Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Байкот спартовых мерапрыемстваў – балючы іміджавы захад”


Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

Эўрадэпутаты заклікалі Эўразьвяз прыпыніць выдачу віз беларускім чыноўнікам, адказным за парушэньні падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Дэпутаты запатрабавалі выпусьціць палітвязьняў і заклікалі ЭЗ перагледзець адносіны зь Беларусьсю. Тон быў надзвычай жорсткім. Ці паўплывае ён на беларускае кіраўніцтва? На пытаньні адказвае палітоляг, экспэрт Беларускага Інстытуту стратэгічных даследаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Радкевіч: Візавыя санкцыі ў дачыненьні да чыноўнікаў ужо былі ў 2006, і плёну яны не прынесьлі. Адкуль у Эўропы ўпэўненасьць, што яны могуць прынесьці яго цяпер?

Мельянцоў: У мяне застаецца пытаньне, ці сапраўды яны не прынесьлі нейкі вынік, бо цяжка меркаваць, што дакладна паўплывала на тое, што ў 2008 годзе беларускае кіраўніцтва пайшло на пацяпленьне адносінаў і вызваліла Казуліна. Чаму зараз візавыя санкцыі зноў паўстаюць як опцыя? Эўразьвяз ня можа ўвогуле ніяк не адказваць. Былі вельмі высокія чаканьні з боку ЭЗ да гэтых выбараў, і тут раптам такая неспадзяванка. Натуральна, што эканамічныя санкцыі пакуль не абмяркоўваюцца, таму адзінай опцыяй застаецца прыпыненьне кантактаў і візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў.

Радкевіч: Ці можа Лукашэнка адказаць на санкцыі ня выпускам вязьняў, а наадварот – яшчэ больш жорсткімі рэпрэсіямі? Якія рычагі ў такім выпадку застануцца ў Эўропы?

Мельянцоў: Я ня думаю, што такое адбудзецца, таму што беларускія ўлады таксама зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Эўрапейскім Зьвязам, пра што неаднаразова было заяўлена. Беларусь зацікаўленая ў тым, каб балянсаваць уплыў Расеі праз хаця б нейкія стасункі з ЭЗ, таму беларускі ўрад зараз, хутчэй, чакае магчымасьцяў крыху загладзіць тую сытуацыю, якая ёсьць у беларуска-эўрапейскіх адносінах, і я ня думаю, што ён будзе ісьці на такую эскаляцыю з-за адных візавых санкцыяў. Натуральна, што вельмі шкоднымі для рэжыму былі б эканамічныя санкцыі – тады рэакцыя магла б быць такой непрапарцыйнай. Візавыя ж санкцыі – гэта тое, што ўжо Менску знаёмае і тое, што не выклікае настолькі балючую рэакцыю, каб адказваць на гэтыя захады яшчэ большымі рэпрэсіямі.

Радкевіч: Сярод прапановаў гучалі і новыя: так старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк прапанаваў выключыць Беларусь зь міжнародных спартовых мерапрыемстваў — такіх, як Алімпіяда і Кубак сьвету. Як можа такая забарона паўплываць на кіраўніка Беларусі, для якога спорт – адзін з прыярытэтаў? Тым больш, што Беларусь будзе прымаць у 2014 годзе Чэмпіянат сьвету па хакеі.

Мельянцоў: Гэта новая цікавая опцыя, нешта новае, што ўзьнікла пасьля мазгавога штурму ў Эўрапарлямэнце. Паколькі эканамічныя санкцыі не абмяркоўваюцца, то важна было прыдумаць такія іміджавыя захады, якія былі б балючымі не для эканомікі, не для беларускага грамадзтва, а менавіта для кіраўніцтва, якія ўплывалі б на імідж рэжыму, і такая забарона на ўдзел у спартовых мерапрыемствах ці байкот спартовых мерапрыемстваў у Беларусі якраз магла б быць вельмі раздражняльнай для беларускіх уладаў.

Радкевіч: Ці думаеце вы, што пытаньне пра эканамічныя санкцыі так і ня будзе ўздымацца?

Мельянцоў: Я думаю, што ЭЗ нават пасьля шоку 19 сьнежня не пачаў разважаць пра эканамічныя санкцыі, таму што гэта самая апошняя магчымасьць, якая можа паўстаць як рэакцыя ЭЗ на дзеяньні беларускага рэжыму. І тыя выступоўцы, якія прамаўлялі ў часе абмеркаваньня ў Эўрапарлямэнце, стараліся пазьбягаць пытаньня менавіта эканамічных санкцыяў, таму што ёсьць разуменьне, што гэтыя санкцыі могуць паўплываць ня столькі на кіраўніцтва Беларусі, колькі на просты народ, і яшчэ больш ускладніць эканамічную сытуацыю. Гэта пазыцыя і беларускай грамадзянскай супольнасьці, якая была даведзеная да эўрапейскіх палітыкаў, і шматлікіх беларускіх экспэртаў: не закранаць пытаньне эканамічных санкцыяў, а ўжыць толькі іміджавыя санкцыі, якія б падзейнічалі толькі на чыноўніцтва і прадстаўнікоў беларускага рэжыму.
  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG