аўторак, 07 лютага 2012, Менск 08:39

Аблога

Чырвона-чорны сьцяг зраўнавалі ў правах зь бел-чырвона-белым

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Не сьпяшайцеся дамагацца прысваеньня вуліцам імёнаў дарагіх для вас пэрсонаў або называньня іх у гонар значных, на вашую думку, падзеяў. Дарэмна! Вынік, хутчэй за ўсё, будзе цалкам супрацьлеглым жаданаму. Зафіксаваныя такім чынам, яны пераўтворацца ў мёртвыя літары на шыльдах, тады як жывы дух зь іх выветрае. Такая думка прыйшла ў галаву, калі я ўчора абіваў парогі Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю разам з бацькамі і сябрамі шасьцёх затрыманых па справе нападу на расейскую амбасаду. Тая Галоўная ўправа, нагадаю, знаходзіцца па вуліцы Рэвалюцыйнай, 3. Што надавала ўсяму лёгкі прысмак камічнага абсурду. «Паліцэйскія сатрапы», захавальнікі асноваў кансэрватыўнага парадку вырашаюць лёс левых актывістаў на вуліцы, імя якой падарылі як раз гістарычныя папярэднікі апошніх. Лягічней было б, каб яна звалася вуліцай Контррэвалюцыйнай – для супадзеньня формы і зьместу.
 

БЕЛАРУСКАЯ ЎЛАДА – ГАЛОЎНЫ КАНСЭРВАТАР


Пэўную пікантнасьць можна ўбачыць і ў тым, што маладыя людзі, падазраваныя ў падпале расейскай амбасады, утрымліваюцца на вуліцы Акрэсьціна – лётчыка, які скіраваў ахоплены полымем самалёт у гушчу войскаў ворага. Каб я пісаў фэльетон, шасьцёх маладзёнаў у фінале паказальна пакаралі б на вуліцы Крапоткіна – знанага тэарэтыка анархізму. Дарэчы, Пётр Аляксеевіч быў аднойчы арыштаваны французскім урадам па абвінавачваньні ў арганізацыі выбухаў у Ліёне. Але асудзілі яго ўрэшце да пяцігадовага зьняволеньня за «прыналежнасьць да Інтэрнацыяналу». Пайшоў па 193-1 артыкуле. У сёньняшняй Беларусі павінен бы лічыцца «адмарозкам» і сядзець дзе-небудзь у ізалятары часовага ўтрыманьня, дык не. «Хто ж яго пасадзіць?! Ён жа помнік!».

Сытуацыя, калі перасьледуюць тых, у гонар чыіх папярэднікаў названыя шматлікія вуліцы па ўсёй Беларусі, толькі на першы погляд можа падасца шызафрэнічнай. Насамрэч гэтыя назвы ня столькі «радзімыя знакі савецкага мінулага», колькі абярэгі, пакліканыя засьцерагчы ад небясьпечных паўтораў гісторыі. Джыны, надзейна запячатаныя ў бутэлькі. Пасланьне вельмі простае: гамовэр, хлопцы, усе магчымыя рэвалюцыі ўжо адбыліся, ліміт на іх вычарпаны, цяпер яны толькі даты ў падручніках ды імёны на шыльдах. У гэтым сэнсе, беларуская ўлада – галоўны кансэрватар.
 

УЛАДА НЕЧАКАНА АДКРЫЛА ДЛЯ СЯБЕ АНАРХІСТАЎ


Дзіўна зусім ня тое, што за анархістаў нарэшце ўзяліся, дзіўна, што пра іх толькі цяпер даведаліся. Менавіта даведаліся, бо, судзячы па той інфармацыі, якая прасочваецца з кабінэтаў сьледчых, для праваахоўных органаў іхныя існаваньне і дзейнасьць сталі адкрыцьцём. Убачыўшы пры затрыманьні даволі далікатных маладых людзей, кажуць, былі зьдзіўленыя – чакалі суворых саракагадовых мужыкоў з гранатамі.

Па чутках, справа пра падпал расейскай амбасады завісла, ніякіх доказаў дачыненьня затрыманых да яго няма, адбіткі пальцаў не супадаюць, але міліцыянты раптам (!) выявілі на кампутарах, адабраных пры ператрусе, інфармацыю пра шэраг акцыяў колькімесячнай даўніны, адказнасьць за якія бралі на сябе ананімныя анархісцкія групоўкі. Акцыі не трымаліся ў сакрэце, наадварот, актыўна рэклямаваліся на тэматычных сайтах і ў блогасфэры, інфармацыя рассылалася ў недзяржаўныя СМІ, часам імі перадрукоўвалася. Аднак наконт узбуджэньня крымінальных справаў нічога не было чуваць.

Застаецца толькі гадаць, што б магла азначаць падобная безуважнасьць. Злыя языкі пляткарылі пра супрацу анархістаў з КДБ і «руку Масквы», але каго толькі не вінавацілі ў гэтых грахах, ужо нават ня сьмешна, нічога, апроч алергіі, гэтае абвінавачваньне не выклікае. На розум просіцца іншая кансьпіралягічная вэрсія: анархістам адмыслова дазволілі беспакарана пагарэзьнічаць, адчуць смак, каб пазьней выкарыстаць іх нейкім чынам, ужо па-сур'ёзнаму. Гэтая вэрсія грунтуецца на ўяўленьні пра спэцслужбы, як пра вельмі хітрамудрую, звышінтэлектуальную, ледзь не дэманічную структуру. Мой уласны жыцьцёвы досьвед такому ўяўленьню супярэчыць – я сутыкаўся зь немудрагелістымі дзядзечкамі, якія ну зусім не адпавядалі іміджу, створанаму спэцслужбістам галівудзкімі і савецкімі фільмамі.

У чым жа справа, у такім выпадку? Падаецца, у звычайнай непаваротлівасьці і ў нежаданьні праяўляць ініцыятыву без «адмашкі» зьверху. А яе не было таму, што анархісты да апошняга часу заставаліся для ўладаў непразрыстымі. Яны там звыклі да аднаго набору ключавых лёзунгаў, на якія рэфлекторна рэагуюць: «Жыве Беларусь!», «Беларусь у Эўропу!» і г.д. Выпрацавалі рэфлекс на бел-чырвона-белы сьцяг. Дакладна ведаюць, гэта – ворагі. А тут і сьцяг чырвона-чорны, і лёзунгі нейкія незнаёмыя, няма фіксацыі на асобе прэзыдэнта. Карацей, загадка, ад гэтых загадак толькі галава баліць, ну іх.

Цяпер адмашка дадзеная. Распавядалі, як бацька аднаго з затрыманых хлопцаў, у якога ёсьць сувязі ў праваахоўных структурах, спрабаваў тыя сувязі задзейнічаць. Яго нібыта строга паставілі на месца: нават і не спрабуй, справа на такім кантролі, што страшна сказаць. Маці іншага хлопца распавядала, як сьледчы пальцамі паказаў абрыс характэрных вусоў, апраўдваючыся за тое, што яму даводзіцца рабіць і тлумачачы, хто гэта загадаў.

Робяць, як умеюць. Угаворваюць бацькоў на вочную стаўку зь дзецьмі, каб яны папрасілі іх прызнацца або здаць сапраўдных вінаватых: бо, вы ж разумееце, пасьля іншыя пачнуць гаварыць на вашага сына (ці дачку), а ён, па нашых дадзеных, у іх завадатар, дакладна на яго скажуць, ды ўжо гавораць. Пужаюць дзесяцігадовым тэрмінам. Папярэджваюць, каб не наймалі адвакатаў, не давалі камэнтароў недзяржаўным СМІ – маўляў, толькі нашкодзіце сабе. Большасьць бацькоў пакуль што паслухмяна выконвае парады, верачы, быццам сьледчыя сапраўды жадаюць іхным дзецям выключна дабра.

Скарыстацца паслугамі прыватнага адваката наважылася толькі маці Аляксандра Францкевіча, заключыўшы пагадненьне з Паўлам Сапелкам. Пэўна, наважылася, бо мае большыя падставы хвалявацца за свайго сына – ён жыве з адной ныркай, хваравіты.
 

«БТ» НАВУЧЫЦЦА АБАРАНЯЦЬ ПРАВА БУРЖУЯЎ БЫЦЬ БУРЖУЯМІ

Падазраваных у тэарэтычным і практычным анархізьме зраўнавалі ў правах з традыцыйнымі public enemies, чырвона-чорны сьцяг зь бел-чырвона-белым. З гэтага часу быць анархістам у Беларусі – усё роўна, што быць апазыцыянэрам, з усімі вынікаючымі наступствамі. Вясёлае і бестурботнае сьвята непаслушэнства скончылася. Давядзецца ўліцца ў шэрагі затаўраваных «адмарозкаў». Якіх будуць паліваць брудам на канале БТ і старонках БС-СБ. Да бабкі не хадзі, хутка мы ўбачым ваўкаватых і п'яных гопнікаў, дэвіянтаў, якія прадаліся з трыбухамі сусьветнай закулісе.

Насамрэч яны нагадваюць колішніх «змагароў», якія сёньня, здаецца, амаль не сустракаюцца ў жывой прыродзе: рамантычных юнакоў і дзяўчынаў, гатовых жыць за ідэю, не сапсаваных грантамі, не спакушаных пэрспэктывай атрыманьня цёплага месьцейка за мяжой. Не разьдзяўбаі бяз вызначанага роду заняткаў, не апівохі, ня трутні і не буяны. Студэнты, гуманітарная і тэхнічная інтэлігенцыя. Многія нават бяз шкодных звычак. «Яны за свабоду, за роўнасьць, бяздомных кормяць... – кажа маці Аляксандра Францкевіча. – Чаму яны вам перашкаджаюць, а скінгэды, якія ў нас у Наваполацку дзень народзінаў Гітлера сьвяткуюць – не?!»

Ну, ня тое каб анархісты былі зусім ужо такімі белымі і пухнатымі. Прынамсі не для ўсіх. Іншая маці хвалюецца, каб дзецям не прыпісалі антыдзяржаўную, экстрэмісцкую дзейнасьць, бо знайшлі ж літаратуру, газэты, а там лёзунгі ў іх такія...

– Якія? – пытаецца бацька аднаго з затрыманых.
– Сьмерць буржуям, ды іншыя... – зьлёгку спалохана адказвае маці.
– Ну дык буржуям жа! – ласкава пасьміхаючыся, супакойвае ён жанчыну.

Працаўнікам агітацыі і прапаганды трэба засвойваць новую рыторыку. Вучыцца абараняць права буржуяў на доўгае шчасьлівае жыцьцё, а таксама права быць буржуямі, даводзіць шкоднасьць ідэяў свабоды і роўнасьці, тлумачыць, чаму скінгэды больш карысныя для грамадзтва, чым антыфашысты і г.д.
 

НЕ ДА СЬМЕХУ, СПАДАРЫ


У якасьці фінальнага акорду працытую допіс блогеркі czy:

«Можна зараз колькі заўгодна злараднічаць і ўхмыляцца, асуджаць і іншымі спосабамі выскаляцца на тэму анархістаў, «якія падставілі самі сябе». Але насамрэч такая бздура магла адбыцца зь любой «маладзёжкай» напярэдадні выбараў.

Калі хто забыўся, асьвяжаю:

У 2001 г. перад прэзыдэнцкімі выбарамі завялі справу за кінутую невядомымі на тэрыторыю амбасады РФ ці то дымавуху, ці то навучальную гранату – таксама нейкая ананімная лажа, няма пацярпелых, затое ўвесь «Малады Фронт» перацягалі да сьледчых;

У 2006 г. напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў: «пацукі ў вядры», справа «Партнэрства», якому таксама жадалі прышыць што-небудзь гэтакае экстрэмісцкае, але ў выніку з-за адсутнасьці доказнай базы сьледзтва спынілася на артыкуле 193-1 КК (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі)

Ну і сьвежы ў памяці «Садочок»-2008: выбух поруч з стэлай на прасп. Пераможцаў напярэдадні выбараў у парлямэнт, па якім дагэтуль ва ўсяго мужчынскага насельніцтва Беларусі пагалоўна здымаюць адбіткі пальцаў (тады праварадыкальную «Белаволю» перакалацілі зьверху данізу).

Гаворка пра тое, што на іх месцы мог апынуцца любы хоць трохі палітычна ангажаваны рух. Час такі, мэтады такія. Аднастайныя, але кожны раз вельмі непрыемныя для тых, на каго ўсе гузы. Так што не да сьмеху, спадары».

Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Вячак Горад:: Берасьце
08.09.2010 12:38
УЛАДА НЕЧАКАНА АДКРЫЛА ДЛЯ СЯБЕ АНАРХІСТАЎ

Наколькі вядома ФАБ(Фэдэрацыя Анархістаў Беларусі)была вядома ўжо ў 1992годзе.Гэта сьмешна што ўлада нічога ня ведала пра яе.
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Менск
08.09.2010 17:02
Ведаць мо і ведала, але не зьвяртала ўвагі і не надавала вялікага значэньня.

Імя:: Patryjot Горад:: Praha
08.09.2010 14:26
Dauno tre bylo. Zamiest taho, kab ciahac' cichmianych demakratau. Nareszcie zanialisia reczaistymi zlaczyncami.
Адказаць

Імя:: Svabodu satrymanym! Горад:: менск
08.09.2010 15:26
Zamoukni sabaka....nasvay jacsche sjabe patryetam.....tak csamu ty gyvesch sa mjagou?
A getym ludsjam jakija saras sjadsjat' RESPEKT! tamu schto jany ne pradagnyja jak nascha apasizija, tamu schto robjat' use ad serdza!
Адказаць

Імя:: Uhu Горад:: Vorsza
08.09.2010 16:01
Ага, яны ад сэрца падпальвалі дзверы і гадзілі ў пад'ездах?
Адказаць

Імя:: booxter Горад:: Менск
08.09.2010 18:37
Асабіста ў вас дзверы абгадзілі і падпалілі? А ў мяне ўсё чамусьці апалітычная моладзь гэтым займаецца. Можа, у вас дзверы таксама... у Празе?
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Менск
09.09.2010 17:35
>>> Dauno tre bylo. Zamiest taho, kab ciahac' cichmianych demakratau. Nareszcie zanialisia reczaistymi zlaczyncami.

Анархісты, вядома, зусім не бяззубыя і бяскрыўдныя пупсікі. Так, яны робяць стаўку на акцыі "прамога дзеяньня", не прызнаючы легальныя спосабы барацьбы - як бессэнсоўныя.

Злачынцы? З пункту гледжаньня ўладаў, згодна з Крымінальным кодэксам - безумоўна. Але ня большыя злачынцы, чым, скажам, Кастусь Каліноўскі, у чый гонар была нефармальна пераназваная былая Кастрычніцкая плошча.

Нешта мне падказвае, што вы былі б зусім ня супраць, каб "дэмакраты" (я бяру гэтае слова ў двукосьсі, таму што далёка ня ўсе актывісты апазыцыі ёсьць дэмакратамі; што, які-небудзь "Правы альянс" - дэмакраты?) перасталі нарэшце быць "ціхмянымі". Ды яны і не такія ўжо ціхмяныя, прынамсі ў думках: згадайма папулярныя тосты "за снайпэра", верш "Забі прэзыдэнта", рэцэпт "разьбіраньня цыганскага кабана" і пад. А Чарнобыльскі шлях-96, а Марш свабоды-99 - хіба вы ня згадваеце іх з настальгіяй?

Я гляджу, у многіх запісных апазыцыянэраў зьяўляецца усё болей агульнага з уладай: разагналі гей-парад - ура, гэтак ім і трэба, п***расам, саджаюць левых актывістаў - брава, ату іх, бі чырвоную навалач...

Мо ўрэшце вам і не захочацца нічога зьмяняць?

Імя:: Паўлюк Горад:: Белая вежа
08.09.2010 19:27
"Не сьпяшайцеся дамагацца прысваеньня вуліцам імёнаў дарагіх для вас пэрсонаў або называньня іх у гонар значных, на вашую думку, падзеяў. Дарэмна! Вынік, хутчэй за ўсё, будзе цалкам супрацьлеглым жаданаму. Зафіксаваныя такім чынам, яны пераўтворацца ў мёртвыя літары на шыльдах, тады як жывы дух зь іх выветрае."
* * *
Будзімір, мне вельмі блізкая гэтая твая думка, тваё назіраньне. Яна глыбокая і дакладная і, на жаль, спраўджваецца амаль заўсёды. Цудоўнае назіраньне. І надалей, аб назвах вуліц і падзеях, якія на іх адбывюцца... Ты проста філёзаф! Цікава. Ёсць аб чым разважаць, чытаючы гэты матэрыял. І ня толькі аб фактах. Але і аб вельмі сур'ёзных сьветапоглядных праблемах.

Імя:: eskimoz Горад:: Баранавічы
08.09.2010 21:08
Паранаідальнасць цяперашняга рэжыму не мае межаў. Сто адсоткаў гэта "зачыстка" паліт-поля перад выбарамі пачалася. Усіх каго маглі з "правых" ўжо закрылі і прыкрылі да гэтага - цяпер кідаюцца на ўсіх хто так ці інакш вытыркнецца. Анархісты проста "патрапілі пад раздачу".
Адказаць

Імя:: Яўген Мурашка
09.09.2010 00:25
Імя:: eskimoz Горад:: Баранавічы
08.09.2010 21:08
"..Паранаідальнасць цяперашняга рэжыму не мае межаў...."
Цікава, а у чым вы абвінавачваеце рэжым? Ён робіць усе слушна, каб сябе захаваць.
Пытаньне, патрэбна ставіць не да яго, а да грамадства і "выратавальнікаў нацыі"
Што зрабілі, робяць ці будуць рабіць, дзеля спыненьня гэтага бязмежжа? Якія робяць захады, каб выратаваць зьнікаючую беларускую нацыю?
Гуляць у выбары, гандлюючы яе інтарэсамі. Дык хто дазваляе рэжыму рабіць тое, што ён робіць?
Адказаць

Імя:: Уладзіслаў Горад:: Калінкавічы
09.09.2010 12:39
Спадар Мурашка піша: "Цікава, а у чым вы абвінавачваеце рэжым? Ён робіць усе слушна, каб сябе захаваць."
* * *
На самой справе: каб захавацца - ён усё робіць. І слушна. І амаль заўсёды "элегантна" абыходзіць сваіх апанэнтаў. А мы сваімі паводзінамі яму, выходзіць, ПАДПЯВАЕМ.
А што Вы, спадар Мурашка, раіце рабіць, каб спыніць "трыюмфальнае шэсьце" гэтага рэжыму? Можа ёсць нейкія цікавыя прапановы, як "папрасіць" дыктатара перастаць ім быць?
Адказаць

Імя:: Ноў-хаў
09.09.2010 15:09
Я ведаю, як зрабіць, каб дыктатар перастаў быць дыктатарам. Трэба прывезьці Мурашку ў запячатаным вагоне зь Нямеччыны і рэжым здрыганецца!
Адказаць

Імя:: Уладзислаў Горад:: Калінкавічы
09.09.2010 17:56
А калі больш сур'ёзна? Ці ніякіх сродкаў няма?
Адказаць

Імя:: Ноў-хаў
10.09.2010 12:38
Больш ніякіх... :( Не, хлушу, ёсьць яшчэ адзін - толькі Zянон!
Адказаць

Імя:: Маўр Горад:: Маўрытанія
09.09.2010 08:00
"Паранаідальнасць цяперашняга рэжыму не мае межаў."

* * *
Так, на самой справе - так. "Ведае кошка, чыё масьліца з'ела", таму і баіцца застацца без улады, якая яе зараз хавае ад пакараньня. Але ад Гасподня пакараньня і яна не схавае!

Імя:: Адвент Горад:: Налібокі
09.09.2010 06:31
А чаму толькі па-беларускі? Хіба анархізм -- чыста беларуская з'ява. Я таксама ў самоце, што беларуская мова застаецца роднай для 53 адсоткаў, толькі ўціскам (нават няхай сабе ўціск мяккі) гэтай ганебнай з'явы не зменіш.
З павагай да радыё Свабода і Аляксандра Лукашука.
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Менск
09.09.2010 13:12
>>> А чаму толькі па-беларуску?

Калі ў вас ёсьць акаўнт у жывым журнале, можаце ўзяць удзел у абмеркаваньні гэтага экспэрымэнту ў суполцы by_mova: http://community.livejournal.com/by_mova/760567.html

Імя:: нацыяналіст
09.09.2010 15:12
"Антыфашысты"?!
"Чаму ганяюць іх, а не скінхэдаў"?!

Чым лёзунг "смерць буржуям/гандлярам/куркулям/сялянам" лепш за лёзунг "смерць жыдам"?

Ужо пажылі пад уладай такіх "антыфашыстаў" у ленінска-сталінскія часы. Хопіць. Пабегалі ўжо такія "маладыя ідэалісты" па вёсках, пашчыравалі ў царквах і касьцёлах.

Нажаль, пры гэтай уладзе справядлівага суду не будзе. Спадзяюся, нікому не прыпішуць тэракт ці іншае што.
Але і пры нармальнай уладзе - за такія лёзунгі трэба караць. Як і за любую іншую прапаганду ненавісьці.
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Менск
10.09.2010 03:17
"Буржуй" - уласьцівасьць зьменлівая, акцыдэнтальная. Гэта ня лёс і ня вырак. Буржуем можна перастаць быць. Перастаць быць габрэем нельга. (Прынамсі, гэта значна складаней, чым перастаць быць беларусам.)

Таму лёзунг "сьмерць буржуям" можна і варта прачытваць як заклік да зьнішчэньня сацыяльнай няроўнасьці - "ніякіх буржуяў і жабракоў", а не фізычную ліквідацыю часовых носьбітаў гэтага сацыяльнага статуса.

Што тычыць "шчыраваньня", дык нацыяналісты ўсіх масьцяў таксама пашчыравалі будзь здароў, што граху ўтойваць...
Адказаць

Імя:: нацыяналіст
10.09.2010 12:34
Заклік да смерці людзей па этнічнай, расавай ці сацыяльнай прыкмете - гэта злачынны заклік да забойства. І апраўданьні гэтыя выгладаюць смешна.
Тым больш, што такія заклікі ўжо гучалі ў адпаведныя часы. І выконваліся.

Ніводная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў лёзунгаў "Смерць маскалям" ці "Смерць жыдам" не высоўвае. Таму параўнаньне недарэчнае і дэмагагічнае.

Імя:: Вячак Горад:: Берасьце
09.09.2010 23:51
Выбачце калі ласка,але ў часы ленінізму,сталінізму былі камуністы якія сумесныя парады праводзілі ў Берасьці.
Хіба анархізм прапагандуе нянавісьць?
Ён непрызнае дзяржаўную сістэму,ён затое каб небыло ні прэзідэнцкай,ні парлямантскай сістэмы.Каб кіраваў сам народ,каб замест грошаў быў абмен вытворчасьцю.
Але гэта ўвогуле немагчыма.
Адказаць

Імя:: нацыяналіст
10.09.2010 09:07
"Хіба анархізм прапагандуе нянавісьць?"

З лёзунгамі "Смерць буржуям" - канешне прапагандуе. Як і бальшавізм.

Імя:: Вячак Горад:: Берасьце
10.09.2010 11:02
Гледзячы на гэты лёзунг чалавек толькі ўсміхнецца(,узгадае мальчіша кібальчіша)ды толькі.
А вы кажаце нянавісьць.
Адказаць

Імя:: нацыяналіст
10.09.2010 12:17
Чалавек, веды якога не абмяжоўваюцца "мальчішом-кібальчішом", узгадае хутчэй масавыя забойствы, рабункі, калектывізацыю, разбураныя цэрквы і касьцёлы.
Адказаць

Імя:: пытальнік
10.09.2010 12:37
У сувязі з анархістамі?
Адказаць

Імя:: нацыяналіст
10.09.2010 13:03
У сувязі з лёзунгамі, якія выкарыстоўваюцца анархістамі.
Адказаць

Імя:: Вячак Горад:: Берасьце
10.09.2010 12:51
Прывядзіце прыклады дзе ў Беларусі менавіта анархісты рабілі гэтыя справы,а не бальшавікі.
Адказаць

Імя:: нацыяналіст
10.09.2010 13:06
У Беларусі анархісты былі слабыя. Таму гэты іхны лёзунг праводзілі ў жыцьцё бальшавікі.

У Гішпаніі ў 20-я-30-я гады анархісты былі мацнейшымі і часта займаліся тымі жа справамі. Забівалі сьвятароў, палілі цэрквы, рабавалі, забівалі нязгодных.
І таксама пад гэтым жа лёзунгам. Праўда яшчэ "смерць ксяндзам" дадавалі.
Адказаць

Імя:: женя
17.09.2010 08:04
анархисты? "рабавалi"?
кому-то пора в школу

Імя:: Вячак Горад:: Берасьце
10.09.2010 12:39
Вы кажаце пра чырвоных катаў.
А гэта ўжо зь іньшай опэры.


.

Імя:: Вячак Горад:: Берасьце
10.09.2010 12:49
Дарэчы такіж колер сьцягу быў ва ўкраінскіх нацыяналістаў.
У анархістаў ён чорны.
Адказаць

Імя:: женя
17.09.2010 08:05
Анархистский черно-красный флаг разделен по диагонали, а флаги бендеровцев по горизонтали.