Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забраць у Менску хакейны чэмпіянат сьвету: спроба другая


Мы ўжо паведамлялі, што ў Сэнат ЗША ўнесены праект рэзалюцыі па Беларусі ў сувязі зь перасьледам апазыцыі і дэмакратычных актывістаў. Сярод прапанаваных санкцыяў — ня толькі палітычныя і эканамічныя, але і спартовыя. У прыватнасьці, праект рэзалюцыі заклікае Міжнародную фэдэрацыю хакею забраць у Беларусі права на правядзеньне чэмпіянату сьвету 2014 году, калі беларускія ўлады ня вызваляць усіх палітзьняволеных.

Як паведаміў генэральны мэнэджэр нацыянальных зборных Беларускай фэдэрацыі хакею Сьвятаслаў Кісялёў, афіцыйны беларускі бок пра магчымасьць падобных санкцый ніхто не папярэджваў:

«Міжнароднымі фэдэрацыямі прадугледжаны варыянт зьменаў месца правядзеньня чэмпіянатаў, і ня толькі ў хакеі. У футболе, вы ведаеце, стаяла пытаньне па Ўкраіне з Польшчай — з-за негатовасьці аб’ектаў да чэмпіянату Эўропы. Але гэта тэхнічнае невыкананьне ўмоваў. Нейкія ж палітычныя прычыны ў гэтым шэрагу не акрэсьленыя. Прынамсі, мы рыхтуемся да таго, каб праводзіць чэмпіянат сьвету-2014. Тым больш, што ў гэтай сувязі нам ніякіх нотаў ці афіцыйных дыпляматычных дакумэнтаў ні ад Міжнароднай фэдэрацыі хакею, ні ад іншых арганізацый не паступала. Таму які сэнс камэнтаваць тое, што нехта сказаў у Сэнаце ЗША ці яшчэ дзе? Права любога чалавека — выказваць сваю пазыцыю па тым ці іншым пытаньні, але сілу гэта набывае толькі на падставе афіцыйных дакумэнтаў. У нас іх няма».

Сёлета ў студзені пра неабходнасьць пераносу ўсясьветнага першынства па хакеі ў іншае месца гаварылі дэпутаты Эўрапарлямэнту. У пункце 16-м праекту рэзалюцыі па Беларусі было пазначана: такія спартовыя мерапрыемствы, як чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе, ня могуць праводзіцца ў краіне, дзе ёсьць палітвязьні. Праўда, міністры замежных спраў Эўразьвязу на сваім паседжаньні прапанову не ўхвалілі.

Павал Знавец
Тым часам беларуская каляспартовая грамадзкасьць перакананая: ціск на ўлады Беларусі праз спорт меў бы, можа, нават большы эфэкт, чым абмежаваньні палітычнага ці эканамічнага кшталту. Як лічыць дэмакратычны палітык і спартовы заўзятар Павал Знавец, ужо аднымі размовамі пра пагрозу забраць у Беларусі права на хакейны чэмпіянат будзе нанесены магутны ўдар па іміджы Аляксандра Лукашэнкі — № 1 у прэзыдэнцкай хакейнай камандзе:

«Трэба ціснуць з усіх бакоў — і эканамічнымі санкцыямі, і спартовымі, і якімі толькі магчыма. Адназначна неабходна адмяняць хакейны чэмпіянат сьвету і ўдзел спартоўцаў у такога кшталту мерапрыемствах — спартоўцы ж першыя падтрымліваюць Лукашэнку! Так, я ўхваляю захады Лукашэнкі ў тым, што ён, прыкладам, пабудаваў веладарожкі. Вядома, ня ён асабіста, бо ён жа нічога не будуе, але на ягоны загад. Што ёсьць каткі, інфраструктура — гэта ўсё добра. Пра лядовыя палацы можна спрачацца, але гэта лепш, чым раскрадаць грошы і пасьля пераводзіць іх на рахункі замежных банкаў, хаваць мільярды ў афшорах. Хай лепш такім чынам нам застануцца. Аднак калі рэжым не разумее элемэнтарнага, на яго трэба ціснуць праз самыя балючыя кропкі. У дадзеным выпадку — праз спорт».

Ахвотных правесьці ўсясьветнае першынства — чарга. Прыкладам, Украіна некалькі разоў прэтэндавала на месца правядзеньня ўсясьветнага хакейнага форуму, заяўлены намер змагацца за права прыняць юбілейны 80-ы чэмпіянат у 2016 годзе. Сёлета Ўкраіна стала гаспадыняй чэмпіянату сьвету ў слабейшым дывізіёне «Б». У Фэдэрацыі хакею Ўкраіны кажуць, што атрыманы досьвед будзе добрай падставай, каб замахнуцца на большае:

«Прагназаваць нешта складана, бо, у прынцыпе, такія пытаньні ня мы вырашаем, а выключна Міжнародная фэдэрацыя хакею. Але сёлета Ўкраіна праводзіць два міжнародныя чэмпіянаты. Адзін зь іх — юніёрскі чэмпіянат у Данецку. Ён адбудзецца ўжо ў гэтым месяцы, у сакавіку. А ў красавіку ў Кіеве будуць гуляць нацыянальныя зборныя першага дывізіёну».

Уладзімер Даўжэнка
Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка ня надта верыць у тое, што можна дамагчыся пераносу ўсясьветнага першынства зь Беларусі. Аднак кажа, што сам гэты факт павінен стаць ганьбай для беларускіх уладаў — дагэтуль нічога падобнага ва ўсясьветнай практыцы не было:

«Вядома, няма стопрацэнтнай упэўненасьці ў тым, што гэтыя санкцыі — чыста спартовыя — пройдуць. Але ўпершыню ў гісторыі прапанаваныя такія радыкальныя захады, бо раней падставай да пераносу была ці то вайна, ці апартэід, ці яшчэ нешта надзвычайнае. Натуральна, улады будуць пры кожным зручным выпадку казаць, што спорт — па-за палітыкай, але ўвогуле трэба як можна шырэй санкцыі ўводзіць. І па бізнэсе, і па „Эўрабачаньні“, і па іншых мерапрыемствах. Таму што іншым чынам ніяк не даходзіць. Вядома, шкада спартоўцаў, але што рабіць, калі, як кажуць, у вочы плюй, а кажуць, што дождж ідзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG