Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Купалаўскім пачалася “юбілейная рэстаўрацыя”


Калектыў славутага Купалаўскага тэатру сёлета адзначае адразу два юбілеі: 120 гадоў ад моманту ўзьвядзеньня гістарычнага будынка і 90-годзьдзе ўласна тэатру. Каб адзначыць заслугі калектыву на дзяржаўным узроўні, вырашана правесьці капітальную рэстаўрацыю тэатру, вярнуўшы яму аблічча, максымальна набліжанае да першапачатковага.

За сваю больш чым стогадовую гісторыю будынак тэатру кардынальна перабудоўваўся двойчы, прычым у сярэдзіне 1950-х ён быў мадыфікаваны практычна да непазнавальнасьці. Цяпер гістарычную пабудову плянуецца аднавіць у адпаведнасьці з задумай архітэктара Карэла Казлоўскага, якую ён увасобіў у 1890 годзе. Каардынатар праекту рэканструкцыі Георгій Вернякоўскі запэўнівае, што за стылізаванымі сьценамі будзе самае сучаснае абсталяваньне, якое выведзе тэатар у эўрапейскія лідэры паводле тэхнічных характарыстык:

Георгій Вернякоўскі
"Наша задача была ня проста аднавіць гістарычную справядлівасьць, аднавіць страчаны гістарычны выгляд старэйшага тэатру Беларусі, але і стварыць найлепшыя, зручныя, эрганамічныя ўмовы працы для супрацоўнікаў тэатру, для творчага пэрсаналу, для ўсіх, хто тут жыве, працуе і дорыць нам сваё мастацтва. У тэатры ўпершыню ў Беларусі ў тэатральным будынку будзе ўжытая паўнавартасная сыстэма "разумнага дома". То бок сыстэма, якая будзе кіраваць усімі кандыцыянэрамі, усімі ацяпляльнымі і электрычнымі прыстасаваньнямі ўва ўсіх памяшканьнях".

Прысутным на відэапрэзэнтацыі супрацоўнікам тэатру і журналістам было прадэманстравана, як зьменіцца будынак звонку і ўнутрана. Перадусім — максымальна блізкія да арыгіналу формы набудзе фасад тэатру. Праўда, намер забясьпечыць больш камфорту наведнікам істотна зьменшыць колькасьць месцаў для гледачоў — ад ранейшых 520 месцаў застанецца 400. У рэканструяваным будынку можна будзе ўсяляк трансфармаваць сцэну і падлогу ў глядзельнай залі. Сама заля будзе абсталяваная сыстэмай "Dolby Surround", якая дазволіць гледачу ці ня цалкам зьліцца з тым, што адбываецца на сцэне.

Здаць пераабсталяваны па апошнім слове тэхнікі будынак Міністэрства культуры абяцае да канца 2012 году. Як запэўніў першы намесьнік міністра Ўладзімер Карачэўскі, ніякага форс-мажору з фінансаваньнем ня будзе:

Уладзімер Карачэўскі
"Ёсьць дзяржаўная інвэстыцыйная праграма, у адпаведнасьці зь якой мы працуем. Мы яе плянуем і зацьвярджаем. Ёсьць рэспубліканскі бюджэт, і адносна гэтага тэатру ніякага сумневу не павінна нават узьнікаць — маўляў, грошы раптам скончацца, будаўніцтва замарозіцца ці здарыцца яшчэ нешта. Нават некарэктна пра гэта пытацца. Па-першае, Купалаўскі тэатар — гэта наш агульны гонар. Па-другое, гэта справа гонару ня толькі Міністэрства культуры, але і ўсёй краіны. Таму ніякага сумневу няма. Напэўна, можна нейкія іншыя аб'екты адкласьці на пазьнейшы тэрмін, але гэта стратэгічны аб'ект у цэнтры сталіцы, грошы пад яго выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту".

Генэральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру Павал Палякоў запэўнівае, што пэрыяд вымушанага прастою не адаб'ецца на калектыве і рэпэртуары: цягам 2 гадоў купалаўцы будуць працаваць на часовых пляцоўках:

Павал Палякоў
"Дзе мы будзем жыць, дзе мы будзем працаваць? Мы не сыходзім з цэнтру, і ня думаю, што гледачы адчуюць якіясьці праблемы ў сувязі з нашай рэканструкцыяй. Асноўная пляцоўка, адносна якой зараз вядуцца перамовы, — гэта Палац прафсаюзаў. Малая сцэна пераедзе ў канцэртную залю "Менск", таксама на малую сцэну. Дарэчы, учора там ужо была прэм'ера нашага спэктакля, то бок мы пачынаем вучыцца працаваць па-за сьценамі тэатру. І ня толькі працаваць, але і выпускаць нашы спэктаклі. Разьмяшчацца адміністрацыйна, тэхнічна гэта ўсё будзе па адной лініі — на праспэкце Машэрава. Усё ў адным раёне".

Аднак настроі ў тэатральным асяродку ня толькі аптымістычныя. Не сакрэт, што заробкі тэатральных артыстаў — адны з самых нізкіх па краіне. Папярэдняе кіраўніцтва Купалаўскага тэатру нават прапаноўвала ўладам свой, сьціплейшы варыянт рэканструкцыі, пры якім можна было зрабіць большы сацыяльны ўхіл для людзей. Цяпер, як канстатуе артыст тэатру Раман Падаляка, праца больш падобная да хобі, за якое ніхто ня плаціць:

Раман Падаляка
"Гэта пытаньне, якое ўвогуле першым павінна паўставаць. Таму што той заробак, які мы зараз атрымліваем, — гэта, скажам так, хобі. Так, схадзіць у тэатар, іграць спэктаклі. Але калі хочаш сапраўды зарабіць грошы, то тады працаваць тут увогуле ня трэба. Гэта, яшчэ раз кажу, трэба разглядаць як хобі, за якое практычна ня плацяць. Я ня ведаю, наколькі пытаньне будзе вырашацца (ці, можа, ужо вырашаецца адносна падвышэньня тарыфаў і ставак), але думаю, што Міністэрству культуры трэба яшчэ раз падумаць, як знайсьці такое вырашэньне пытаньня, каб заробак усё ж набліжаўся мінімальна да 2 мільёнаў рублёў. Бо за тыя грошы, якія мы зараз атрымліваем, проста сорамна. Атрымліваючы заробак, можна гэтаму проста парадавацца як факту. Ня больш за тое".

Поўнамаштабныя працы на рэканструкцыі Купалаўскага тэатру пачнуцца ў верасьні. Заплянаваная на асваеньне сума — 200 мільярдаў рублёў.

Купалаўскі тэатар, першапачатковы фасад
Будучы фасад Купалаўскага тэатру

Кампутарная інсталяцыя новай залі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG