Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску зьбіраюць подпісы за “Нашу ніву” і “Народную волю”


Міністэрства інфармацыі Беларусі не зьбіраецца адклікаць пазоў з Вышэйшага гаспадарчага суду аб спыненьні выхаду дзьвюх незалежных газэт – “Наша Ніва” і “Народная воля”.

Гэта вынікае з адказу на калектыўны зварот жыхароў Бабруйска. 170 бабруйцаў падпісаліся пад патрабаваньнем да міністэрства, каб яно спыніла перасьлед незалежных СМІ.

Адзін з ініцыятараў збору подпісаў у абарону нецэнзураванай прэсы –
кіраўнік бабруйскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Бузінаеў. Ён сказаў, што міністэрства інфармацыі паведаміла, што яно мае права зьвяртацца ў суд з пазовамі аб закрыцьці газэт пры вынясеньні двух і болей папярэджаньняў за год. У судзе яно будзе кіравацца нормамі гаспадарча-працэсуальнага кодэксу.

“Мы не спадзяваліся на тое, што чыноўнікі адмовяцца ад сваіх намераў закрыць газэты. Наша мэта была ў тым, каб засьведчыць, што грамадзтва незадаволенае гэтымі намерамі і сочыць за сытуацыяй. Мы не спыняем збор подпісаў. На дадзены момант мы сабралі каля паўтысячы іх. Тры сотні ўжо даслалі ў міністэрства. “Наша ніва” і “Народная воля” – газэты патрэбныя людзям. Іх чытаюць і яны набываюць усё большую папулярнасьць. Таму ўлада й мае намер іх зачыніць”, - адзначае Віктар Бузінаеў.

Адказ на калектыўны зварот жыхароў Бабруйску падпісала першая намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч.

Аб намеры закрыць “Нашу ніву” і “Народную волю” 29 красавіка выказаўся міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі на сэмінары кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ ў Горадні. Паводле чыноўніка, гэтыя газэты нібыта некарэктна асьвятлялі тэракт ў менскім мэтро.

У самім Бабруйску ў выніку эканамічных санкцыяў з боку ўлады збанкрутавала незалежная газэта “Бабруйскі кур’ер”. Цяпер яна выходзіць толькі ў інтэрнэце на аднайменным партале.
XS
SM
MD
LG