Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Багачак: “Некаторых затрыманых запужвалі сэксуальным гвалтам”


Ігар Багачак
Ігар Багачак
Беларускія праваабаронцы зьбіраюцца зьвярнуцца ў ААН з прычыны «масавых неабгрунтаваных затрыманьняў у Беларусі» напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Падазраваныя ў справах нападаў на расейскую амбасаду ды іншыя будынкі ў Менску 29 верасьня распавялі пра мэтады сьледчых, якія вядуць гэтыя справы. Ігара Багачака, які прыйшоў на прэсавую канфэрэнцыю ў БХК, затрымалі 3 верасьня ў ліку 7 чалавек, у якіх была знойдзеная анархісцкая літаратура. Ігар Багачак кажа, што ў сьледчых не было ніякіх падстаў падазраваць яго ў датычнасьці да нападу на амбасаду Расеі. Чаму тады ім зацікавілася міліцыя? Юнак згадвае пра першае затрыманьне ў траўні, калі ён браў удзел у лекцыі аб анархізьме.

«У сярэдзіне траўня лекцыя была спыненая супрацоўнікамі міліцыі. Яны затрымалі 17 чалавек, у тым ліку і грамадзяніна Бэльгіі, і быццам для высьвятленьня асобы адвезьлі ўсіх у РУУС Маскоўскага раёну. Прычым нават тых, у каго быў пашпарт. Там у нас узялі адбіткі пальцаў, пратрымалі 3 гадзіны і адпусьцілі. Вось тады, мяркую, я і трапіў у поле зроку праваахоўных органаў».

Другое затрыманьне Ігара Багачака цягнулася ўжо ня 3 гадзіны, а 9 дзён. Праз кожныя 3 дні юнаку казалі пра новыя падазрэньні і затрымлівалі надалей. Спачатку яго падазравалі ў нападзе на пасольства Расеі, Дом прафсаюзаў, які адбыўся 30 красавіка, потым — на філіял «Беларусбанку». Ігар Багачак вінаватым сябе не прызнаваў і называў сьведак, якія могуць пацьвердзіць ягонае алібі. Пасьля выхаду на волю малады чалавек даведаўся, што сьледчыя нават не апытвалі тых, каго ён называў у якасьці сьведак ягонай невінаватасьці.

У ізалятары на Акрэсьціна Ігар Багачак кантактаваў зь іншымі дапытанымі паводле спраў аб нападах: «Некаторыя казалі, што іх запужвалі сэксуальным гвалтам з боку іншых арыштантаў, пагражалі праблемамі на працы».

Уладзімер Валодзін
Актывіст экалягічнага руху Уладзімер Валодзін, які адбыў за кратамі 9 дзён, згадвае, што ягоных сьледчых таксама не цікавіла праверка ягонага алібі:

«Падобна, што іх цікавіла нешта іншае. У мяне пыталіся пра ўдзел у зарэгістраваных і незарэгістраваных арганізацыях, у тым ліку пра ТБМ, цікавіліся, ці ня ёсьць я скінгэдам, распытвалі пра мае палітычныя погляды, ці ня ёсьць антыфашыстам. Супрацоўнікі міліцыі часта ўжывалі словы „вы ж самі ўсё разумееце“. Як я разумею, мяне затрымалі па ўказцы зьверху, прававых падстаў для затрыманьня не было. Таму мяркую, што гэта справа больш палітычная».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае, што ў расьсьледаваньні спраў пра напады на расейскую амбасаду і іншыя будынкі ў Менску, шмат падобнага з расьсьледаваньнем выбуху на праспэкце Пераможцаў у ноч на 4 ліпеня 2008 году: гэткія самыя затрыманьні бяз пэўных падстаў, гэтак сама міліцыю цікавяць актывісты розных няўрадавых арганізацый, у допытах удзельнічаюць супрацоўнікі КДБ, хоць у сьледчыя групы яны не ўваходзяць:

«Гэта мяне, прыкладам, наводзіць на пэўныя думкі. Бо ў расейскую амбасаду напярэдадні выбараў 2001 году таксама нешта кідалі — пэтарду ці што. І мы памятаем, што і тады масава выклікалі на допыты прадстаўнікоў моладзевых недзяржаўных арганізацый».

Старшыня БХК Алег Гулак у апошніх падзеях вакол спраў пра напады бачыць нагоду для звароту ў ААН паводле масавых беспадстаўных затрыманьняў у Беларусі:

«Таму што ў людзей, якія гэта робяць, можа скласьціся ўражаньне, а я мяркую, яно ўжо склалася, што гэта ўсё будзе беспакарана».

Ігар Багачак, Уладзімер Валодзін, Валянцін Стэфановіч.

Зь ліку гэтак званых актывістаў анархісцкага руху затрыманымі застаюцца як мінімум два чалавекі: Аляксандар Францкевіч, якога абвінавачваюць у нападзе на ізалятар у Салігорску, і Мікалай Дзядок, якога падазраюць у рабаваньні мінакоў. Вядома, што вінаватымі яны сябе не прызнаюць. Што зь імі адбываецца дакладна — невядома, тэрмін іх затрыманьня пэрыядычна працягваецца. Гэтак, Мікалая Дзядка сем разоў кожныя тры дні затрымлівалі фармальна паводле новых падазрэньняў, а калі такім чынам назьбіраўся 21 дзень, затрымалі яшчэ на 10 дзён.

Таксама застаецца за кратамі затрыманы 24 верасьня актывіст антыядзернага руху Ігар Трухановіч. Вядома, што Трухановіч абвясьціў у ізалятары на Акрэсьціна галадоўку пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG