Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японія: хроніка катастрофы. (АБНАЎЛЯЕЦЦА)


Відэакадры выбуху на трэцім рэактары на АЭС “Фукусіма-Даічы”
Відэакадры выбуху на трэцім рэактары на АЭС “Фукусіма-Даічы”

На атамнай электрастанцыі «Фукусіма-1» адбылася катастрофа ў выніку землятрусу магнітудай 8,8 – 8,9 каля паўночна-ўсходняга ўзьбярэжжа Японіі.

12 красавіка

Узровень небясьпекі на японскай АЭС ўзьняты да чарнбыльскага

Японскае агенцтва ў справах атамнай і вытворчай бясьпекі ўзьняло ўзровень небясьпекі аварыі на АЭС «Фукусіма-Даічы» з пятага да сёмага ўзроўню паводле міжнароднай шкалы ядзерных падзеяў. Нагодай для такога рашэньня быў вынік аналізу замераў узроўню радыяцыі.

Гэта самая высокая ацэнка за ўсю гісторыю аварый на ядзерных аб'ектах. Раней сёмы ўзровень атрымала толькі катастрофа на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

Сёньня на чацьвёртым рэактары АЭС «Фукусіма-Даічы» адбыўся пажар, які на гэты момант ужо патушаны.

Аварыя на АЭС адбылася ў выніку магутнага землятрусу 11 сакавіка. Сёньня ж на усходзе Японіі зарэгістраваны штуршок з амплітудай 6,3. Паведамленьняў пра ахвяры і разбурэньні не было.


8 красавіка

Новы землятрус у Японіі: пашкоджана яшчэ адна АЭС

На атамнай станцыі ў Анагаве ў Японіі пасьля землятрусу магнітудай 7,4 адбылася ўцечка радыёактыўнай вады. Пасьля падземных штуршкоў на некаторы час была парушаная сыстэма ахалоджваньня рэактараў. Паведамляецца, што падвышэньня ўзроўню радыяцыі па-за станцыяй не зафіксавана.

Выпрацоўка электраэнэргіі на гэтай АЭС была прыпыненая пасьля папярэдняга землятрусу 11 сакавіка, у выніку якога адбылася аварыя на АЭС «Фукусімі-Даічы».

У выніку новага землятрусу на паўночным усходзе Японіі загінулі ня менш трох чалавек, пацярпелі 140. Гэта былі самыя моцныя падземныя штуршкі пасьля землятрусу 11 сакавіка.

7 красавіка


Землятрус у Японіі

Японія: разбурэньні ад землятрусу і цунамі 11 сакавіка, 2011
На паўночным усходзе Японіі здарыўся землятрус магнітудай 7,4 балы па шкале Рыхтэра. Абвешчана папярэджаньне аб цунамі.

Паводле Геалягічнай службы ЗША, эпіцэнтр зьмяшчаўся на ўсходнім узьбярэжжы выспы Хонсю, на адлегласьці 144 кілямэтраў ад атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1", пашкоджанай у выніку папярэдняга землятрусу 11 сакавіка.

Паведамленьняў аб ахвярах ці разбурэньнях няма.

4 красавіка

Японія: у акіян выліюць радыяактыўную ваду

Фукусіма: забруджаная радыяцыяй вада перапаўняе рэзэрвуары
Такійская энэргетычная кампанія (TEPCO), якая пабудавала і эксплюатуе аварыйную АЭС "Фукусіма-1", зьбіраецца скінуць у акіян звыш 10 тысяч тон радыяактыўнай вады, што назапасілася ў рэактары – каб вызваліць месца ў рэзэрвуары для вады зь яшчэ больш высокім узроўнем радыяцыі.

Паводле прадстаўніка кампаніі, вада, якую мяркуецца скінуць у акіян, утрымлівае меншую колькасьць радыяактыўных матэрыялаў і не нясе небясьпекі здароўю людзей. Узровень радыяцыі вады, што будзе зьлітая ў акіян у аўторак, перавышае норму ў сто разоў.

1 красавіка

Наёта Кан: мы гатовыя да любога развіцьця падзеяў

Японская энэргетычная кампанія TEPCO, якая зьяўляецца апэратарам Фукусімы, выкарыстоўвае вадкі азот для ахалоджваньня ядзернага рэактара з тым, каб прадухіліць магчымы выбух. Тым часам, паводле японскага друку, урад разглядае магчымасьць частковага дзяржаўнага кіраваньня станцыяй , незадаволены дзеяньнямі TEPCO ў часе крызісу. Прэм’ер Японіі Наёта Кан сёньня прызнаўся на прэсавай канфэрэнцыі, што сытуацыю вакол Фукусімы пакуль не ўдалося цалкам стабілізаваць і што “ мы гатовыя да любога разьвіцьця падзеяў”. Прэм’ер таксама заявіў, што радыяцыя не ўяўляе пагрозы для жыхароў Японіі, калі толькі яны будуць дакладна выконваць рэкамэндацыі спэцыялістаў.

Рыхтуецца плян эканоміі

Радыяцыя па-ранейшаму пранікае ў грунтовыя воды ў выніку разбураньня японскай атамнай станцыі Фукусіма. Паводле экспэртаў Такійскай энэргетычнай кампаніі, у раёне аднаго з рэактараў назіраецца высокая прысутнасьць ёду-131, радыяактыўнага элемэнту хуткага распаду. Узровень забруджваньня грунтовых вод перавышае дапушчальны ўзровень у 10 тысяч разоў. Аднак прэсавы прадстаўнік энэргетычнай кампаніі лічыць, што крыніцы пітной вады не павінны быць забруджаныя. Пасьля аварыі на Фукусіме забруджаная радыяцыяй вада выцякала і ў акіян.

Улады тым часам рыхтуюць плян эканоміі электраэнэргіі на летні пэрыяд – да 25 працэнтаў ад дзённай пікавай нагрузкі ў параўнаньні зь мінулым годам.
Паводле японскага друку, урад разглядае магчымасьць частковага дзяржаўнага кіраваньня станцыяй , незадаволены дзеяньнямі Такійскай энэргетычнай кампаніі (TEPCO) ў часе крызісу.

31 сакавіка

Прэм’ер Японіі: “Самая сур’ёзная аварыя пасьля Чарнобылю”

Прэм'ер-міністар Японіі Наота Кан заявіў, што аварыя на АЭС “Фукусіма-Даічы” самая сур’ёзная ядзерная аварыя ў сьвеце з часоў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

Разам з тым, японскі ўрад заявіў, што не плянуе неадкладнага пашырэньня зоны эвакуацыі.

Паводле апошняй інфармацыі, радыяктыўнае забруджваньне марской вады ў зоне аварыі амаль у 5 тысяч разоў вышэй за норму.

У сераду МАГАТЭ заявіла, што ў адной з вёсак у 40 кілямэтрах ад АЭС дапушчальны ўзровень радыяцыі моцна перавышаны. Экалягічная арганізацыя Greenpeace паведаміла, што радыяцыйны фон ў паселішчы Ітатэ пагражае здароў’ю людзей.




29 сакавіка

Непадалёк ад Фукусімы адбыўся новы землятрус

Яшчэ адзін землятрус адбыўся на ўсход ад японскай прэфэктуры Фукусіма, дзе знаходзіцца аварыйная АЭС. Як паведамляе тэлеканал NHK, магнітуда штуршкоў склала 6,4.

Сарказі наведае Японію


Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі наведае на гэтым тыдні Японію з "візытам салідарнасьці ", паведаміла сёньня японскае міністэрства замежных спраў. Сарказі прыбудзе ў Токіё з Кітаю пасьля ўдзелу ў канфэрэнцыі па праблемах урэгуляваньня ўсясьветнага валютнага рынку.

У раёне “Фукусімы” знойдзены радыёактыўны плютоній

У Японіі ў раёне АЭС "Фукусіма - Даічы" сёньня ў пяці месцах знойдзеныя сьляды радыеактыўнага плютонію.


Японія: радыяцыя патрапіла ў глебу

Такійская электраэнэргетычная кампанія – апэратар японскай АЭС "Фукусіма-Даічы", пацярпелай ад землятрусу і цунамі, паведаміла аб выцеку радыёактыўнай вады з другога рэактару станцыі.


28 сакавіка

Змаганьне з распаўзаньнем радыяцыі

Аварыйныя каманды сёньня аднавілі працу на ядзернай станцыі Фукусіма і адчэрпваюць тоны радыяактыўнай вады. Іх галоўная задачы – адчэрпаць ваду, каб было можна падключыць да сыстэмы ахалоджваньня электрычнасьць. Улады не выключаюць, што радыяцыя пранікла ў глебу і марскую ваду. Паводле апошніх замераў, радыяцыя ў моры пашырылася на паўтара кілямэтры на поўнач ад станцыі, у моры непадалёк ад пятага і шостага блёку быў знойдзены радыяактыўны ёд 131 ў памеры, які больш чым у тысячу разоў перавышае норму.
Японскі ўрад сёньня назваў “абсалютна непрымальным” агалошваньне памылковых дадзеных пра ўзровень радыяцыі ў другім блёку Фукусімы. Зьвесткі пра тое, што ўзровень радыяцыі там у дзесяць мільёнаў разоў перавышае норму, шакавалі японцаў. Пазьней энэргетычная кампанія TEPCO зрабіла папраўку, што радыяцыя перавышае норму толькі у сто тысяч разоў.

Міністэрства аховы здароўя зьвярнулася да гаспадарчых суб’ектаў, каб не назапашвалі дажджавую ваду ў рэзэрвуарах і не чэрпалі ваду з рэк непасрэдна пасьля дажджу. Усе рэзэрвуары з вадой павінны быць закрытыя.



Новы землятрус


Праца па ліквідацыі наступстваў аварыі на АЭС "Фукусіма-Даічы"
На ўсходзе Японіі сёньня раніцай адбыўся новы землятрус магнітудай 6,5 балаў па шкале Рыхтэра.

Паведамленьняў аб пацярпелых і разбурэньнях не паступала.

Геалягічная служба ЗША рэкамэндуе японскім уладам абвясьціць аб пагрозе цунамі.

На гэты момант колькасьць ахвяр землятрусу і цунамі 11 сакавіка дасягнула 27 тысяч чалавек.

На АЭС "Фукусіма-Даічы", якая пацярпела ад катаклізму, у нядзелю быў зафіксаваны найвышэйшы ўзровень радыяцыі з моманту аварыі.

Праца па ліквідацыі наступстваў аварыі на АЭС "Фукусіма-Даічы"

25 сакавіка

У Японіі ўжо 10 тысяч ахвяраў


У Японіі колькасьць ахвяраў землятрусу і цунамі дасягнула 10 тысяч, паведамляе агенцтва "Кіёда".

Паводле ацэнак японскіх спэцыялістаў, аднаўленьне пацярпелых рэгіёнаў абыдзецца краіне ў суму звыш 300 мільярдаў даляраў.

Кіраўніцтва Міжнароднага валютнага фонду заявіла, што здаровае фінансавае становішча Японіі дазволіць ёй даць рады выдаткам на аднаўленьне. У той жа час прадстаўнік МВФ сказаў, што працэс аднаўленьня ўскладняецца недахопам электраэнэргіі, выкліканай аварыяй на АЭС "Фукусіма".

Заклапочанасьць МВФ выклікаюць і магчымыя перабоі ў пастаўках прадукцыі японскіх вытворцаў, якія могуць паўплываць на сыстэму забесьпячэньня ў самых розных галінах сусьветнай прамысловасьці.

24 сакавіка

Тры супрацоўнікі АЭС “Фукусіма” атрымалі апраменьваньне

Размова ідзе пра трох спэцыялістаў пацярпелай у выніку землятрусу АЭС "Фукусіма-Даічы", якія працавалі над аднаўленьнем энэргазабесьпячэньня на трэцім рэактары. Паводле японскага агенцтва па атамнай бясьпецы, у дваіх з пацярпелых былі выяўленыя паразы скуры, яны шпіталізаваныя.

Сёньня раніцай былі адноўленыя працы па ахалоджваньні рэактараў на АЭС, якія былі прыпыненыя учора з-за воблака дыму над трэцім рэактарам.

Па афіцыйных дадзеных, у выніку землятрусу і цунамі ў Японіі загінулі 9 тысяч 700 чалавек, 16,5 тысяч лічацца зьнілымі.

Адноўленыя работы на АЭС "Фукусіма-1"

На японскай АЭС "Фукусіма-1" аднавіліся работы па аднаўленьні электразабесьпячэньня і астуджэньню перагрэтых рэактараў.

Работы былі спыненыя пасьля таго, як над адным рэактарам зьявіўся слуп чорнага дыму.

Учора стала вядома аб павышанай канцэнтрацыі радыеактыўных ізатопаў ёду ў вадаправоднай вадзе Токіё. У заяве ўладаў гаворыцца, што вада можа быць небясьпечнай для дзяцей. Улады Японіі распарадзіліся аб часовай забароне паставак прадуктаў харчаваньня з раёнаў, прылеглых да атамнай станцыі.


23 сакавіка

У Японіі шырыцца трывога з прычыны заражаных радыяцыяй прадуктаў

Чорны дым над будынкам рэактару №3
Японскія ўлады выступілі сёньня з папярэджаньнем, што ўзровень радыёактыўнага ёду ў гарадзкой сыстэме водазабесьпячэньня ў Токіё ўдвая перавышае бясьпечны паказьнік для маленькіх дзяцей. Тым часам сёньня зноў выклікалі трывогу новыя клубы дыму над АЭС “Фукусіма Дайіці”.

Чорны дым быў заўважаны над будынкам рэактару №3, што прымусіла зноў эвакуаваць працаўнікоў, якія спрабавалі аднавіць падачу электрычнасьці да ахаладжальных сыстэмаў, каб пазьбегнуць больш сур’ёзнай аварыі.

Тым часам пашыраецца трывога з прычыны заражаных радыяцыяй прадуктаў, вады і малака з раёнаў каля пашкоджанай АЭС за 240 кілямэтраў на поўнач ад Токіё.

На рэактары №3 у Фукусіме адноўленае асьвятленьне


Пункт кіраваньня рэактару №3 на АЭС "Фукусіма Дайіці"
У адным з найбольш пашкоджаных рэактараў на японскай АЭС “Фукусіма Дайіці” адноўленае асьвятленьне ў пункце кіраваньня станцыяй. Сьвятло вярнулася празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як упершыню былі падлучаныя кабэлі да ўсіх шасьці рэактараў. Кіраўніцтва станцыяй спадзяецца, што цяпер паскорыцца праца над аднаўленьнем ахаладжальных сыстэмаў, неабходных для стабілізацыі рэактара.

Прадстаўнікі МАГАТЭ паведамляюць, што з пашкоджанай землятрусам АЭС усё яшчэ працякае радыяцыя, аднак спэцыялісты ня ведаюць дакладна крыніцу працёку.

З-за небясьпекі радыяцыі японскі прэм’ер Наота Кан заклікаў насельніцтва ўстрымацца ад ужываньня гародніны, гадаванай у прэфэктуры Фукусіма. З Токіё паведамляецца, што ўзровень радыяцыі небясьпечны для маленькіх дзяцей быў выяўлены на станцыі фільтрацыі гарадзкой пітной вады, улады раяць не даваць ваду з вадаправоду немаўлятам.

Тым часам колькасьць людзей, якія загінулі або прапалі бязь вестак у Японіі, сёньня, праз 12 дзён пасьля моцнага землятрусу і цунамі, дасягнула 24 тысяч.


22 сакавіка

Японія спрабуе прадухіліць ядзерную катастрофу

Інжынэры падлучылі электракабэлі да шасьці рэактараў пашкоджанай ядзернай станцыі Фукусіма. Але такійская электрычная кампанія папярэджвае, што неабходна правесьці яшчэ шэраг апэрацый перад тым, каб пусьціць ток у сыстэму ахалоджваньня для бясьпечнага аднаўленьня яе працы. Сёньня раніцай дым і пара былі заўважаныя прынамсі над адным з пашкоджаных рэактараў Фукусімы. Радыяцыйны ўзровень вакол станцыі дасягае небясьпечных паказьнікаў і супрацоўнікі станцыі вымушаныя былі яе пакінуць у панядзелак.

Паводле ўладаў Японіі, у выніку землятрусу і цунамі у краіне загінулі 8900 чалавек і больш як 12 тысяч пакуль ня знойдзеныя.

На АЭС "Фукусіма" аднавілася праца па астуджэньню рэактараў

На аварыйнай АЭС "Фукусіма-1" у Японіі аднавілася праца па падачы электрычнасьці і астуджэньню рэактараў.

Работы былі спыненыя ўчора пасьля таго як над двума рэактарамі зьявіліся клубы дыму і пары.

У раёне АЭС Фукусіма ў марской вадзе адзначаны павышаны ўзровень радыеактыўных рэчываў. Узровень радыеактыўнага ёду перавышае норму ў 127 разоў, цэзію – у 25 разоў.

Кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі Юкія Амана ўчора заявіў, што сытуацыя на АЭС "Фукусіма" застаецца вельмі складанай, але ў яго няма сумневаў у тым, што крызіс будзе пераадолены.

21 сакавіка

Кітай і Паўднёвая Карэя больш жорстка кантралююць японскія прадукты

Усясьветная арганізацыя аховы здароў’я лічыць сур’ёзнай праблемай падвышаны ўзровень радыяцыі ў некаторых японскіх прадуктах харчаваньня – у выніку аварыі на АЭС “Фукусіма-Даічы”.

Кітай і Паўднёвая Карэя сёньня абвясьцілі пра ўвядзеньне больш жорсткага кантролю экспартуемых японскіх прадуктаў.

Тым часам, на АЭС працягваюцца працы па аднаўленьню сыстэмы ахалоджваньня рэактараў. Паведамляецца, што шэсьць блёкаў ужо падключаныя да сыстэмы падачы электраэнэргіі, якая сапсавалася ў выніку землятрусу 11 сакавіка. Аднак сыстэма ахалоджваньня пакуль не запрацавала.

Сёньня супрацоўнікі станцыі былі эвакуяваныя пасьля таго, як над трэцім рэактарам узьняўся слуп дыму. Паведамленьняў аб падвышэньні радыяцыйнага фону не было.


Над трэцім рэактарам японскай АЭС – шэрае воблака


З тэрыторыі японскай АЭС “Фукусіма-Даічы” эвакуяваныя супрацоўнікі -- пасьля таго, як над трэцім рэактарам утварылася шэрае паветра. Прычына яго з’яўленьня пакуль невядомая.

Тым часам, падача электраэнэргіі да трох рэактараў АЭС адноўленая, але сыстэма ахалоджваньня рэактараў пакуль не функцыянуе.

Экспэрты Ўсясьветнага банку лічаць, што ліквідацыя наступстваў землятрусу і цунамі возьме пяць гадоў і будзе каштаваць каля 235 мільярдаў даляраў.


20 сакавіка

Японец плача каля свайго разбуранага дома, дзе дагэтуль знаходзіцца цела яго маці
У Японіі афіцыйная колькасьць ахвяраў перавысіла 8130


У Японіі колькасьць ахвяраў землятрусу і цунамі 11 сакавіка – па апошніх афіцыйных дадзеных – перавысіла 8130, больш за 12 тысяч чалавек лічацца зьніклымі бяз вестак.

Раней паведамлялася, што загінулых можа апынуцца значна больш. Паводле інфармацыі японскага агенцтва "Кіода", толькі ў прэфэктуры Міягі, паводле ацэнак мясцовай паліцыі, загінулі, верагодна, больш за 15 тысяч чалавек.

Амаль 363 тыс. японцаў, вывезеных з зон бедзтва, застаюцца ў эвакуацыйных цэнтрах.

Пошукава-выратавальныя работы працягваюцца.

19 сакавіка


На “Фукусіме” часткова аднавілі электразабесьпячэньне

У Японіі на пашкоджанай у выніку землятрусу атамнай электрастанцыі “Фукусіма-Даічы” часткова аднавілі электразабесьпячэньне. Мяркуецца, што ў нядзелю пачнецца падача электрыкі, неабходнай для аднаўленьня работы сыстэмы ахалоджваньня рэактараў.

Урад тым часам забараніў продаж вырабляных у прэфэктуры Фукусіма прадуктаў харчаваньня – у сувязі з выяўленьнем у іх радыяактыўных рэчываў. Паводле афіцыйных зьвестак, сьляды радыяактыўнага заражэньня былі выяўленыя ў сыстэме водазабесьпячэньня Токіё і яшчэ пяці прэфэктураў.

Паводле японскай паліцыі, колькасьць загінулых у выніку землятрусу і цунамі 11 сакавіка перавысіла 7300 чалавек. Амаль 11 тысяч людзей лічацца зьніклымі

У такійскай вадзе – сьляды радыяцыі

Улады Японіі паведамляюць аб выяўленьні сьлядоў радыяактыўнага ёду ў водаправоднай вадзе Токіё і пяці іншых прэфэктур краіны, паведамляе агенцтва "Асашыэйтэд прэс".

Мяркуюць, што радыяактыўны ёд трапіў у ваду праз аварыю на ядзернай АЭС "Фукусіма". Паведамляецца, што выяўленая канцэнтрацыя радыяактыўных рэчываў не пагражае здароўю чалавека.

На самой атамнай электрастанцыі працягваюцца работы для ахаладжэньня трэцяга рэактара. Найбліжэйшым часам мяркуецца аднавіць сыстэму падачы электраэнэргіі на чатыры з шасьці энэргаблёкаў.

Паводле японскай паліцыі, колькасьць загінулых у выніку землятрусу і цунамі 11 сакавіка перавысіла 7300 чал

Паўторныя падземныя штуршкі

Два землятрусы магнітудай 5,4 і 5,9 здарыліся ля ўсходняга ўзьбярэжжа Японіі, паведамляе геалягічная служба ЗША. Папярэджаньня аб пагрозе цунамі няма.

Раней у раёне японскай АЭС "Фукусіма-Даічы" было адзначана радыяактыўнае забруджаньне некаторых відаў прадуктаў харчаваньня, напрыклад, малака і гародніны, паведамілі прадстаўнікі ўладаў краіны.


18 сакавіка

Японскія атамныя экспэрты падвысілі ўзровень небясьпекі

Японскае агенцтва па ядзернай бясьпецы павысіла ацэнку ўзроўню небясьпекі з 4-х да 5-ці балаў паводле сямібальнай шкалы. Цяпер аварыю на атамнай электрастанцыі "Фукусіма" варта лічыць самай сур'ёзнай пасля Чарнобыльскай катастрофы ў 1986 годзе.

На АЭС, якая пацярпела ад магутнага землятрусу 11 сакавіка, працягваюцца спробы астудзіць перагрэтыя рэактары.

Паводле апошніх афіцыйных дадзеных, агульная колькасць загінулых і зьніклых - 16 600. Пацьверджаная гібель 6 500 чалавек.

17 сакавіка

The Daily Telegraph: сытуацыя на АЭС робіцца “некантралюемай”

На АЭС у Японіі працягваюцца працы па ахалоджваньні трэцяга рэактару. Аднак прасьля заліўкі рэактару вадой ўзровень радыяцыі ўзьняўся. Улады паведамілі, што ахалоджваньне рэактару праводзіцца ў рэжыме вайсковай апэрацыі. Супрацоўнікі станцыі спрабуюць аднавіць падачу электраэнэргіі, неабходнай для запуску стацыянарнай сыстэмы ахалоджваньня рэактару.

Як піша The Daily Telegraph, амэрыканскія навукоўцы даюць горшы прагноз разьвіцьця сытуацыі, чым іх японскія калегі. Некаторыя лічаць, што сытуацыя робіцца “некантралюемай”.

Паводле апошніх дадзеных, зафіксаваны дым і з рэактару нумар два.


Мэркель: аварыя на АЭС “мае апакаліптычныя маштабы”

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла ў Бундэстагу, што аварыя на АЭС у Японіі мае “апакаліптычныя маштабы”, і што наступствы гэтай катастрофы – “непрадказальныя”.

Мэркель выказала спадзяваньне, што наступствы прыродных катаклізмаў у Японіі не паўплываюць істотным чынам на усясьветную эканоміку.

Днямі Нямеччына прыпыніла дзейнасьць сямі АЭС, пабудаваных да 1980 г, для праверкі магчымасьці іх выкарыстаньня ў будучыні.


Абама пацьвердзіў гатоўнасьць ЗША дапамагчы Японіі


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў тэлефоннай размове з прэм’ер-міністрам Японіі Наота Канам ізноў падкрэсьліў, што ЗША гатовыя прадставіць усю магчымую дапамогу для ліквідацыі наступстваў стыхійнага бедзтва і аварыі на АЭС.

Цяпер працягваюцца спробы спыніць перагрэў рэактараў на атамнай электрастанцыі «Фукусіма-Даічы».


16 сакавіка


МАГАТЭ: сытуацыя ў Японіі "вельмі сур'ёзная"

Кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргетыцы назваў "вельмі сур'ёзным" становішча на японскай АЭС, пашкоджанай пры землятрусе 11 сакавіка.

Юкіё Амана паведаміў, што ў чацьвер накіруецца зь Вены, дзе знаходзіцца штаб-кватэра МАГАТЭ, у Токіё.

У сераду ў пачатку дня аварыйныя работы на АЭС "Фукусіма-Даічы" былі прыпыненыя з-за павышанага ўзроўню радыяцыі.

Верны таварыш

Відэасюжэт пра японскага сабаку, які ня хоча пакідаць свайго параненага ў выніку катастрофы таварыша, выклікаў вялікую цікаўнасьць у Інтэрнэце. Гэтых сабакаў адвезьлі ў прытулак для жывёлаў.



Імпэратар Японіі выступіў з тэлезваротам да народу

Імпэратар Японіі Акіхіта выступіў сёньня з тэлезваротам да народу сваёй краіны. Манарх назваў сытуацыю на АЭС Фукусіма непрадказальнай, а апошні землятрус - беспрэцэдэнтным па маштабах.

Імпэратар Японіі вельмі рэдка з'яўляецца на публіцы. Гэта быў першы яго каментар у сувязі з тым бедзтвам, якое напаткала Японію.


Cупрацоўнікі Фукусімы прыступілі да працы

Супрацоўнікі японскай АЭС Фукусіма, дзе пасьля моцнага землятрусу і цунамі паўстала аварыйная сытуацыя ды назіраўся кароткачасовы скок узроўню радыяцыі, вярнуліся пасьля эвакуацыі на працоўныя месцы.

Сёньня на чацьвёртым энэргаблёку АЭС зноў адбыўся пажар. Над трэцім энэргаблокам назіралася воблака белага пару.

Улады Японіі заявілі, што могуць зьвярнуцца да амерыканскіх вайскоўцаў з просьбай дапамагчы ў астуджэньні рэактараў на Фукусіме.

Усе супрацоўнікі АЭС "Фукусіма" эвакуаваныя

Усе супрацоўнікі японскай АЭС “Фукусіма-Даічы”, якая пацярпела ў выніку землятрусу і цунамі, у сераду былі эвакуаваныя ў зьвязку з небясьпечным павышэньнем радыяцыйнага фону. Гэта было зроблена пасьля таго, як новы пажар узьнік сёньня раніцай на чацьвёртым энэргаблёку. Пажарныя здолелі патушыць агонь, прычына ўзьнікненьня якога пакуль не называецца. Тым часам паведамляецца пра слуп дыму, які падымаецца над АЭС, меркавана, на трэцім рэактары.

У аўторак на станцыі гарэла сховішча адпрацаванага ядзернага паліва, пасьля чаго ўлады паведамілі пра перавышэньне дапушчальнага ўзроўню радыяцыі. Японскі прэм’ер-міністар Наота Кан папярэдзіў насельніцтва, якое пражывае у трыццацікілямэтровай зоне ад АЭС (гэта 140 тысяч чалавек) не выходзіць на вуліцу.

Афіцыйная колькасьць ахвяраў стыхіі ў Японіі ўжо перавысіла тры тысячы, яшчэ тысячы лічацца зьніклымі бязь зьвестак.


15 сакавіка

Кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Юкія Амана заявіў пра верагоднасьць пашкоджаньня аднаго з рэактараў на японскай АЭС “Фукусіма-Даічы”, якое мае “абмежаваны характар”.

Амана ўдакладніў, што гаворка ідзе пра другі рэактар электрастанцыі.

Па словах кіраўніка МАГАТЭ, сытуацыя на японскай АЭС выклікае занепакоенасьць, але яе нельга параўнаць з сытуацыяй, якая склалася пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.


Змаганьне з атамнай небясьпекай

Як перадае BBC са спасылкай на ўрад Японіі, выкіды радыяцыі з атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1", якая пацярпела з-за землятрусу 11 сакавіка, дасягнулі ўзроўню, небясьпечнага для здароўя людзей.

Далей чытаць ТУТ.

ААН: вецер расьсеяў радыяцыю


Мэдыкі правяраюць жыхароў небясьпечнай зоны на ўзровень радыяцыі
Ветры расьсеялі радыяактыўныя рэчывы, і небясьпекі для Японіі і суседніх краінаў няма. З такой заявай выступіў сёньня на брыфінгу ў Жэневе прадстаўнік Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі Мар'ям Галнарафі.

Тым часам колькасьць афіцыйна пацьверджаных ахвяр падчас землятрусу і цунамі ў Японіі склала 3 375 чалавек, паведамляе тамтэйшая паліцыя.

Мяркуецца, аднак, што з улікам зьніклых і параненых колькасьць ахвяр можа перавысіць 10 тысяч чалавек.

FT: Рызыка новага Чарнобылю ў Японіі – нізкая

Сёньняшняе выданьне Financial Times цытуе меркаваньні навукоўцаў, якія лічаць, што рызыка паўтарэньня на пашкоджанай нядаўнім землятрусам японскай атамнай электрастанцыі Фукусіма радыяцыйнай катастрофы, якая здарылася на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе – вельмі малая.

Далей чытаць ТУТ.


АЭС Фукусіма: разладзіліся новыя два рэактары


Японскія вайскоўцы эвакуююць жыхароў забруджанай зоны ў прэфэктуры Фукусіма
Улады Японіі паведамілі аб зьніжэньні ўзроўню радыяцыі ў раёне АЭС "Фукусіма-Даічы", якая пацярпела ад катастрафічнага землятрусу 11 сакавіка.

Прадстаўнік японскага ўраду Юкіё Эдана заявіў, што выцек паліва з чацьвёртага рэактара, на якім сёньня раніцай здарыўся выбух, на гэты момант спынены.

Ён, аднак, дадаў, што перасталі дзейнічаць сыстэмы ахалоджваньня пятага і шостага рэактараў.

На станцыі застаюцца 50 супрацоўнікаў. Для ахалоджваньня першага, другога і трэцяга рэактараў яны выкарыстоўваюць марскую ваду.

Эфэктыўнасьць гэтага пакуль няясная.

Радыёактыўныя матэрыялы выходзяць у атмасфэру

Японія: АЭС Фукусіма-Даічы пасьля чарговага выбуху на рэактары ў панядзелак
Японія паінфармавала Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргетыцы (МАГАТЭ) аб пажары ў сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва на адным з рэактараў АЭС "Фукусіма-Даічы". Паведамляецца, што радыёактыўныя матэрыялы пачалі патрапляць непасрэдна ў атмасфэру.

Сыходзячы з гэтай інфармацыі, МАГАТЭ паведамляе, што ўзровень радыяцыі на "Фукусіме" зьяўляецца цяпер небясьпечным для здароўя людзей.

На АЭС застаюцца 50 супрацоўнікаў, якія спрабуюць заліць ваду ў сыстэмы ахалоджваньня рэактараў, якія перасталі працаваць у выніку катастрафічнага землятрусу і цунамі 11 сакавіка.

14 сакавіка


У Сэндайскім сквэры Менску запалілі зьнічы

14 сакавіка ў сквэры, які названы ў гонар горада-пабраціма Менску Сэндая адбылася акцыя салідарнасьці з ахвярамі землятрусу і цунамі ў Японіі. А 19-й гадзіне некалькі дзясяткаў маладых людзей прынесьлі кветкі, запалілі зьнічы і сьвечкі каля фантану ў Сэндайскім сквэры, які знаходзіцца ля Тэатра музычнай камэдыі. Таксама яны прымацавалі да дрэваў папяровых жаўрукоў, павязалі стужкі «Малітва за Японію» на дрэве.

Фізык пра АЭС у Фукусіме: Каб толькі вытрымала абалонка рэактараў

Брытанскі ядзерны фізык Фрэнк Барнабі сказаў нашаму радыё, што на японскай атамнай электрастанцыі Фукусіма ўвесь час існуе пагроза разрыву ахоўнай абалонкі рэактараў, ахаладжальныя сыстэмы якіх былі выведзеныя зь дзеяньня ўдарам цунамі на мінулым тыдні.

На пытаньне, чаго чакаць людзям у ваколіцы пашкоджанай АЭС у прэфэктуры Фукусіма на японскім востраве Хансю, Барнабі адказаў наступным чынам:

"Гэта цалкам залежыць ад таго, ці вытрымае ахоўная абалонка рэактара, і ці ня будзе больш выкіду радыяцыі. Тая радыяцыя, якая зьявілася да гэтай пары – у асноўным цэзій-137 і ёд – была наўмысна выпушчаная, каб паменшыць ціск у рэактары, значыць, гэта быў мэтанакіраваны і кантраляваны выкід. Цяпер мы баімся, што можа дайсьці да выбуху, які разарве абалонку рэактара і выпусьціць вялікую колькасьці высокарадыёактыўных ізатопаў.

Гэта была б катастрофа, падобная да Чарнобыльскай. Калі прыгадаць, што авечкі ў Валіі, за некалькі тысячаў кілямэтраў ад Чарнобылю, усё яшчэ правяраюцца на наяўнасьць радыяцыі праз 25 гадоў пасьля катастрофы, дык можаце сабе ўявіць маштаб цяперашняй праблемы.

Так што нам застаецца спадзявацца на лепшае для японцаў, якія жывуць па суседзтву з АЭС, што там ня здарыцца масавы выкід радыёнуклідаў, што ахоўныя абалонкі пашкоджаных рэактараў вытрымаюць і ня выпусьцяць радыяцыю ў навакольле".

На двух з трох пашкоджаных рэактараў атамнай электрастанцыі Фукусіма-1 дайшло да выбухаў, якія часткова пашкодзілі жалезабэтонныя канструкцыі вакол рэактараў. Паводле адмыслоўцаў, былі гэта так званыя "вадародныя выбухі", у выніку якіх наступіла ўцечка радыяцыі ў навакольле. Японскія ўлады абвясьцілі эвакуацыю з 20-кілямэтровай зоны вакол АЭС.

Японскія адмыслоўцы астудзілі два рэактары на АЭС


Японскія адмыслоўцы астудзілі два рэактары на АЭС “Фукусіма-2” і працягваюць працы на АЭС “Фукусіма-1”, на якой раней адбыліся два выбуху.

Тым часам, паведамляецца пра аднаўленьне штуршкоў у раёне Нагана і Ніігата, і сэйсмолягі не выключаюць магчымасьці іх паўтору ў іншых рэгіёнах.


Выбухнуў яшчэ адзін рэактар на японскай АЭС


На атамнай электрастанцыі “Фукусіма-Даічы” спыніла працу сыстэма ахалоджваньня ўжо трэцяга рэактара, пад нумарам 2, пасьля чаго адбыўся выбух вадароду. Раней аналягічнае адбылося на рэактарах пад нумарам 1 і 3.
Пацярпелі адзінаццаць чалавек, аднак, па зьвестках МАГАТЭ, корпус другога рэактару не пашкоджаны.



Раней паведамлялася, што ў прэфэктуры Міягі былі знойдзены целы амаль двух тысяч чалавек, якія загінулі ў выніку землятрусу 11 сакавіка і выкліканага ім цунамі.


Японія: знайшлі целы каля 2 тысяч загінулых

У японскай прэфэктуры Міягі знойдзеныя целы амаль дзьвюх тысяч загінулых 11 сакавіка ў выніку землятрусу і цунамі. Улады заяўляюць, што агульная колькасьць ахвяраў можа дасягнуць 10 тысяч.

На поўначы і ўсходзе краіны -- вялікія разбурэньні.

Японія: яшчэ адзін выбух на АЭС

Яшчэ адзін выбух адбыўся сёньня на атамнай электрастанцыі «Фукусіма-1», гэтым разам на трэцім энэргаблёку. Параненыя 11 чалавек. Прадстаўнік японскага ўраду заявіў, што кантэйнэр зь ядзернымі рэчывамі ацалеў і пагрозы павышэньня радыяцыі няма. Афіцыйна таксама паведамляецца, што пашкоджаныя тры рэактары на атамных электрастанцыях на поўнач ад Токіо. Там вядуцца працы, каб не дапусьціць іх перагрэву і магчымага выбуху. Для ахалоджваньня рэактары абліваюць вадой з мора.

Радыяцыйнае апраменьваньне атрымалі 22 чалавекі і яшчэ каля 190 чалавек могуць яго мець. Каля 80 тысяч чалавек эвакуаваныя з 20-кілямэтровай зоны вакол АЭС Фукусіма.

13 сакавіка


1350 загінулых


Японія перажывае найбольш цяжкі крызіс з часоў Другой сусьветнай вайны. З такой заявай выступіў у сёньняшнім тэлезвароце прэм'ер-міністар краіны Наота Кан, камэнтуючы разбуральны землятрус, цунамі і праблемы на ядзерных аб'ектах краіны.

На гэты момант пацьверджана гібель больш за 1350 чалавек, паведамляе японскі тэлеканал NHK. Колькасьць зьніклых бязь зьвестак, аднак, налічвае дзясяткі тысяч чалавек. Улады выказваюць асьцярогі, што многія з гэтых людзей маглі загінуць.


Сытуацыя на японскіх АЭС застаецца цяжкой

Прэм'ер-міністар Японіі Наота Кан
У Японіі сытуацыя на пацярпелых ад землятрусу атамных электрастанцыях застаецца цяжкой. Пра гэта заявіў сёньня ў тэлевізійным выступе прэм'ер-міністар краіны Наота Кан.

Паводле яго слоў, у краіне яшчэ як мінімум некалькі дзён будуць назірацца перабоі з падачай электраэнэргіі.

Сёньня паліцыя прэфэктуры Міягі на ўсходзе краіны заявіла, што колькасьць ахвяр землятрусу і выкліканага ім цунамі толькі ў гэтай прэфэктуры можа перавысіць 10 тысяч. Па афіцыйных дадзеных, агульная колькасьць ахвяр дасягнула тысячы.

Пагроза выбуху на АЭС Фукусіма-3

Пашкоджаны дах рэактара нумар 1 (зьлева)
У Японіі каля 200 тысяч чалавек эвакуяваныя з раёну аварыі на атамнай электрастанцыі Фукусіма , пашкоджанай пры землятрусе ў пятніцу.

Генэральны сакратар ўраду Японіі Юкіё Эдана заявіў сёньня, што ня выключана магчымасьць выбуху на рэактары 3 гэтай АЭС. Спэцыялісты працуюць над зьніжэньнем ціску ў абалонцы рэактара і плянуюць пачаць яго астуджэньне вадой .

Учора на станцыі Фукусіма-1 адбыўся выбух, адно з памяшканьняў было разбурана. Абалонка рэактара не пацярпела. Узровень радыяцыі ў навакольлях АЭС вышэйшы за норму.




12 сакавіка

Радыяцыйны фон павышаны


Японія ў суботу паінфармавала Міжнароднае агенцтва ў атамнай энэргіі (МАГАТЭ) аб тым, што ў выніку выбуху на АЭС Фукусіма-1 радыяцыйны фон у раёне аварыі перавысіў дапушчальную норму. Аварыі прысвоілі чацьвертую ступень цяжкасьці паводле дзейнай сямібальнай сыстэмы. Паводле вызначэньня МАГАТЭ, гэта – аварыі, якія «маюць лякальныя наступствы», такія, як невялікае перавышэньне ўзроўню радыяцыйнага фону.

МАГАТЭ паведамляе, што ўлады Японіі распаўсюджваюць сярод насельніцтва пацярпелых раёнаў прэпараты, якія ўтрымліваюць ёд і якія спрыяюць вываду з арганізму радыяцыі.

Жыхары населеных пунктаў паблізу АЭС былі эвакуаваныя.

Ад выбуху на АЭС рэактар не пацярпеў


Мэталічны кантэйнэр, які абараняе ядзерны рэактар, не пацярпеў у выніку выбуху на АЭС "Фукусіма-1", заявіў японскі ўрадовец Юкіё Эдано. Паводле ягоных слоў, узровень радыяцыі ў зоне АЭС не павышаецца.

Больш за тысячу загінулых


Японскія ўлады асьцерагаюцца, што больш за 1000 чалавек маглі загінуць у выніку ўчорашняга моцнага землятрусу і наступных за ім хваляў цунамі, якія зьнішчылі тысячы дамоў, аўтамабіляў і лодак на паўночна-ўсходнім узьбярэжжы

Таксама паведамляецца пра аварыю на АЭС Фукусіма, дзе сёньня адбыўся выбух. Параненыя некалькі супрацоўнікаў. Разбураны будынак электрастанцыі, аднак пакуль невядома, ці ў ім размяшчаецца рэактар.

Радыяцыйны фон у раёне АЭС у дваццаць разоў перавышае норму. Эвакуяваныя 45 тысяч жыхароў 10-кіламетровай зоны вакол электрастанцыі.

На АЭС Фукусіма-I адбылася ўцечка цэзію

Радыёактыўная ўцечка цэзію выяўлена ля аднаго з блёкаў японскай атамнай электрастанцыі Фукусіма-I, паведамляе агенцтва Кіода.

Аварыя на АЭС выкліканая моцным землятрусам, які адбыўся ўчора ў Японіі.Мяркуецца, што уцечка цэзію сьведчыць пра тое, што ў выніку сапсаваньня ахладжальнай сыстэмы ў рэактары расплавіліся паліва.

Паведамляецца, што радыяцыйны фон у раёне Фукусима-1 у дзясяткі разоў перавышае норму.



11 сакавіка



Другі землятрус

У Японіі меней як праз суткі пасьля разбуральнага землятрусу магнітудай 8,9 адбыўся новы магутны штуршок. Паведамляецца, што эпіцэнтар знаходзіўся на паўночным захадзе краіны ў прэфэктуры Ніігата, магнітуда склала 6,6. Дадзеных пра ахвяры і разбурэньні пакуль няма.

Колькасьць ахвяраў першага землятрусу, які выклікаў цунамі, можа, паводле апошніх дадзеных, быць большай за тысячу. Пошукавыя і ратавальныя працы ў пацярпелых раёнах на паўночным усходзе Японіі працягваюцца

Пацьверджаная гібель 130 чалавек у выніку землятрусу

Колькасьць ахвяраў наймацнейшага землятрусу і цунамі ў Японіі можа быць болей за тысячу. Паводле японскага агенцтва Кіода, зьніклымі бяз зьвестак лічацца 500 чалавек чалавек, пацьверджаная гібель 130 чалавек. Акрамя таго, каля 300 целаў загінулых знойдзеныя ў горадзе Сэндая на ўзьбярэжжы Ціхага акіяну. Эпіцэнтар землятрусу магнітудай 8,9 знаходзіўся ў Ціхім акіяне, гэта 400 кілямэтраў ад Токіо.

Кіраўнікі многіх краінаў сьвету, а таксама генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказалі Японіі спачуваньні і прапановы ў дапамозе ў сувязі з разбуральным землятрусам у Японіі, які выклікаў цунамі.


Генэральны сакратар ААН выказаў спачуваньне Японіі

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў спачуваньні ў сувязі з разбуральным землятрусам у Японіі, які выклікаў цунамі. “Сьвет шаканы і засмучаны карцінамі, якія мы назіралі сёньня раніцай”, -- заявіў Пан Гі Мун, і нагадаў, што сама Японія раней шчодра дапамагала пацярпелым у выніку стыхійных бедстваў ва ўсім сьвеце.

Раніцай сёньня ААН заявіла, што гатовая дапамагчы Японіі неадкладна, як толькі спатрэбіцца.

Увесь час аднаўляюцца паведамляеньні аб ахвярах землятрусу з Японіі, дзе цяпер ноч, але каманды выратавальнікаў працягваюць працу.

ВВС са спасылкай на японскае інфармацыйнае агенцтва Кіода паведамляе, што зьніклымі без зьвестак лічыца 88 тысяч чалавек.

Паводле падлікаў агенцтва Франс прэс, колькасьць ахвяраў складае як найменей 288 чалавек. Сьмерць 88 чалавек пацьверджаная Нацыянальным паліцэйскім агенцтвам Японіі, а таксама ад 200 да 300 целаў знойдзеныя на ўзьбярэжжы Сэндая.

Паводле японскай паліцыі, зьніклымі без зьвестак лічацца 349 чалавек, 330 чалавек былі параненыя.

Пажар на АЭС спынены

У Японіі і ўначы выратавальныя каманды працягваюць працу, і паступаюць зьвесткі аб новых ахвярах зумлятрусу, наймацнейшага цягам апошніх 140 гадоў назіраньняў.

Паводле апошніх паведамленьняў, больш як 100 чалавек загінулі альбо лічацца зьніклымі.

Чыгуначны і аўтамабільны рух у многіх раёнах краіны паралізаваны.

Пажар на адной з АЭС на паўночным усходзе Японіі спынены. З небясьпечнйа зоны каля АЭС эвакуаваныя каля 3 000 чалавек.


90 ахвяраў, сотні целаў загіблых на ўзьбярэжжы Сэндаі

Японскае дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла, што колькасьць ахвяраў землятрусу і цунамі дасягнула 90 чалавек.

ВВС паведаміла са спаслыкай на японскае інфармацыйнае агенцтва Jiji Press, што ад 200 да 300 целаў загіблых знойдзеныя на ўзьбярэжжы каля Сэндаі.

Японскае інфармацыйнае агенцтва Кіода паведаміла пра моцны выбух на нафтахімічным комплексе ў Сэндаі.


Зьменшыўся курс йены

Паведамленьне пра землятрус у Японіі выклікала рэзкае падзеньне курсу йены на такійскай біржы.

Кошты на сырую нафту ў Нью-Ёрку сёньня ўпалі ніжэй як 100 даляраў за барэль у сувязі з сытуацыяй ў Японіі, якая зьяўляецца трэцім па велічыні спажыўцом нафты ў сьвеце. На біржы асьцярагаюцца, што Японія зьменшыць імпарт нафты.

Пасьля землятрусу ў Ябукі, прэфэктура Фукусіма. 11 сакавіка 2011 г.
Аварыя на АЭС у Фукусіме


Японскія ўлады запэўніваюць, што ніякай уцечкі радыяцыі не адбылося ні на адной з тых АЭС, што знаходзяцца ў раёнах, пацярпелых ад землятрусу і цунамі.

Паведамляецца, што колькасьць ахвяраў дасягнула 60 чалавек.

Эвакуаваныя 2000 чалавек з тэрыторыі каля АЭС у паўночна-ўсходняй прэфэктуры Фукусіма. На гэтай АЭС перастала працаваць сыстэма зваротнага водазабясьпячэньня для ахалоджваньня.

Раней МАГАТЭ паведаміла, што усе АЭС у небясьпечным рэгіёне ў Японіі былі сваечасова спыненыя.

Землятрус магнітудай каля 8 балаў (паводле адных дадзеных 7,9 бала, паводле іншых - 8, 9) здарыўся ля паўночна-ўсходняга ўзьбярэжжа Японіі.
Паведамляецца, што загінулі альбо зьніклі бяз вестак 60 чалавек.

Пра гэта паведамляюць міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы, спасылаючыся на мясцовую мэтэаралягічную службу. Землятрус зарэгістраваны на ўсход ад японскага вострава Хансю. Спачатку спэцыялісты прагназавалі цунамі з вышынёй хваляў 6 мэтраў. Аднак на некалькі раёнаў (у прыватнасьці, каля гораду Сэндай прэфэктура Міягі) абрынуліся хвалі да 10 мэтраў.

Моцны землятрус у Японіі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:58 0:00
Наўпроставы лінк


Са зваротам да нацыі выступіў прэм'ер-міністар краіны Наота Кан. Ён ацаніў шкоду ад сёньняшняга землятрусу як "значную". Ён таксама паведаміў, што разьмешчаныя ў рэгіёне атамныя электрастанцыі не пацярпелі, працёкаў радыяцыі няма. Для дапамогі ратавальнікам у пацярпелы рэгіён накіраваныя вайсковыя аддзелы. Супрацоўнікі многіх офісаў у Токіё былі эвакуаваныя.

На дзьвюх атамных станцыях на тэрыторыі прэфэктуры Фукусіма аўтаматычна прыпыненая праца. Зачыніліся і некалькі аэрапортаў у Японіі, у тым ліку і міжнародны "Нарыта". Відавочцы у блогах паведамляюць, што ёсьць пажары, прарывы вадаправоду, у шматлікіх офісах службоўцы працуюць у касках. Тэлефонныя лініі перагружаныя, ня ўсюды ёсьць інтэрнэт, хоць ён працуе лепш, чым мабільная сувязь. Не функцыянуе мэтро і ня ходзяць электрычкі.

Цунамі, якое прыйшло за штуршкамі, змыла з узьбярэжжа машыны. У Токіо гараць некалькі будынкаў, у тым ліку нафтаперапрацоўчы завод.

Агонь успыхнуў на заводзе ў горадзе Іціхара. Паводле японскай тэлевізіі, над тэрыторыяй заводу ўзьнімаюцца велізарныя аблокі агню. Раней паведамлялася, што ў Токіо з-за землятрусу абрынулася дах вялікага будынка. Паводле CNN, каля 4 млн. дамоў у Токіё і прылеглых да яго раёнах засталіся без электрычнасьці.

Самым разбуральным і трагічным землятрусам у Японіі лічыцца землятрус 1923 году, як называюць “вялікім”. Тады, паводле афіцыйных дадзеных, загінула каля 170 тысяч чалавек. Але яшчэ 500 тысяч чалавек так і не знайшлі – іх, верагодна, змыла ў мора цунамі.










Пажар у адным з раёнаў Токіё







Эпіцэнтар землятрусу знаходзіўся ў Ціхім акіяне, прыблізна за 130 кілямэтраў ад сушы. Два дні таму ў прыкладна той самай зоне здарыўся землятрус магнітудай 7,3 бала.

Цунамі, якое ўтварылася ў Ціхім акіяне, пагражае ня толькі Японіі і Расеі, але таксама Інданэзіі і Марыянскім астравам. Акрамя таго, высокія хвалі могуць абрынуцца і на Тайвань, Філіпіны, Науру, Папуа-Новую Гвінею, Мікранэзію, Гуам, а таксама на Гаваі.

На землятрус у Японіі неадкладна адрэагаваў рынак - пачалі падаць азіяцкія фондавыя індэксы і валюты. Ена таньнее адносна ўсіх 16 асноўных сусьветных валют.

Цунамі каля гораду Сэндай

Пажар на заводзе ў горадзе Іціхара

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG