Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ раз пра Савіцкага


Не бяруся ацэньваць мастацкую вартасьць творчасьці Міхаіла Савіцкага – і не спрачаўся б зь Сяргеем Харэўскім, які ў сваім камэнтары для Свабоды прымяніў тэрмін “геніяльны” – калі б Сяргей, напрыклад, сказаў “геніяльны партрэтыст” ці “геніяльны пэйзажыст”. Харэўскі – адзін з найбольш цікавых, на маю думку, мастацтвазнаўцаў, і мае права на такія, хай сабе і вельмі рызыкоўныя, ацэнкі.

Але Сяргей сказаў – “геніяльны чалавек”, а такое вызначэньне, пагадзіцеся, убірае ў сябе сукупнасьць усіх якасьцяў – і як творцы, і як грамадзкага дзеяча (такім дзеячом Савіцкі, безумоўна, быў і, што істотна – такім сябе лічыў).


Ён быў глыбока заангажаваны ў палітыку


Некалі адзін знаёмы віцебскі мастак за кубкам гарбаты імпульсіўна пашкадаваў пра распад Саюзу і выказаў меркаваньне, што “без белорусского языка, может, было бы проще”. У палітыцы гэты творца разумеў яшчэ менш, чым у ядзернай фізыцы, газэт не чытаў, яго, уласна, мала што цікавіла па-за межамі майстэрні і сям’і – і ягоныя сьветапоглядныя выказваньні ніяк не адбіліся на стаўленьні да яго.

Я слаба ведаў Савіцкага асабіста, але некалькі гутарак было, і ён не рабіў уражаньне “творцы ў вежы са слановай косткі”. Безумоўна, ён быў глыбока заангажаваны ў палітыку.

Памятаю, як у пачатку 80-ых наша выкладчыца на журфаку, прафэсар Еўфрасіньня Леанідаўна Бондарава прывяла нас у майстэрню Савіцкага. Акрамя іншага (пра “іншае” – крыху ніжэй), Савіцкі сказаў, што вось нядаўна быў пленум ЦК КПБ, увялі новую пасаду “галіновага” сакратара ЦК (здаецца, па будаўніцтве), і трэба адкладаць усё іншае і пісаць партрэт Леніна. Бо ён жа напісаў партрэты Леніна для кабінэтаў кожнага сакратара ЦК – і першага, і другога, і “галіновых”, гэта была просьба Машэрава, Машэрава ўжо няма, але абавязак застаўся. Б’юся аб заклад, што ў той час 99 мастакоў са 100 не адказалі б, у чым розьніца паміж “другім” і “галіновым” сакратаром.

“Бясспрэчна і тое, што ён зрабіў вялікую нізку палотнаў, габэленаў, пано, прысьвечаных Леніну. Але – трэба зьвярнуць увагу – ён ніколі ня быў камуністам і ніколі ня рваўся зрабіць партыйную кар'еру, як многія сябры па цэху. І гэта таксама трэба памятаць", – піша Сяргей Харэўскі.

Цяперашнім 20-гадовым падобнага тлумачэньня можа быць дастаткова, каб успрымаць Савіцкага ледзь не дысыдэнтам.

Але – што маецца на ўвазе пад словамі “партыйная кар’ера”? Стаць членам райкаму, гаркаму, ЦК? А навошта? Калі “беспартыйны” народны мастак СССР Савіцкі прыяжджаў у раён, яго сустракаў першы сакратар райкаму – і пашана да таленту тут была ці не на апошнім месцы. Мясцовае начальства цудоўна ведала, што “беспартыйны” Савіцкі можа лёгка зайсьці ў самы галоўны “партыйны” кабінэт рэспублікі, куды, напрыклад, “партыйны” рэктар якога-небудзь ВНУ будзе чакаць чаргі месяцамі без гарантыі ўвогуле патрапіць.

Насамрэч, наяўнасьць ці адсутнасьць білета члена КПСС у творцы такога ўзроўню нічога не вызначала. Галоўны рэжысэр тэатру на Таганцы Юры Любімаў меў партыйны білет – і ставіў спэктаклі, якія партыйныя функцыянэры называлі “антысавецкімі”. Скульптар Заір Азгур ня меў партыйнага білета, але па колькасьці помнікаў камуністычным правадырам паставіў, кажуць, “усесаюзны” рэкорд. Вядома, што для сыстэмы былі патрэбныя "непартыйныя камуністы" (асабліва са сфэры літаратуры і мастацтва), і такія "некамуністы" часта былі больш адданымі савецкай уладзе, чым члены партыі. Савіцкі – адзін з такіх. Прычым, ён цудоўна разумеў, як і ў якіх мэтах выкарыстоўвае ягоны аўтарытэт камуністычная ўлада.

Сьцяг праімпэрскіх сілаў


У той візыт у майстэрню мы таксама праслухалі даволі працяглую лекцыю Савіцкага пра сіянізм і пра Шагала. Пазьней давялося прачытаць шмат выказваньняў Савіцкага, якія надалі яму сумную славу антысэміта. Ну а словы Савіцкага, што Шагал мае толькі “несколько неудачных рисунков и картин местечкового уровня” цяжка вытлумачыць нават “сыстэмным” антысэмітызмам – тут, магчыма, зайздрасьць да калегі, чые палотны лепшыя музэі сьвету лічаць мець за гонар і куды сам Савіцкі не патрапіў.

Абвяшчэньне незалежнасьць Беларусі ў жніўні 1991 году Савіцкі не ўспрыняў і яшчэ да прыходу ва ўладу Лукашэнкі стаў сьцягам для антыбеларускіх, праімпэрскіх сілаў. Ягоныя інтэрвію насычаныя заклікамі пра неабходнасьць узьяднаньня “трыадзінага народу Расеі, Беларусі і Ўкраіны” і падобнымі наборамі лексыкі, якая гучала на БТ і па “радыёкропцы” пачынаючы з 1992 году. (Праўда, у 1995 годзе Савіцкі на кароткі час адышоў у цень свайго сына, які выступіў сапраўдным тэрмінатарам у прапагандысцкай кампаніі на “рэфэрэндуме” супраць бел-чырвона-белага сьцягу, “Пагоні” і беларускай мовы. Але, канешне, бацька не адказвае за сына – як і сын за бацьку).

Твор як палітычная акцыя


"Можна згадваць, з аднаго боку, тое, што апошняй работай, якую ён выставіў, быў партрэт Сталіна. Але калі зараз уважліва зірнуць на гэты партрэт, то ніякай параднасьці вы там не заўважыце, ніякай сымпатыі да гэтага пэрсанажу не відаць. І тыя, хто яго адразу быў гатовы крытыкаваць за гэтае палатно, не справядлівыя, бо хутчэй за ўсё гэта карыкатура на таго Сталіна, гэта абвінавачаньне мастака за сваё паламанае жыцьцё", – піша Сяргей Харэўскі.

Зноў жа, цяжка меркаваць, ці лічыў Савіцкі “паламаным” сваё жыцьцё, маючы зайздросны для савецкага мастака камплект рэгаліяў (а пры Лукашэнку – яшчэ і званьне “Герой Беларусі”). Ва ўсялякім разе, пра часы ленінска-сталінскай імпэрыі ён выказваўся станоўча. Але гатовы спрачацца (нават з мастацтвазнаўцам), што параднасьць альбо непараднасьць не зьяўляюцца крытэрыем мастацкасьці (і нават крытэрыем ступені палітычнай ляяльнасьці ці, калі хочаце, падхалімажу). На шматлікіх палотнах Налбандзяна Брэжнеў выглядаў такім, якім яго ніколі не бачылі простыя савецкія людзі па тэлебачаньні ці ў газэтах – неафіцыйным, бяз гальштука, – але аўтар палотнаў меў зусім пэўны імідж “прыдворнага” мастака.

Зрэшты, справа не ў мастацкіх сродках. Сама прапанова партрэта Сталіна на выставу, прысьвечаную вызваленьню Беларусі ад фашызму, успрымаецца адназначна як палітычная акцыя, як выяўленьне сьветапогляду. Гэтак жа больш як трыццаць гадоў таму быў успрыняты ягоны цыкл “Лічбы на сэрцы”, дзе на адным з палотнаў быў намаляваны каля карніка-эсэсаўца ў якасьці памагатага чалавек з зоркай Давіда. Цяпер тагачасныя папрокі Савіцкаму за гэтае палатно могуць быць незразумелыя – хіба не было яўрэяў сярод прыслужнікаў фашыстаў? Вядома, былі. І чаму Адамовіча, які ў “Карніках” паказаў беларусаў, што служылі немцам, мы не абвінавачваем у антыбеларускасьці? Варта памятаць, што ў 1970-ыя гады у Савецкім Саюзе (і, адпаведна, у БССР) афіцыйна не казалася пра трагедыю Галакосту, пра тое, што яўрэяў зьнішчалі толькі таму, што яны яўрэі (я, ва ўсялякім разе, не памятаю такога ні са школы, ні з унівэрсытэту). І ў такой сытуацыі замоўчваньня трагедыі яўрэйскага народу паказаць яўрэя прыслужнікам фашызму – было абсалютна выразным жэстам, які шмат кім быў успрыняты як антысэмітызм.

... Канешне, нашчадкі ацэньваюць мастака па ягоных творах (калі творы гэтыя вытрымліваюць праверку Часу). Але гэта не забараняе сучасьнікам даваць ацэнкі і паводле грамадзянскай пазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG