Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Харэўскі: “Мастак, якога не любілі калегі ў Беларусі...”


Міхась Савіцкі, Партызанская мадона
Міхась Савіцкі, Партызанская мадона
Мінулай ноччу памёр мастак Міхаіл Савіцкі. Пра яго цяжкі і супярэчлівы лёс і пра ягоную творчасьць расказвае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Міхаілу Савіцкаму належыць выключная роля ў гісторыі ўсяго савецкага мастацтва. у свой час ён быў пачынальнікам новых відаў, жанраў, тэмаў у савецкім мастацтве.

Прайшоў нямецкія і савецкія лягеры

Ён нарадзіўся на Віцебшчыне ў 1922 годзе і да вайны ня здолеў атрымаць адукацыю. У часе вайны трапіў у нямецкі палон, трапіў у акружэньне і прайшоў самыя страшныя нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры - Дахаў, Бухенвальд - дзе й быў вызвалены саюзьнікамі.

Пасьля гэтага лёс распарадзіўся так, што яго адправілі ў савецкія фільтрацыйныя лягеры, і такім чынам палова ягонага жыцьця ўжо была добра пераламаная, калі ён вярнуўся ў Менск і ў 1955 годзе скончыў Менскае мастацкае вучылішча.

Затым ягоная біяграфія вельмі адрозьніваецца ад астатніх беларускіх мастакоў. Ён едзе ў Маскву і там атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Інстытуце імя Сурыкава. Гэта шмат у чым перадвызначыла ягоны культурны выбар, ягоныя адносілы з Масквой.

Больш цаніўся ў Маскве

Калі на хвалі “адлігі” ён у сваіх работах пачынае шыфраваць рэлігійную тэматыку, эксплюатаваць многія вобразы, сымболіку, каляровую сэмантыку праваслаўных абразоў, у Беларусі, у Менску ён за гэта вельмі моцна ў тыя часы крытыкаваўся.

Вельмі папулярнай на той час ягонай тэмай была тэма хлеба. “Хлеб новага ўраджаю”, “Хлеб”, “Хлябы” – гэта цэлая вялікая нізка ў беларускім мастацтве, дзе мастак зьвяртаецца да родных, зь дзяцінства вядомых сялянскіх вобразаў. Але ў іх мы бачым зноў жа нейкую рэлігійную сэмантыку – бацька разразае хлеб, сям'я за сталом як сымбаль эўхарыстыі, альбо славутая яго работа “Хлябы”, дзе жанчыны нясуць вялікія боханы хлеба – куды? – глядач мусіў бы здагадацца, што ў царкву сьвянціць...

Натуральна, калі мы гаворым пра 1965, 1966, 1967 год – такое мастацтва ў БССР не магло быць ухваленае. Затое ягоныя калегі ў Маскве ўсяляк спрыялі ягонай славе, і гэтыя работы былі набытыя Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэяй, і Рускім музэем, і Музэем выяўленчых мастацтваў у Маскве. І гэта адыграла зь ім кепскі жарт у ягоным далейшым лёсе, таму што ў Менску ён больш не ўважаўся за цалкам свайго. На яго ўсё ж глядзелі як на чалавека маскоўскага.

Самае лепшае, што ён напісаў – гэта тыя творы, што прысьвечаныя яго родным, роднай вёсцы.

У 1977 годзе ён першым зь беларускіх мастакоў атрымлівае званьне Народнага мастака СССР, што бясспрэчна ўзьняла яго вышэй па-над усімі калегамі па цэху ў Менску. І гэта таксама не спрыяла ягонай папулярнасьці сярод беларускіх калегаў.

Антысэмітызм, Шагал, Сталін

Яму закідалі шмат чаго і небеспадстаўна. Вядомы ягоны антысэмітызм – справа нават дайшла да скандалу, калі ў сваім славутым цыклі “Лічбы на сэрцы”, які вісіць у Музэі Вялікай айчыннай вайны, у якасьці калябарантаў і паслугачоў нацыстаў ён маляваў людзей з жоўтымі зоркамі Давіда на робах, якія пасьля давялося замалёўваць...

Нямала Савіцкі паспрыяў і таму, каб не вярнуліся ў Беларусь творы Шагала. Я цудоўна памятаю ягонае інтэрвію, дзе ён разважаў, што і Пэн несур'ёзны мастак, і Шагал невялікі мастак, бо ён не рэаліст, і што, як многія заможныя габрэі, ён здрадзіў сваёй радзіме і пакінуў яе ў самыя цяжкія хвіліны.

Гэта ўсё бясспрэчна так. Бясспрэчна і тое, што ён зрабіў вялікую нізку палотнаў, габэленаў, пано, прысьвечаных Леніну. Але – трэба зьвярнуць увагу – ён ніколі ня быў камуністам і ніколі ня рваўся зрабіць партыйную кар'еру, як многія сябры па цэху. І гэта таксама трэба памятаць.

Можна згадваць, з аднаго боку, тое, што апошняй работай, якую ён выставіў, быў партрэт Сталіна. Але калі зараз уважліва зірнуць на гэты партрэт, то ніякай параднасьці вы там не заўважыце, ніякай сымпатыі да гэтага пэрсанажу не відаць. І тыя, хто яго адразу быў гатовы крытыкаваць за гэтае палатно, не справядлівыя, бо хутчэй за ўсё гэта карыкатура на таго Сталіна, гэта абвінавачаньне мастака за сваё паламанае жыцьцё.

Памёр самотным

Калі браць беларускі бок справы, то бадай ніхто столькі не напісаў палотнаў, прысьвечаных Янку Купалу, Якубу Коласу, віленскім дзеячам беларушчыны, як гэта зрабіў Міхаіл Савіцкі ў 80-я гады, пачынаючы ад славутага 100-гадовага юбілею Купалы і Коласа. І гэтыя работы, якія сталі бясспрэчнай клясыкай беларускага мастацтва, вядомыя ўжо не аднаму пакаленьню беларускіх школьнікаў, бо гэтыя палотны – такія як “Віленскія сустрэчы”, партрэт маладога Янкі Купалы – увайшлі ў школьныя падручнікі.

Таму сёньня, разьвітваючыся з гэтым бясспрэчна геніяльным чалавекам, чалавекам вельмі няпростага лёсу, чалавекам, якога не любілі калегі ў Беларусі, і не сказаць, каб ён быў расьпешчаны ўвагаю публікі, бо на ім было нейкае кляймо “небажыхара”, кляймо абсалютна недасяжнай велічыні мастака, трэба зазначыць, што ён памёр самотным. І думаю, што ўжо ад нас залежыць, як распарадзіцца ягонай унікальнай, велізарнай спадчынай, зь якой можна чэрпаць і чэрпаць і на якой можна вывучаць і беларускую гісторыю, і беларускую ідэнтычнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG