Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Кабанчук асуджаны на 10 сутак


Пра гэта нашаму радыё паведаміла ягоная маці — спадарыня Таіса. Вадзім асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Сёньня ад самай раніцы Таіса Кабанчук чакала ў Маскоўскім судзе працэсу над сынам, але Вадзіма так і не прывезьлі. Сябры тэлефанавалі ўва ўсе канцылярыі менскіх судоў, але так і не маглі дабіцца, дзе будзе праходзіць суд над Вадзімам Кабанчуком.

І толькі ў абед датэлефанаваліся зноў на Акрэсьціна, дзе ім паведамілі, што суд адбыўся і Вадзім асуджаны на 10 сутак.

Нагадаю, што Вадзіма Кабанчука затрымалі пры вяртаньні ў Беларусь на памежным пераходзе Каменны Лог на мяжы зь Літвой яшчэ ў нядзелю.

Ён меў пры сабе каля 100 газэтаў, выдадзеных беларускімі актывістамі па-за межамі Беларусі. У газэтах распавядалася пра падзеі ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Мытнікі пры аглядзе забралі гэтыя інфармацыйныя матэрыялы на экспэртызу, склаўшы адпаведны пратакол.

Самога Кабанчука спачатку больш за чатыры гадзіны трымалі на мяжы, затым выклікалі міліцыю з Ашмянаў і адвезьлі ў тамтэйшы РАУС, дзе склалі пратакол за быццам бы супраціў мытнікам.

Чакалі, што судзіць Вадзіма Кабанчука будуць у Ашмянскім судзе ўчора, але ў сакратарыяце адказвалі, што такой справы ў іх не разглядаюць. Пазьней высьветлілася, што затрыманага перавезьлі ў Менск і судзілі толькі сёньня. Падрабязнасьці ў вечаровым эфіры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG