Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Царкоўнае слова" расказала мітрапаліту Філарэту пра вязьняў


мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт
мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт
"Царкоўнае слова" зьмясьціла на сваіх старонках артыкул на падставе лістоў чытачоў, якія вяртаюцца да падзеяў 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. У лістах — занепакоенасьць лёсам зьняволеных, клопат пра фізычнае і маральнае здароўе пацярпелых, просьбы да мітрапаліта Філарэта зьдзейсьніць міратворчую місію яднаньня ў беларускім грамадзтве.

Ад імя маладых праваслаўных веруючых Таццяна Міхайлоўская просіць Уладыку хадайнічаць за ўсіх затрыманых студэнтаў і працоўных, каб яны не былі адлічаны з навучальных устаноў і не былі пазбаўленыя сваіх працоўных месцаў: "Бо толькі праявіўшы хрысьціянскую міласэрнасць, мы зможам спыніць хвалю нянавісьці і супрацьстаяньня ды аднавіць спакой і братнюю любоў як у нашым грамадзтве, так і ў нашых душах".

Ад імя прадстаўнікоў беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі -- старшыня Брацтва ў гонар Віленскіх пакутнікаў Мікалай Матрунчык: "Просім Вас, дарагі Уладыка, зьвярнуцца да кіраўніцтва краіны з хадайніцтвам праявіць міласэрнасць да ўсіх людзей, зьняволеных у сувязі з шэсьцем ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці 19.12.2010 і ў наступныя пасьля гэтага дні ў Менску і іншых гарадах. У сьвятыя дні Каляднага посту ўвесь хрысьціянскі сьвет шчодра праяўляе любоў Хрыстову і зьдзяйсьняе справы ўзаемапрабачэньня і міласэрнасьці да бліжніх. У гэтыя дні святым абавязкам Царквы ёсьць заклік да еднасьці, грамадзянскага міру і міласэрнасьці, якія толькі і здольныя пераадолець разьмежаваньні і прынесьці сапраўдны мір і спакой у нашы сем’і і грамадзтва".

Ганна Дораш, прыхаджанка Сьвята-Петрапаўлаўскага сабору ў Менску: "На нашай зямлі вялікае гора, большае, чым пажары і навадненні ў іншых краінах. Больш за 600 чалавек апынуліся ў турме, сярод іх хрысьціяне, прыхаджане нашых храмаў. Пакутуюць іх дзеці і бацькі. Нашага спачування і нашых слабых малітваў тут недастаткова. Ваша Высокапраасвяшчэнства, мы просім Вашых сьвятых малітваў за пацярпелых і зьняволеных, а таксама Вашага хадайніцтва перад уладамі аб праяўленьні міласэрнасьці адносна зьняволеных дзеля ўсталяваньня міру і спакою на зямлі нашай!".

Паказальна, што мітрапаліт Філарэт дагэтуль не павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з пераабраньнем на чацьвёрты тэрмін, а Лукашэнка ўпершыню за шмат гадоў фактычна праігнараваў літургію у Менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG