Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кветкі да магілы Быкава


19 чэрвеня ў дзень народзінаў Васіля Быкава на Ўсходніх могілках Менску прадстаўнікі грамадзкасьці ўсклалі кветкі да магілы пісьменьніка.


Ля магілы Васіля Быкава выступілі паэт Анатоль Вярцінскі, які прачытаў верш, прысьвечаны Быкаву, прафэсар Юры Хадыка, пісьменьнік Васіль Якавенка, мастак Рыгор Сітніца.

"Быкаў – вялікая нацыянальная сьвятыня, гэтак, як Скарына, Купала, Колас. І трэба шанаваць гэтую сьвятыню",– сказаў Рыгор Сітніца.

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук зазначыў:

"За гэтыя дні я сустракаўся, гаварыў з прыхільнікамі творчасьці Быкава ў Менску, Берасьці, Горадні, Бабруйску. Пра ўсё гэта можна сказаць чатырма словамі: "Помнім. Любім. Чытаем, Слухаем". Гэта наш Быкаў".

Лідэр кампаніі "Гавары праўду" паэт Уладзімер Някляеў распавёў пра ход збору подпісаў за тое, каб па адной вуліцы ў Менску і Горадні былі названыя іменем Васіля Быкава. Кампанія стартавала пасьля Дня перамогі, яе арганізатары заплянавалі сабраць да 22 чэрвеня 50 тысяч подпісаў – менавіта столькі народу прыйшло 7 гадоў таму на разьвітаньне з Быкавым.

"Мы сваё слова стрымалі, нягледзячы на тое, што з намі адбылося, дакладней, што з намі зрабілі. Мы сабралі значна больш за 50 тысяч. На сёньняшні дзень за вуліцу Быкава падпісалася больш за 70 тысяч. І пасьля пільнай і дакладнай праверкі подпісаў тыя, хто падпісаўся за кампанію, панясем гэтыя подпісы ў гарвыканкам".

Сярод тых, хто падпісаўся пад ідэяй належнага ўшанаваньня памяці Быкава,– Генадзь Бураўкін, Вячаслаў Кебіч, Ігар Варашкевіч, Аляксандар Кулінковіч, Аляксей Янукевіч, Лявон Вольскі, Ніл Гілевіч і Алесь Пашкевіч, Рыгор Барадулін, Зінаіда Бандарэнка, шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Удава Быкава Ірына Міхайлаўна зьвярнулася да ўсіх, хто прыйшоў аддаць даніну памяці Васілю Быкаву:

"Я хачу ўсіх тых, хто прыйшоў сюды павіншаваць, падзякаваць за іх таварыства. Паберажыце сябе, пастарайцеся быць здаровымі, удачлівымі. Усяго вам самага лепшага. Дзякуй вам".

Ірына Міхайлаўна Быкава, Аляксандар Лукашук, Генадзь Мацур.

Васіль Якавенка

Ірына Міхайлаўна Быкава

Ірына Міхайлаўна

Уладзімер Някляеў і Рыгор Сітніца

Юры Хадыка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG