Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісткі Femen гатовыя прыехаць у Беларусь, калі запросяць


На выбарах у лютым 2010 актывісткі руху заклікалі "ня гвалціць Украіну"
На выбарах у лютым 2010 актывісткі руху заклікалі "ня гвалціць Украіну"

Госьця “Начной свабоды” – Ганна Гуцол, кіраўніца ўкраінскага руху Femen, вядомага эпатажнымі, экстравагантнымі акцыямі “топлес”.




Рух быў заснаваны ў 2008 годзе. У Femen уваходзяць пераважна студэнткі кіеўскіх ВНУ, таксама ёсьць і школьніцы. Femen неаднаразова праводзіў акцыі супраць жаночай прастытуцыі ва Ўкраіне пад лёзунгам «Украіна – не бардэль!» Дзяўчыны на акцыі выходзяць напалову аголеныя, з надпісамі на грудзях. Пасьля прыходу да ўлады Віктара Януковіча арганізацыя займаецца пераважна палітычнай дзейнасьцю, а пытаньні сэкс-турызму адышлі на другі плян.

Адна з апошніх акцый прайшла пад лёзунгам “Украіна не Аліна”, і была прымеркаваная да візыту ва Ўкраіну Ўладзімера Пуціна, удзельніцы акцыі былі затрыманыя.
Ганна Гуцол са Станіславам Шушкевічам у Кіеве

Ганна Гуцол была госьцяй "Начной свабоды" і сярод іншага адказала на некаторыя пытаньні наведнікаў сайту "Свабоды".

Соўсь: Ганна, у Беларусі празь месяц адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. І многія наведнікі нашага сайту цікавяцца, ці не прыедзеце вы ў Беларусь на Плошчу?

Ганна Гуцол: Вельмі цікавая прапанова. Мы б з задавальненьнем прыехалі, але, на жаль, мы вельмі абмежаваныя ў фінансавых рэсурсах, і калі знойдуцца людзі, якія гатовыя нас проста прыняць і сарганізаваць гэта – то чаму б не? Я думаю, супольна мы маглі б сарганізаваць вельмі цікавае мерапрыемства. Адзінае, што мы ведаем: у вас таксама вельмі жорстка і складана з праваахоўнымі органамі...

Соўсь: Адзін з лёзунгаў руху Femen – барацьба супраць прастытуцыі. Але удзельніцы руху выглядаюць як раз прыкладна так як прадстаўніцы гэтай прафэсіі. Дзе лёгіка?

Ганна Гуцол: Лёгіка простая: мы гіпэртрафавалі вобраз прастытуткі. Калі людзі ведаюць, як выглядаюць прастытуткі, то яны павінны заўважыць, што Femen на іх абсалютна не падобны. Гэта кіч, гэта ў нас такі кічавы стыль, і мы зусім не падобныя на прастытутак. Плюс мы іграем на кантрасьце. Людзям праблема прастытуцыі нецікавая: то бок, калі гэта не мая дачка, чаму мяне павінны хваляваць праблемы нейкіх прастытутак? Калі мы выходзім у такім вобразе, у чалавека ўзьнікае рэзананс у галаве: як гэта – у такім вобразе супраць прастытуцыі? Другі сэнс, які мы закладалі: вы бачыце, як гэта выглядае, як выглядае жанчына, якая знаходзіцца на панэлі – адпаведна, вас гэта палохае, шакуе. І калі мы ня хочам, каб такія жанчыны сталі нормай, то, вядома, мы павінны змагацца з такой зьявай.

Пратэст супраць прыезду У.Пуціна ў Кіеў
Да нашых пратэстаў трэба ставіцца не просталінейна: як убачыў, так і прачытаў – мы вельмі шмат сэнсаў закладаем, мы заўсёды вельмі дэталёва прадумваем вобразы, вельмі шмат іроніі закладаем. Бо мы лічым, што прайшоў час сумных пратэстаў з транспарантамі: людзям трэба дадаваць іроніі, самаіроніі, нейкага фана, каб яны ўдзельнічалі ў пратэстах, бо жыцьцё і так невясёлае. Таму мы стараемся зрабіць такое сацыяльнае шоў, таму такія мэтады і такі фармат.

Соўсь: Хто прыдумаў лёзунг “Украіна не Аліна” да прыезду Пуціна ва Ўкраіну?

Ганна Гуцол:
Ён узьнік стыхійна. Калі мы абураліся з нагоды ягонага прыезду і казалі: што ён сабе думае, няўжо хоча нашу краіну нахіляць, мы ўзгадалі свой стары слоган "Украіна не бардэль", а потым неяк у нас узьнікла "Украіна не Кабаева", а потым мы перакруцілі на "не Аліна", і аказалася проста і геніяльна.
Прайшоў час сумных пратэстаў з транспарантамі: людзям трэба дадаваць іроніі, самаіроніі.

Соўсь:
Мы паправілі наведнікаў сайту svaboda.org задаць вам пытаньні. Наведнік сайту пад нікам “захоплены”:

“А вось скажыце: ўдзельніцы вашых акцый праходзяць які-небудзь кастынг? Так бы мовіць, тэст на эстэтычную адпаведнасьць? Бо галоўны посьпех вашых акцый – у эстэтычнасьці відовішча :) І яшчэ: да якога ўзросту дзяўчаты зьбіраюцца актыўна распранацца? Бо, відаць, наступіць час, калі і самі актывісткі перастануць адпавядаць эстэтычным крытэрыям (хаця, папраўдзе. не хацелася б:)

Актывістак руху затрымліваюць ля расейскай амбасады ў Кіеве
Ганна Гуцол:
На такія пытаньні я адказваю: у нас ёсьць лякала, і калі ты празь яго праходзіш, то патрапляеш у Femen. Вядома, ніхто нікога не адбірае, проста, па-першае, украінкі вельмі прыгожыя, а асабліва актыўныя жанчыны – заўсёды прыгожыя. На самой справе, гэта звычайныя сярэднестатыстычныя ўкраінкі, звычайныя дзяўчаты: студэнткі, дзяўчаты, якія толькі пачынаюць працаваць – карацей, простыя дзяўчаты. Але калі яны ў вобразе, калі на акцыі, калі гэты агонь у вачах – яны здаюцца шалёна прыгожымі, сэксуальнымі, моцнымі, і гэта, вядома, дадае шарму. А калі мы едзем дадому ў мэтро, людзі на нас не азіраюцца так, як на акцыі.

Адносна ўзросту – я думаю, што ня будзе абмежаваньняў, і іх ужо няма. Калектыў расьце і сталее: калі раней у нас быў сярэдні ўзрост 16-18 гадоў, то цяпер гэта 20-22. І цяпер да нас ужо прыходзяць жанчыны старэйшага веку: 30-35. Яны пакуль менш актыўна ўдзельнічаюць у пратэстах, мы цяпер думаем, як іх задзейнічаць, таму нам, напэўна, патрэбная структура для старэйшых жанчынаў, патрэбная, відаць, і партыя, каб прыцягваць старэйшых...
Усё залежыць ад таго, наколькі зачапіла праблема і тэма, а не ад таго, што проста хочацца пабегаць голай.

Соўсь: І ўсе будуць распранацца?

Не абавязкова: гэта ж не абавязковая ўмова. На такія пратэсты выходзяць тыя, хто хоча, хто гатовы і хто сьмелы. Ёсьць жанчыны, якія кажуць: я не пайду на топлес пратэсты, але ёсьць тэма, якая мяне цікавіць – дык я хоць голая пайду! Усё залежыць ад таго, наколькі надакучыла і набалела, наколькі зачапіла праблема і тэма, а не ад таго, што проста хочацца пабегаць голай.

Я ўсё жыцьцё займалася грамадзкай дзейнасьцю і, як чалавек неабыякавы да таго, што адбываецца ў грамадзтве, я зразумела, што ва Ўкраіне адсутнічае жаночы рух, структура, якая прыцягвала б маладых дзяўчат, якая б прымушала іх быць актыўнымі, бо дзяўчаты ў нашай краіне вельмі пасіўныя. І так зьявілася ў мяне ідэя стварыць жаночы рух Femen – патроху, малымі крокамі, і вось за 2 з паловай гады мы атрымалі сапраўдны жаночы рух, які ня толькі ва Ўкраіне вядомы, але па ўсім сьвеце. Нам прыемна бо мы разумеем, што жаночая актыўнасьць мае права на існаваньне, правы жанчын могуць быць папулярнымі. І сёньня мы бачым, што можна такія ж аналягі зрабіць па ўсім сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG