Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень салідарнасьці: затрыманых выпусьцілі

абноўлена


16 жніўня ў Менску прайшла акцыя ў фармаце "ланцуга неабыякавых людзей" з патрабаваньнем міжнароднага расьсьледаваньня зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага.

У мерапрыемстве ўдзельнічала каля 200 чалавек. Восем актывістаў былі затрыманыя і дастаўленыя ў Першамайскі РУУС Менску. Пасьля 3-гадзіннага ўтрыманьня ў пастарунку яны былі адпушчаныя без складаньня пратаколаў


20.45
Пачалі выпускаць затрыманых. На волі ўжо Антон Койпіш, Яўген Афнагель, Павал Юхневіч. Паводле Антона Койпіша пратаколы на затраманых не складалі.

20.15
У Першамайскім РУУС ад сваякоў затрыманых узялі ваду, але ім нічога не паведамі накот далейшага лёсу затрыманых. Антону Койпішу загадалі здаць адбіткі пальцаў. Антон адмовіўся.

19.40 Як паведаміў Свабодзе адзін з затрыманых Павал Юхневіч, у Першамайскім РУУСе знаходзяцца сем чалавек, сярод якіх таксама Віктар Ханеня, Максім Сергіец, Валеры Няпомняшчых, Андрэй Молчан, Уладзімер Лемеш (паводле БелаПАН быў затрыманы разам з Антонам Койпішам яшчэ да пачатку акцыі). На Юхневіча склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні, аднак без указаньня артыкулу.

Паводле Паўла пры затрыманьні з ім вельмі жорстка абыходзіліся, парвалі кашулю.


Паглядзець фотагалерэю на ўвесь экран

19.20
Затрыманыя ўдзельнікі акцыі Павал Юхневіч, Яўген Афнагель і Антон Койпіш знаходзяцца ў Першамайскім РУУС Менску.

19.10
Леанід Фармагей: Затрыманьняў не было

Начальнік ГУУС Менгарвыканкама генэрал-маёр міліцыі Леанід Фармагей заяўляе пра спробу правакацыі з боку прадстаўнікоў апазыцыі ў часе несанкцыянаванай акцыі ў Менску ў панядзелак.

"Па нашых ацэнках, была спроба правакацыі з боку аднаго з актывістаў апазыцыі Яўгена Афнагеля", - заявіў журналістам Л.Фармагей, які прысутнічаў на месцы правядзеньня акцыі.

"Афнагель сагітаваў моладзевае крыло і спрабаваў імітаваць затрыманьне. Мы расцэньваем гэта як спробу правакацыі. Ніхто затрыманы ня быў", - заявіў начальнік ГУУС. Пры гэтым ён адзначыў, што міліцыя дасьць прававую ацэнку дзеяньням удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі.


19.00
Па заканчэньні акцыі затрымалі Паўла Юхневіча. На вуліцы Сурганава ён сеў у таксоўку, аднак людзі ў цывільным заблякавалі машыну, прымусілі таксіста адчыніць дзьверы. Паўла выцягнулі з аўто і пасадзілі ў сіні мікрааўтобус.

18.55
Зараз стала вядома, што яшчэ да пачатку акцыі на падыходах да плошчы быў затрыманы моладзевы актывіст Антон Койпіш.

Ланцуг салідарнасьці 16 жніўня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:15 0:00


18.40 Акцыя скончаная.

18:37
Міліцыянты таксама спрабавалі затрымаць моладзевага актывісты Паўла Юхневіча, але людзі гэта не дазволілі. Фактычна паміж ўдзельнікамі акцыі і міліцыянтамі адбылася бойка, якая скончылася тым, што Юхневіч застаўся ў ланцугу.

Спроба затрыманьня Паўла Юхневіча

Дзень салідарансьці. Спробы затрыманьня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:26 0:00


18:35
Затрыманы Яўген Афнагель.

Удзельнікі акцыі вельмі жыва адрэагавалі на спробу міліцыянтаў затрымаць некалькіх удзельнікаў, актыўна выступілі супраць гэткіх дзеяньняў міліцыі. Падышоў Уладзімер Някляеў і разам з астатнімі даводзіць, што людзі ня робяць нічога супрацьзаконнага.

Уладзімер Някляеў пра вынікі акцыі 16 жніўня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:40 0:00


18.20
Супрацоўнікі міліцыі падышлі да маладафронтаўца Міколы Дзямідзенкі, і пыталіся ў яго, якія далейшыя дзеяньні плянуюць удзельнікі акцыі. Міліцыянты заклікалі апазыцыянэраў не ладзіць ніякіх далейшых шэсьцяў ці акцыяў і разысьціся пасьля заканчэньня ланцуга.

На другім баку праспэкту Незалежнасьці стаяць некалькі дзесяткаў чалавек, якія назіраюць за акцыяй, але не рашаюцца да яе далучыцца.



Відэа Наша Ніва


18:10
Ланцуг выцягнуўся на некалькі дзясяткаў мэтраў. Сярод прысутных таксама Анатоль Лябедзька, Аляксандар Макаеў і Валеры Фралоў.

Міліцыянты папярэджваюць удзельнікаў ланцугу, што акцыя незаконная, пагражаюць адказнасьцю і патрабуюць разысьціся.

У прыватнасьці, міліцыянты падышлі да Віктара Івашкевіча, які стаіць у ланцугу, і сказалі, што ён арганізоўвае пікет, які не дазволены ўладамі.

Віктар Івашкевіч заявіў, што гэта ні мітынг, ні пікет, што яны проста стаяць з партрэтамі, што не забаронена, і нікому не замінаюць.

Міліцыянты на гэта адказалі, што ўдзельнікі акцыі замінаюць мінакам і запатрабавалі вызваліць ходнік, нягледзячы на тое, што ланцуг увесь ходнік не займае.

Зараз на пляцоўцы ля Акадэміі навук каля паўтары сотні чалавек.



18.05
Каля 30-40 чалавек пашыхтаваліся з партрэтамі ўздоўж дарогі. Былі ўжо спробы вырываць з рук партрэты. Сярод іншых у ланцугу стаяць Андрэй Саньнікаў, які трымае партрэт Захаранкі , і Уладзімер Някляеў. Някляеў, адказваючы журналістам на пытаньне пра малалікасьць гэтай акцыі, сказаў, што цяпер такі стан грамадзтва, што людзі не пратэстуюць супраць таго, што зьнікаюць вядомыя палітыкі.


18:02
На пляцоўцы ля Акадэміі навук сабраліся больш за сотню актывістаў. Людзі яшчэ падыходзяць.

Ланцуг актывістаў з партрэтамі зьніклых выцягваецца ў бок плошчы Якуба Коласа.

18.00
Моладзевыя актывісты пачалі раздаваць партрэты зьніклых прысутным на акцыі. Адзін з міліцыянтаў паспрабаваў вырваць партрэт у аднаго з удзельнікаў. Прысутныя пачалі выбудоўваць ланцуг уздоўж праспэкту. Міліцыянты спрабуюць перашкодзіць.

17.55
На пляцоўцы каля Акадэміі навук працягваюць зьбірацца людзі. Прыйшоў Андрэй Саньнікаў, Уладзімер Някляеў, Гары Паганяйла. Міліцыя пакуль не разганяе.

17.40
На пляцоўцы каля Акадэміі навук, а таксама ў падземным пераходзе шмат людзей у цывільным і міліцыі з відэакамэрамі . У некаторых мінакоў даглядаюць асабістыя рэчы.

Таксама пад'ехала спэцтэхніка: гукаўзмацняльная машына, хуткая дапамога і два трактары.


15.50
У дваравыя пляцоўкі ля Кастрычніцкай плошчы пачынаюць пад'яжджаюць аўтобусы з АМАПам. На 18 гадзіну ля Акадэміі навук заплянаваны "ланцуг неабыякавых людзей".




Сёньня лідэры палітычных партыяў і рухаў праводзяць акцыю ў фармаце "ланцуга неабыякавых людзей" з патрабаваньнем міжнароднага расьсьледаваньня зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага.

Яны заклікалі сабрацца 16 жніўня а 18-й гадзіне з партрэтамі зьніклых ля Акадэміі навук.

Афіцыйныя ўлады забаранілі апазыцыі праводзіць 16 жніўня шэсьце і мітынг - маўляў, заяўка аформлена неналежным чынам. У чым палягаюць парушэньні ў афармленьні, заяўнікам так і не патлумачылі.

Нягледзячы на забарону ўладаў, акцыю вырашана праводзіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG