Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Парад нявестаў” па-віцебску


У Віцебску ўпершыню правялі «Парад нявестаў» — як асобную імпрэзу ў межах сьвяткаваньня Дня гораду.


Незвычайная імпрэза прыцягнула ўвагу соцень гледачоў і некалькіх дзясяткаў журналістаў.

У парадзе бралі ўдзел сапраўдныя маладыя пары, якія толькі сёньня ўзялі шлюб. Праўда, такіх пар-удзельніц было ўсяго 8, хоць напярэдадні плянавалі 15.

Маладыя з дружкамі і гасьцямі прайшлі па Пушкінскім мосьце да помніка Пушкіну — гэтае месца традыцыйна наведваюць вясельныя картэжы, каб сфатаграфавацца. Аднак сёньня каля помніка іх вітала хлебам-сольлю актрыса акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Раіса Грыбовіч.

Яна ж запрасіла маладых на пляцоўку каля тэатру, дзе акторы паказалі фрагмэнт вясельнага абраду, а потым пачаставала пары вясельным караваем — на шчасьце.

Імпрэза, якая выклікала вялікую цікаўнасьць у жыхароў гораду, цяпер будзе праводзіцца пэрыядычна. І, верагодна, ня толькі ў Дзень гораду.

Дарэчы, раней Дзень гораду ладзіўся падчас фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску», а яшчэ раней ён быў прымеркаваны да Дня вызваленьня гораду ад фашысцкіх захопнікаў — 26-га чэрвеня. Але сёньня наведнікі сьвяточных імпрэзаў пачулі новае абгрунтаваньне, чаму сьвяткаваньні трэба ладзіць менавіта 25-га. Старшыня гарвыканкаму Віктар Нікалайкін заявіў, што якраз у гэты дзень у 974 годзе легендарная княгіня Вольга спынялася на начлег у вусьці Віцьбы і загадала пабудаваць у гэтым месцы горад. Пра дачыненьне княгіні Вольгі да заснаваньня Віцебску ўжо не адно дзесяцігодзьдзе спрачаюцца навукоўцы-гісторыкі. Але меркаваньне гарадзкіх уладаў пераважыла: сьвяткаваньне Дня гораду пачалося сёньня і будзе працягвацца два дні.


Паглядзець фотагалерэю ва ўвесь экран
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG