Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: Гэта ня мы, гэта Word "скраў" подпісы Някляева


Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
На імя старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай накіравана заява з патрабаваньнем пакараць вінаватых у зьнікненьні 32005 подпісаў, сабраных па Віцебскай вобласьці за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

2 лістапада сябры ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева накіравалі ў Цэнтравыбаркам скаргу наконт таго, што згодна з інфармацыяй, агучанай старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай 1 лістапада, у Віцебскай вобласьці за Някляева не сабрана ніводнага подпісу.

Кампанія "Гавары праўду" ў панядзелак зьвярнулася да старшыні Віцебскага абласнога выбаркаму Вячаслава Крукоўскага, які пацьвердзіў, што ў ЦВК зь Віцебшчыны перадалі 32 тысячы подпісаў. Тым ня менш у панядзелак і ў аўторак раніцай на сайце насупраць прозьвішча Някляева стаяла агульная лічбы 161 824 подпісы. Юрыст Раіса Міхайлоўская распавяла:

"У мяне захаваная табліца з сайту ЦВК, дзе насупраць прозьвішча Някляева — пустое месца. І агульная колькасьць здадзеных за Някляева подпісаў — 161 824. Зараз на сайце стаіць агульная лічба 193 829 подпісаў. То бок гэтыя зьмены зрабілі толькі пасьля нашай заявы, што згубленыя 32 005 подпісаў за Някляева па Віцебскай вобласьці".

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік на пытаньне Радыё Свабода, чаму памянялася агульная лічба подпісаў, сабраных за Някляева, адказаў так:

"Дык яны нікуды і не губляліся. Сапраўды, за Някляева ў Віцебскай вобласьці сабрана 32 005 подпісаў. Пры запаўненьні табліцы сайту з тэхнічных прычын у графе "Віцебская вобласьць" быў проста прабел, пустая клетка. Інфармацыя зь Віцебску паступіла своечасова, але з-за таго, што яна была ў фармаце MS Word, а мы працуем у МS Excel, з чыста тэхнічнай прычыны ў гэтую зводку галасы віцебскага рэгіёну ня трапілі. Але яны не прапалі. Калі заўважылі прабел, запоўнілі клетку, і цяпер на сайце дакладныя лічбы".

Сябры ініцыятыўнай групы Някляева таксама зьвярнуліся ў ЦВК з просьбай растлумачыць парадак выкарыстаньня дадатковага пазабюджэтнага фонду — ці можна выкарыстаць гэтыя сродкі для набыцьця празрыстых скрыняў для галасаваньня?

Трэцяя заява, накіраваная ў ЦВК 2 лістапада, тычыцца тэледэбатаў: каб яны праводзіліся ў жывым эфіры, а ня ў запісе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG