашай Нівы» Алеся Пілецкага і кінулі ў аўтазак. Разам зь ім яшчэ 37 затрыманых. Сярод іх журналіст інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Сяргей Балай, былы палітвязень Аляксандр Баразенка.

На скрыжаваньні Інтэрнацыянальнай і Леніна па-ранейшаму шмат народу, людзі не разыходзяцца.


19:35 На Кастрычніцкай плошчы затрыманы відэааператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Павел Падабед.

19:30 Выхады з падземных пераходаў на праспэкце Незалежнасьці на вуліцу Леніна перакрытыя. Уздоўж праспэкту ходнікі фактычна зачышчаныя, Людзі, што сядзяць у кавярнях, таксама пляскаюць у ладкі.

На плошчы Свабоды ля францускай амбасады ў аўтазакі запіхваюць людзей. Два аўтазакі — поўныя. Міліцыянты па рацыі перамаўляюцца, што затрымалі 150 чалавек.

Ля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта зьявіліся дадатковыя патрулі міліцыі.



У Вілейцы затрымалі грамадзкага актывіста Ўладзімера Наркевіча.

У Бярозаўцы ўдзельнікаў акцыі вядуць у пастарунак пешшу.

У Маладэчне затрыманы актывіст Уладзімер Шульжыцкі з сябрамі.


19:20 На пачатку вуліцы Леніна і ля касьцёла на плошчы Свабоды вельмі шмат людзей. Да іх бягуць людзі ў чорным. Каля касьцёла стаіць аўтазак. Людзей выцясьняюць да Нямігі.

Плошча Перамогі ў Віцебску ачэпленая па пэрымэтры міліцыянтамі і спэцназаўцамі.

У Горадні затрыманы Ігар Банцар.

19:15 Міліцыянты і спэцназаўцы даволі груба выціскаюць людзей з вуліцы Энгельса ў бок плошчы Свабоды.

19:05 Ад Цэнтральнага ўнівэрсаму людзей выцясьняюць у два бакі — да Кастрычніцкай плошчы і да ГУМа. Людзі выйшлі на праезную частку вуліцы Энгельса. Ім няма куды падзецца. Пад’ехалі аўтазакі.

Ад Палацу прафсаюзаў і Дома афіцэраў міліцыянты ў шэра-блакітных кашулях даволі груба адцясьняюць людзей ў бок вуліцы Янкі Купалы.

18:55 Машыны, што едуць на праспэкце Незалежнасьці, сыгналяць, а людзі ўздоўж ходнікаў пляскаюць у далоні.

На скрыжаньні Інтэрнацыянальнай і Энгельса стаіць кардон міліцынтаў і не прапускае людзей да Кастрычніцкай плошчы.

Уладзімер Някляеў прайшоў цераз кардон каля «Цэнтральнага».

АМАП пачаў выціскаць людзей ад унівэрсаму «Цэнтральны» у бок ГУМу. Народ пляскае ў далоні

У Салігорску затрымалі грамадзкую актывістку Ларысу Насановіч.

18:45 Перакрылі вуліцу Энгельса.

Кіраўнік прэс-службы Аляксандар Ластоўскі на пытаньне журналістаў, чаму затрымалі Алега Грузьдзіловіча, адказаў, што ведае пра гэта толькі ад журналістаў і пакуль ня можа адказаць.

Затрымалі журналіста «Інтэрфакса» Руслана Рындзевіча.

18:40 На скрыжаньні Інтэрнацыянальнай і Энгельса стаіць кардон міліцынтаў і не прапускае людзей да Кастрычніцкай плошчы.

Цягнікі на Кастрычніцкай станцыі не спыняюцца. Пра гэта паведамляюць пасажырам мэтрапалітэну.

На плошчы Перамогі шмат міліцэйскіх машын і пустых зялёных пасажырскіх аўтобусаў.

18:35 Схапілі журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча. Два спэцназаўцы павалаклі яго проста праз плошчу да сваіх аўтобусаў. Ён спрабаваў супраціўляцца, яго павалілі, ударылі. Па тэлефоне Алег Грудзьдзіловіч пасьпеў паведаміць, што знаходзіцца ў міліцэйскім аўтобусе, потым ускрыкнуў «Не ламайце!», і сувязь абарвалася. Цяпер сувязі зь ім няма — «абанэнт недаступны».

Перакрылі ўваход на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» з боку ўнівэрсаму «Цэнтральны».

18:30 Ластоўскі сабраў журналістаў і паведаміў, што інфармацыйная група павінна знаходзіцца каля аркі на вуліцы Энгельса. Маўляў, журналісты правакуюць натоўп і падштурхоўваюць народ зьбірацца.

18:25 Міліцыянты спрабавалі затрымаць Юрыя Халезіна, брата кіраўніка «Свабоднага тэатру» Мікалая Халезіна. Юры Халезін крычаў міліцыянтам «Брава!» і пляскаў у далоні. Але журналісты пачалі здымаць інцыдэнт і фактычна ўратавалі спадара Халезіна ад затрыманьня.

18:10 Ад вуліцы Маскоўскай у бок плошчы Незалежнасьці прапускаюць толькі грамадзкі транспарт.

Нечакана ў гадзіну пік на праспэкце Незалежнасьці пачаліся рамонтныя работы, перакрыты крайні левы шэраг у кожным кірунку руху.

18:05 Людзей праганяюць са скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Энгельса. Журналістаў міліцыянты адпраўляюць да кіраўніка прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага, які знаходзіцца побач з аркай на вуліцы Энгельса.

17:40 Станцыя Кастрычніцкая працуе ў звычайным рэжыме. Але стаяць побач з уваходамі забараняюць. Палац рэспублікі ўпрыгожваюць да Дня рэспублікі.

17:30 Кастрычніцкую плошчу агароджваюць турнікетамі. У Верхнім горадзе, за Палацам рэспублікі, за кінатэартам «Піянэр» у дварах шмат аўтазакаў, міліцэйскіх машын і аўтобусаў. Па Кастрычніцкай плошчы прагульваюцца людзі ў чорнай форме, заўважаны палкоўнік Ігар Яўсееў.

Агароджаны і пляц Волі, побач стаяць два аўтазакі. Прычынай называюць тое, што ў Рашушы сёньня афіцыйнае мерапрыемства з удзелам старшыні Менгарвыканкаму Ладуцькі.

Загарадкі на плошчы Свабоды.

Загарадкі ў Верхнім горадзе.
Кастрычніцкая плошча.




«Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ў рэгіёнах. 22 чэрвеня 2011


Віцебск


Плошча Перамогі ў Віцебску ачэпленая па пэрымэтры міліцыянтамі і спэцназаўцамі. Закрытыя скразны праход напрасткі праз плошчу, а таксама падыходы да пляцоўкі, дзе праводзіць рэпэтыцыю дзіцячы танцавальны калектыў. На пытаньні мінакоў, чаму менавіта цяпер праводзіцца рэпэтыцыя, юныя танцоры паціскаюць плячыма — ня ведаем.

Тым часам сябры БРСМу раздаюць мінакам каляровыя паперкі, на якіх напісана: «1941, 22 чэрвеня, помнім».



Сабраныя перад агароджай.
Афіцыйнае мерапрыемства на пустой плошчы.


Горадня


19:20 Затрымалі Ігара Банцара.

Рэдактар часопіса «Магазын польскі», які выдаецца апазыцыйным Саюзам палякаў затрыманы побач з домам Андрэя Пачобута.

Са слоў Банцара ён заехаў да Пачобутаў, каб забраць Аксану Пачобут — жонку Андрэя Пачобута і разам паехаць на Савецкую плошчу, дзе адбываецца сацыяльная акцыя. Іх затрымалі супрацоўнікі ДАІ побач з домам, выпісалі штраф за тое, што ў машыне вісяць фіранкі. Потым сказалі, што мусяць праверыць машыну, ці ня крадзеная яна. Паабяцалі пратрымаць тры гадзіны.


19:00 На Савецкай плошчы ў Горадні ля імправізаванай мэталічнай сцэны ўсталяваныя 10 радоў плястыкавых крэслаў для гледачоў. На сцэне грае камэрны аркестар. На бліжэйшых вуліцах зьявіліся міліцэйскія «бобікі», шэрыя аўтобусы.

На плошчы спыняюцца шматлікія мінакі.

17:00 У Горадні адзін з актывістаў напярэдадні падзеяў на Савецкай плошчы атрымаў на свой тэлефон СМС-паведамленьне на расейскай мове наступнага зьместу:

«Папярэджваем аб адказнасьці па артыкулах 293 і 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Не правакуйце ўлады на выкарыстаньне сілы. Падумайце: ці трэба вам гэта?»

Гомель


На плошчу Леніна мінакоў не пускаюць. Плошча абгароджаная мэталічнымі бар’ерамі. Па пэрымэтры стаяць міліцыянты.

На самой плошчы прыкладна дзьве роты МНС, розная спэцыяльная тэхніка. Выратавальнікі выконваюць вучэбныя практыкаваньні. Яны спрабавалі паліваць вадой і нават мыць свой аўтакран, але людзі запярэчылі — маўляў, нельга гэта рабіць, шкодзіць экалёгіі.

Ачэпленая плошча Леніна
Вясёлыя актывісты
Выступаюць пажарныя. Праход забаронены.

Берасьце


22:00 Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін паведаміў «Свабодзе» пра затрыманьне на акцыі ў горадзе 18 чалавек. Сярод іх Сяргей Ваўрынюк, Зьміцер Шурхай, Ігар Мішкоў, Міхаіл Ільін. Па словах праваабаронцы, з усіх затрыманых узялі пісьмовыя тлумачэньні.

19:45 Міліцыянты і спэцназ не пусьцілі людзей на плянаваную сёньня акцыю ў Берасьці на плошчы Леніна. Па усім пэрымэтры плошчы стаяла часовая агароджа.

Людзі вымушаны былі ісьці на пляцоўку за некалькі гарадзкіх кварталаў ад плошчы Леніна, ля берасьцейскага ЦУМа. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» дэмакратычны актывіст Васіль Ваўрынюк. Па словах суразмоўцы, ля ЦУМа сабралася амаль 500 чалавек:

«Людзі маўчалі. А калі міліцыянты вырашылі разагнаць акцыю і пайшлі на людзей, то іх сустракалі гучным плясканьнем у далоні».

Таксама суразмоўца падкрэсьлівае, што да ЦУМа міліцыянты падагналі аўтазак, міліцэскія «бобікі» і пагражалі прысутным. Праз 30 хвілін міліцыянтам удалося расьсеяць натоўп. Людзі разыходзіліся не па адным, а купкамі, каб перашкодзіць магчымым затрыманьням.

На гэты час вядома пра затрыманьне грамадзкага актывіста БХД Зьмітра Шурхая.

Магілёў


Праваабаронца Барыс Бухель паведаміў «Свабодзе»:

«У Магілёве добрая дынаміка актыўнасьці людзей на акцыі „Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку“: у мінулую сераду на пляцоўцы насупраць плошчы Леніна сабраліся 200 чалавек, а сёньня — 300. Акрамя таго, шмат аўтамабілістаў. Даішнікі нават выйшлі на дарогу, сталі перапісваць нумары аўтамашын, вадзіцелі якіх сыгналілі. Удзельнікаў акцыі міліцыянты не чапалі, нікога не затрымлівалі».

Салігорск


Перад 19-й гадзінай затрымалі грамадзкую актывістку Ларысу Насановіч.

Вілейка


19:30 Затрымалі грамадзкага актывіста Ўладзімера Наркевіча:

«Мы стаялі на плошчы Леніна ля фантану. Да нас пад’ехаў міліцэйскі патруль. Праверылі пашпарты, заявілі, што я падобны да нейкага злодзея, і адвезьлі ў пастарунак. Трымаюць цяпер на вуліцы. Міліцыянты заяўляюць, што мы тут застанемся як мінімум на тры гадзіны».

19:10 Відавочца праз тэлефон паведаміў пра затрыманьне 4 чалавек.

Маладэчна


Затрыманы Ўладзімер Шульжыцкі зь сябрамі. Паводле Шульжыцкага, на плошчы ў Маладэчне каля 50 маладзёнаў гуляюць і размаўляюць. Да яго зь сябрамі падышлі людзі ў цывільным і настойліва папрасілі прайсьці зь імі. Цяпер Шульжыцкі і два ягоныя сябры ў аўтазаку, ім нічога ня кажуць.

Бярозаўка


19:15 Удзельнікаў акцыі затрымалі. Цяпер у мясцовым пастарунку знаходзіцца 7 чалавек. Сярод іх актывіст Сяргей Трафімчык. Ён паведаміў што ў Бярозаўцы Лідзкага раёна на сацыяльную акцыю сабралася каля 30 чалавек. Прастаялі нядоўга, іх адразу пачалі затрымліваць супрацоўнікі міліцыі. Тых, хто не зьмясьціўся ў машыну, павялі ў пастарунак пешшу.

Ваўкавыск


Людзі сабраліся а 18:45 у сквэры ля вечнага агню, усклалі кветкі. А 18:55, калі людзі рушылі да плошчы Леніна, пад’ехалі міліціянты і затрымалі 43 чалавекі. Усяго бралі ўдзел 67 чалавек. Затрыманых завезьлі ў мясцовы РУУС, дзе пасьля праверкі дакумэнтаў адпусцілі без складаньня пратаколу.

Ліда


У Лідзе міліцыянты разьбілі галаву Сяргею Карпенку — журналісту, які супрацоўнічае зь «Белсатам». На плошчы ў горадзе сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, Сяргей быў з жонкай, нічога не здымаў, але яго схапілі міліцыянты, закінулі ў аўтобус. Пазьней яго адпусьцілі, ён зьвярнуўся ў больніцу, дзе яму наклалі тры швы на галаве. Пра гэта паведаміў Павал Мажэйка. Тэлефон Сяргея Карпенкі адключаны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG