Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самыя сакавітыя грудзі краіны» на службе барацьбы з рэжымам


Калі б індэкс цытаваньня ў беларускім сэгмэнце Livejournal (дзе і сканцэнтравалася «беларуская блогасфэра») адпавядаў рэальнай палітычнай вазе, можна было б сказаць, што Ўладзімер Някляеў упэўнена выйшаў у адрыў ад сваіх канкурэнтаў зь ліку апазыцыйных кандыдатаў і пасьпяхова даганяе вечна элегантнага пераможцу прэзыдэнцкіх гонак. На гэтым тыдні ён зноў здолеў застацца ў цэнтры ўвагі блогераў, у сераду зладзіўшы сустрэчу зь імі, якая атрымала шырокі рэзананс, а ў суботу запрасіўшы прыйсьці да цэнтральнага ўваходу на Камароўскі рынак, каб «не прапусціць магчымасьць убачыць на ўласныя вочы самыя сакавітыя грудзі нашай краіны». Уладальніца гэтых грудзей, Кацярына Нікандрава, «Міс грудзі Беларусі - 2010», удзельніца ініцыятыўнай групы Някляева, мелася зьбіраць подпісы за яго вылучэньне ў кандыдаты. Фотасправаздачу аб тым, як адбываўся збор подпісаў, можна паглядзець у блогера _nevr_.

РЭДУКЦЫЯ АСОБЫ ДА ФІЛЕЙНЫХ ЧАСТАК


У траўні, цытуючы Андрэя Хадановіча, я пытаўся: «Дзе тая паўнагрудая мадам, што ўсіх нас павядзе на барыкады?» І вось, калі ласка, не прайшло і паўгода, яна ўжо тут. Які сюрпрайз.



(Здымак падгледжаны ў журнале antilushpak)

Яшчэ калі Кацярына Нікандрава не ўваходзіла ў ініцыятыўную групу кандыдата ў кандыдаты, а была толькі прызёркай конкурсу «Міс грудзі Беларусі - 2010» і настаўніцай малодшых клясаў адной зь менскіх гімназіяў, некаторыя яе ўжо «раскусілі»:

«Гэта ня шлёндра», - пісаў leon_by, - «гэта сымбаль лібэралізацыі - ціпа "Свабода на Барыкадах" Эжэна Дэлякруа, проста больш постмадэрнова...».

Аднак нядобразычліўцы не згаджаліся з такой узьнёслай трактоўкай. Блогер minski_gaon бязьлітасна бічаваў маладую настаўніцу:

«Дэлякруа - вялікі мастак, але гэта ўсё-ткі не барыкады, а дробязнае жаданьне хуткага посьпеху з адмовай ад любых прынцыпаў... Сярод беларусаў да жудасьці многа бесхрыбетных, беспрынцыповых людзей, гатовых дзеля прывіднага посьпеху на любы бруд. Самае страшнае, што такіх людзей неяк ужо занадта шмат у сфэры навукі, культуры, адукацыі. А як жа выхаваўчая, ідэалягічная праца? Гэтая дзяўчына (ёй усяго 23!) атрымала прэстыжную вышэйшую адукацыю ў Інстытуце замежных моваў, нейкім чынам уладкавалася ў прэстыжную гімназію, хоць гэта зусім ня проста. Разам з тым яе мэнталітэт - прымітыўнай, калгаснай шлёндры, якая не саромеецца публічна паказваць свае цыцкі ў клюбе, а потым ісьці выкладаць дзеткам, не баючыся абмеркаваньня старшаклясьнікаў. Атрымліваецца, што ўся выхаваўчая і ідэалягічная праца, якая праводзіцца ў Інстытуце замежных моваў ды іншых ВНУ Беларусі, - пустая паказуха, калі яны рыхтуюць настаўніц-шлёндраў, якія не баяцца нічога і нікога...»

Тым часам burbalka паставілася да яе са спагадай:

«Мне здаецца, вучылка - ахвяра нашага сацыяльнага парадку. У прынцыпе, любая шлёндра - ахвяра. Яна адчувае сябе на кані, пераможцай, крутой. Яна не разумее, што яна цяпер - толькі яе цыцкі, прычым 2010. І ў 2011 годзе ейныя цыцкі будуць ужо неактуальныя. А наогул, гэта капец».

Ну што ты будзеш рабіць. Ужо і паўнагрудая мадам ёсьць, але куды яна нас завядзе - у сьветлае царства лібэралізму, у цёмнае валадарства беспрынцыповасьці, дробязных жаданьняў і прывідных посьпехаў, ці проста ў чарговы нябыт - невядома.

Ідэю прыцягненьня «Міс грудзі Беларусі-2010» да палітычнай кампаніі блогеры ацэньвалі па-рознаму. Хтосьці нічога прынамсі ня меў супраць:

«Вось ня трэба толькі ханжаства, не ў Іране жывем». (bacian)

Камусьці ідэя нават прыйшлася даспадобы:

«А па мне дык нармалёва. Хоць нейкая разнастайнасьць».
(vital_x)

Блогерка pink_by упікнула паліттэхнолягаў за адсутнасьць гендэрнай раўнавагі:

«Мужчынскі шавінізм? А дзе містэр біцэпс-Беларусь-2010?»

Хвосткую водпаведзь дала ім жа burbalka:

«Я не люблю рэдукцыі асобы да філейных частак. І калі Нікандрава тут ахвяра, то тыя, хто яе выкарыстоўвае, проста сволачы».

Блогер redbay саркастычна заўважыў:

«Танна, гнілавата. Але ўпісваецца ў агульную лінію выбараў - "вучылкі зьбіраюць подпісы"».


ГОЛЫМ ЗАДАМ НА АМБРАЗУРУ ЗА КАПІТАЛІЗМ


Бурная дыскусія пра «вучылак», самая бурная на гэтым тыдні, разгарэлася ў журнале kilgorr_trautt. Блогер напісаў вельмі рэзкае паведамленьне пад назвай «Выкладчыкі подласьці», у якім назваў настаўнікаў сярэдніх школаў «прыстасаванцамі, баязьліўцамі і нягоднікамі», ці не галоўным апірышчам Лукашэнкі:

«Менавіта яны - тыя, хто ўсхваляе чалавека жахлівага ўзроўню адукацыі і выхаваньня перад нашымі дзецьмі, падтрымліваюць яго на выбарах год за годам. Менавіта яны знаходзяць сотні эпітэтаў і мэтафараў, каб замяніць словы "подласьць", "забойства" ці "здрада" на "мэтазгоднасьць", "стабільнасьць" і "любоў да радзімы".

Яны год за годам фальсыфікуюць выбары, цесным колцам згуртаваўшыся вакол сталоў з выбарчымі бюлетэнямі. І ніхто зь іх шэрагаў ня выклікне "што ж мы робім з нашымі дзецьмі!". Яны звыклі да падвойных стандартаў, хлусьні і крывадушнасьці. Іх не хвалююць ня толькі нашыя дзеці, але і свае. Яны прыдумалі адну фразу, якая павінна нам усё растлумачыць: "Калі мяне звольняць, чым я буду карміць сваіх дзяцей?". Мне пляваць чым - гэтыя дзеці, выгадаваныя ў хлусьні, вырастуць прыстасаванцамі, ілгунамі і баязьліўцамі».


Аказалася, што пляваць ня ўсім. У абвінавачаных ва ўсіх сьмяротных грахах настаўнікаў знайшліся абаронцы. Блогер lukashyk іх па-чалавечы разумее:

«"Чым я буду карміць свайго дзіцёнка" - гэта самая чалавечная пазыцыя. Вы хочаце пабудаваць капіталізм камуністычнымі мэтадамі (голым задам на амбразуру)? Што будзе з тымі настаўнікамі, якія не захочуць гуляць па правілах дзяржавы і зь імі не падоўжаць кантракт? Ці дасьцё вы ім новую працу? Іх пусьцяць працаваць настаўнікамі ў Эўразьвяз? У мяне няма гарачых пачуцьцяў да пэдагогаў "за Беларусь", але зразумець я іх магу. Тут гаворка ідзе аб выжываньні».

Яму ўторыць natovich, яшчэ мацней завастраючы праблему:

«Мужык можа звольніцца і адкрыць ларок - самотная баба зь дзіцем не заўсёды. І якога, пардон, <...> яна, баба гэтая, павінна лезьці на ражон? Дзеля чаго, дзеля таго, каб аднаго вядомага п******а зьмяніў невядомы?! Які, мажліва, перш за ўсё яе, гэтую нікэмную вучылку, выправіць на вуліцу ў рамках праграмы аптымізацыі бюджэтных выдаткаў (гл. любімую цяпер вамі Расею)? Я б на месцы гэтай дурніцы ня тое што з агідай стаяў бы ў тых пікетах, а зь вялікай упэўненасьцю ў тым, што ваюю за слушную справу! :)

Карацей, крыху літасьці вам, паважаны, усё-ткі не зашкодзіць у сабе выхаваць. А разам з тым і паспрабаваць зразумець, што ня ўсе 6 мільёнаў працаздольных грамадзянаў дадзенай краіны патрэбныя з сваімі талентамі за мяжой».


Дадам, што не ва ўсіх таксама ёсьць маладосьць і грудзі пятага памеру - стартавы капітал, які можна, пры жаданьні і адсутнасьці прынцыпаў, выгодна канвэртаваць. Хаця, канечне, паставіць уласныя грудзі на службу барацьбы з рэжымам, як бы там ні было, учынак рызыкоўны, могуць і не пагладзіць па галоўцы, а значыць - годны.

Толькі наўрад ці ён можа служыць прыкладам і пуцяводнай зоркай для ўсіх настаўніц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG