Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне “залатой акцыі”?


Пінскдрэў
Пінскдрэў
3 студзеня Аляксандар Лукашэнка сваім указам даручыў канцэрну "Беллеспаперапрам" кіраваць холдынгам "Пінскдрэў". На думку некаторых экспэртаў, гэты ўказ азначае вяртаньне інстытуту “залатой акцыі”, скасаванага ў сакавіку 2008 году.

На думку аднаго з кіраўнікоў юрыдычнай кампаніі “Уласава, Міхель і партнэры” Канстанціна Міхеля, у Беларусі дэ-факта адроджаны інстытут “залатой акцыі дзяржавы” на кіраваньне гаспадарчымі суб’ектамі.

“Фармулёўкі ўказу па “Пінскдрэве” практычна ўяўляюць сабой фармулёўкі са скасаванага ўказу аб “залатой акцыі”. Гэта прэцэдэнт”, – сказаў сп-р Міхель у інтэрвію агенцтву Інтэрфакс.

Гэтую ацэнку падзяляе і старшыня праўленьня Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага Георгі Бадзей. Ён мяркуе, што ўказ не адпавядае выданай днямі дырэктыве “Аб разьвіцьці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляваньні дзелавой актыўнасьці”.

Сп. Бадзей падкрэсьліў, што холдынг “Пінскдрэў” зьяўляецца прыватнай кампаніяй. “Як можна прызначаць у прыватную ўласнасьць кіруючую кампанію – дзяржаўны орган? Тут наўпрост парушаныя правы прыватнай уласнасьці, гарантыі недатыкальнасьці”, – заявіў Інтэрфаксу Г. Бадзей.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) мае намер ацаніць уплыў на дзейнасьць “Пінскдрэву” ўказу пра прызначэньне кіруючай кампаніяй канцэрну “Беллеспаперпрам” – заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ЭБРР у Беларусі Валдас Віткаўскас.

Ён дадаў: “Мы будзем ацэньваць гэтае рашэньне з двух пунктаў гледжаньня: мы зьяўляемся крэдыторам “Пінскдрэву”, але не акцыянэрамі, і другі аспэкт – гэта абарона правоў прыватных уладальнікаў прадпрыемства”.

25 кастрычніка 2010 года на прадпрыемстве кампаніі "Пінскдрэў" ў Пінску адбыўся выбух і пажар, у выніку якога загінулі 14 чалавек, многія атрымалі траўмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG