Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Псыхалягічна складана заставацца на гэтай працы "


Пасьля аварыі на "Пінскдрэве", з холдынгу звольнілася 22 чалавекі. Адміністрацыя прадпрыемства абяцала рабочым, якія працавалі ў цэху, дзе адбыліся выбухі, перавод на іншае месца працы. Ня ўсіх задаволіла альтэрнатыва.

Паводле дырэктара па працы з пэрсаналам "Пінскдрэву" Міхаіла Галавешкіна, на прадпрыемстве заўсёды высокая цякучка кадраў. Таму такая колькасьць звальненьняў не выклікае зьдзіўленьня:

"Ну як гэта шмат звольнілася? 22 чалавекі сышлі з працы паводле дамоўленасьці бакоў. А ў нас у звычайнай сытуацыі звальняецца там… Я ня ведаю, зараз якраз робіцца аналіз. Тут плюс яшчэ і бяда дадала. Магчыма, што не бяз гэтага. Канечне. Ну што тут казаць... Магчыма, нехта і не зьбіраўся сыходзіць".

Паводле спадара Галавешкіна, кожнаму перад сыходам прапаноўвалася іншае месца працы, але прапанова не спадабалася людзям з шэрагу прычынаў:

"Мы ж прапаноўвалі людзям, якія працавалі на ДВП, працаўладкаваньне на фабрыцы мяккай мэблі — займацца аббіваньнем мэблі. Там рабочыя атрымліваюць ня менш, а то і болей. Але ніхто не пайшоў. А чаму? Бо там трэба працаваць фізычна".

На словы, што людзі будуць звальняцца, чыноўнікі адказваюць, што няхай звальняюцца
Тацяна Маўчун,
рабочая цэху, дзе адбыўся выбух, пацярпела ад аварыі і пасьля адпачынку звольнілася з прадпрыемства. Цяпер нідзе не працуе. Паводле жанчыны, на самой справе цяжка параўноўваць працу ў цэху з працай на мэблевай фабрыцы, куды ёй прапаноўвалі перайсьці працаваць:

"Там, па-першае, няма ацяпленьня, ня створаны ўмовы для працы. Таму я адмовілася. У аддзеле кадраў даволі лёгка пагадзіліся з маёй пазыцыяй. На словы, што людзі будуць звальняцца, чыноўнікі адказваюць, што няхай звальняюцца".

Паводле словаў жанчыны, толькі дырэктар заводу па вытворчасьці ДВП Леанід Логвін выказаў словы прабачэньня пры звальненьні людзей. Пры гэтым Логвінаў заводу так пракамэнтаваў "Свабодзе" факт гэтых звальненьняў:

"Усе працуюць. А звольніліся ў асноўным толькі пэнсіянэры. Таму ня варта зноў нагнятаць сытуацыю вакол нашага прадпрыемства".

Рабочая "Пінскдрэву" Алена кажа, што звальняліся ня толькі пэнсіянэры, але і маладыя людзі, якія не пажадалі далей працаваць у небясьпечных умовах:

У асноўным звальняліся людзі даволі маладога ўзросту
"Я магу адзначыць, што ня толькі пэнсіянэры звальняліся з прадпрыемства. У асноўным звальняліся людзі даволі маладога ўзросту. А звальняліся таму, што на прадпрыемстве ня могуць забясьпечыць нармальныя варункі працы, добры заробак. А між іншым, псыхалягічна людзям складана заставацца на гэтай працы".

Аварыя на прадпрыемстве, звальненьні, спробы схаваць інфармацыю пра наступствы аварыі з боку кіраўніцтва — усё гэта выклікала незадавальненьне людзей. Напярэдадні выбараў, кажа былы дэпутат Пінскага гарсавету Віктар Ярашук, усё гэта ў пэўнай меры акажа ўплыў на вынікі галасаваньня:

"У Пінску амаль што не працуюць ініцыятыўныя групы. І, на жаль, людзі ня ведаюць альтэрнатыўных кандыдатаў, ня ведаюць за каго прагаласаваць. А тое, што ўзьнік нейкі пратэстны настрой, які адаб'ецца не на карысьць дзейнаму кіраўніку краіны, то пра гэта складана казаць".

У выніку аварыі ў цэху па вытворчасьці пліт ДВП на ЗАТ "Пінскдрэў" загінула 14 чалавек. Пяць пацярпелых да гэтага часу знаходзяцца ў шпіталях Менску і Берасьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG