Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі не ацаніла словы “казёл” і “вашывы”


Алег Праляскоўскі
Алег Праляскоўскі
Міністэрства інфармацыі Беларусі не кампэтэнтнае тлумачыць сэнс паняцьцяў «казёл» і «вашывы». Гэта вынікае зь міністэрскага адказу магілёўцам, якія зьвярталіся з такой просьбай да міністра Алега Праляскоўскага. Аўтары звароту таксама намагаліся высьветліць, ці зьяўляюцца прыдатнымі гэтыя словы для размоваў кіраўніка Беларусі з грамадзянамі.

Нагодай для звароту сталі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ад 26 красавіка пра тое, што ён «ня хоча гаварыць аб усялякіх Барозу, іншых казлах», а ў кіраўніцтва Ўкраіны «вашывасьці хапае».

У адказе, які падпісаў першы намесьнік міністра Ігар Лапцёнак, гаворыцца, што пастаўленыя ў звароце пытаньні не ўваходзяць у кампэтэнцыю Міністэрства інфармацыі.

Адзін з аўтараў звароту, праваабаронца Барыс Бухель заяўляе, што міністэрства парушыла сваім адказам заканадаўства:

“Сваёй адпіскай чыноўнік груба парушыў закон “Аб зваротах грамадзянаў”. Паводле яго, звароты грамадзян, якія паступілі ў дзяржаўныя органы да кампэтэнцыяў якіх яны не адносяцца, павінны перанакіроўвацца ў іншыя ўстановы з такімі кампэтэнцыямі. Людзям таксама павінны адпісаць і патлумачыць чаму быў перанакіраваны іх ліст у іншае месца. У выпадку з нашым зваротам міністэрства інфармацыі гэтага не зрабіла. Цяпер будзем думаць, якім чынам рэагаваць на гэтае парушэньне”.

Ініцыятарам звароту да міністра Праляскоўскага стаў магілёўскі будаўнік, сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксей Паўлоўскі. Ён заяўляе, што шмат людзей пасьля выказваньняў Лукашэнкі знаходзяцца ў разгубленасьці й ня ведаюць як на іх рэагаваць. Паўлоўскі пракамэнтаваў адказ зь міністэрства:

“Абсалютна ясна, што падначаленыя ня хочуць выкрываць свайго боса Лукашэнку. Тыя ж людзі, якія падпісаліся пад зваротам, іх ня шмат, усяго два дзясяткі, хочуць аднаго, каб чалавек, які паводзіць сябе па-хамску адказаў за гэта. Адказ міністэрства буду абскарджваць у пракуратуры й судах, калі спатрэбіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG