Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пад санкцыямі


Як і калі Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз уводзілі санкцыі адносна Беларусі? Які стан гэтых санкцый зараз?





ЗША: візавыя санкцыі

12 траўня 2006 году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падпісаў указ, якім забараняўся ўезд у Злучаныя Штаты чальцам беларускага кіраўніцтва, іх сужэнкам (сужэнцам), а таксама асобам, якія атрымліваюць фінансавыя выгоды ад палітыкі беларускіх уладаў.

Паводле ўказу забараняўся ўезд у ЗША:

А) Чальцам ураду Аляксандра Лукашэнкі ды іншым асобам, якія фармулююць, ажыцьцяўляюць, удзельнічаюць ці атрымліваюць выгаду ад палітыкі і дзеяньняў, у тым ліку фальсыфікацыі выбараў, парушэньня правоў чалавека, карупцыі, якія падрываюць ці разбураюць дэмакратычныя інстытуты і перашкаджаюць пераходу Беларусі да дэмакратыі

В) Асобам, якія праз камэрцыйныя адносіны з беларускімі ўрадавымі чыноўнікамі атрымліваюць істотную фінансавую выгаду ад палітыкі і дзеяньняў, пазначаных у пункце А)

С) Сужэнцам асобаў, пазначаных у пунктах А) і В).

Указ утрымліваў загад дзяржсакратару ЗША неадкладна скласьці сьпіс гэтых асобаў.

Раней Злучаныя Штаты двойчы ўводзілі візавыя санкцыі адносна беларускага кіраўніцтва – у 1998 годзе падчас крызысу вакол пасольскіх рэзыдэнцыяў у Драздах, а таксама ў 2002 годзе, калі беларускія ўлады выціскалі з краіны групу АБСЭ, не працягваючы візы яе супрацоўнікам.

У абодвух выпадках ЗША дзейнічалі салідарна з краінамі Эўразьвязу, у абодвух выпадках візавыя санкцыі былі адмененыя, калі дыпляматычныя крызысы, што выклікалі іх увядзеньне, былі вырашаныя.

Рэкамэндацыя ўвесьці забарону на ўезд у ЗША для Аляксандра Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў беларускага ўраду ўтрымлівалася ў “Акце аб дэмакратыі для Беларусі”, прынятым кангрэсам ЗША ў 2004 годзе.

ЗША: фінансавыя санкцыі


16 чэрвеня 2006 года рашэньнем прэзыдэнта ЗША былі ўведзеныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх урадоўцаў, “адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў і інстытутаў, парушэньне правоў чалавека, дзяржаўную карупцыю".

Рашэньне прадугледжвала замарожваньне ўсіх актываў, што знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША, згаданых грамадзянаў Беларусі, а таксама забарону грамадзянам ЗША мець бізнэс-дачыненьні з гэтымі асобамі.

Было адзначана, што ўнесеныя ў сьпіс асобы ўяўляюць "пагрозу для нацыянальнай бясьпекі ЗША".


Спачатку пад санкцыі патрапілі 10 чалавек:

Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Беларусі

Віктар Галаванаў, міністар юстыцыі

Аляксандар Зімоўскі, старшыня Белдзяржтэлерадёкампаніі

Віктар Лукашэнка, памочнік прэзыдэнта, чалец Рады Бясьпекі

Уладзімір Навумаў – міністар унутраных справаў

Дзьмітры Паўлічэнка – камандзір спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня МУС

Натальля Пяткевіч, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта

Сьцяпан Сухарэнка, старшыня КДБ

Віктар Шэйман, дзяржсакратар Рады Бясьпекі

Лідзія Ярмошына, кіраўнік Цэнтарвыбаркаму

У лютым 2007 году фінансавыя санкцыі былі распаўсюджаныя на яшчэ шасьцёх чыноўнікаў:

Пётр Міклашэвіч, генэральны пракурор

Юры Падабед, начальнік палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня

Аляксандар Радзькоў, міністр адукацыі

Уладзімір Русакевіч, міністар інфармацыі

Юры Сівакоў, былы міністар унутраных справаў

Алег Сьліжэўскі, начальнік упраўленьня грамадзкіх аб'яднаньняў Міністэрства юстыцыі

Дзеяньне фінансавых санкцый адносна беларускіх урадоўцаў было працягнутае ў чэрвені 2008 году яшчэ на год прэзыдэнтам ЗША Д.Бушам, 12 чэрвеня 2009 год дзеяньне санкцыяў яшчэ на год працягнуў прэзыдэнт Барак Абама.

ЗША: эканамічныя санкцыі

13 лістапада 2007 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахіму”. Урад ЗША разглядаў гэтае рашэньне як працяг санкцый адносна Аляксандра Лукашэнкі і іншых кіраўнікоў Беларусі, уведзеных у чэрвені 2006 году. Казначэйству ЗША было загадана прыняць меры супраць “Белнафтахіму”, а таксама ягоных прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Літве, Украіне, Расеі, Кітаі і ў саміх Злучаных Штатах.

7 сакавіка 2008 году міністэрства фінансаў ЗША патлумачыла санкцыі, уведзеныя ў лістападзе 2007 году адносна канцэрну “Белнафтахім”.

Фактычна сфэра дзеяньня санкцыяў распаўсюджаная на ўсе беларускія прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы ня меншай за 50%.

15 траўня 2008 ЗША ўвялі санкцыі супраць яшчэ трох беларускіх прадпрыемстваў: лідзкай “Лакафарбы”, полацкага “Шкловалакна” ды “Беларускага нафтавага гандлёвага дому” у Менску. Амэрыканскім фірмам і шэраговым грамадзянам забаранялася падтрымліваць адносіны з дадзенымі прадпрыемствамі, а рахункі гэтых кампаній у ЗША былі замарожаныя.

5 верасьня 2008 Мінфін ЗША на паўгода зьмякчыў эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да двух ААТ ­ “Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно". Потым рашэньне аб зьмякчэньні санкцый адносна гэтых двух прадпрыемстваў працягваліся 4 разы на паўгода, апошні раз – у траўні 2010 году да лістапада бягучага году.

Эўразьвяз: візавыя і фінансавыя санкцыі


10 красавіка 2006 году Рада Эўрапейскага зьвязу зацьвердзіла сьпіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за ўдзел у фальсыфікацыях вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. У сьпісе апынулася 31 асоба на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

“Маючы на ўвазе апошнія падзеі, Рада вырашыла ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта Лукашэнкі, прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва, адказных за парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў і стандартаў у галіне правоў чалавека, а таксама рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі. Асобы, чые імёны знаходзяцца ў далучаным сьпісе, маюць забарону на ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу”, – адзначалася ў заяве Рады Эўразьвязу.

У верасьні 2004 году Эўразьвяз прыняў рашэньне аб забароне выдачы віз падазроным у прыналежнасьці да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў у 1999-2000 гадах – Уладзіміру Навумаву, Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову, Дзьмітрыю Паўлічэнку. У сьнежні 2004 года, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, сьпіс быў пашыраны за кошт кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай і начальніка мінскага АМАПу Юрыя Падабеда.

18 траўня 2006 году Рада Эўразьвязу ўхваліла фінансавыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і 35 іншых вышэйшых беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў і ўціск грамадзянскай супольнасьці, ды перасьлед апазыцыі пад час прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году.

Гэтае рашэньне патрабавала замарозіць усе выяўленыя рахункі і маёмасьць у краінах Эўразьвязу, зьвязаныя наўпрост ці ўскосна з наступнымі беларускімі чыноўнікамі:

1. Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Беларусі;

2. Генадзь Нявыглас, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта;

3. Натальля Пяткевіч, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта;

4. Анатоль Рубінаў, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, адказны за ідэалёгію;

5. Алег Праляскоўскі, памочнік прэзыдэнта і кіраўнік ідэалягічнай управы адміністрацыі прэзыдэнта;

6. Аляксандар Радзькоў, міністар адукацыі;

7. Уладзімер Русакевіч, міністар інфармацыі;

8. Віктар Галаванаў, міністар юстыцыі;

9. Аляксандар Зімоўскі, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі;

10. Уладзімер Канаплёў, старшыня Палаты прадстаўнікоў;

11. Мікалай Чаргінец, кіраўнік камісіі Савету Рэспублікі;

12. Сяргей Касьцян, кіраўнік камісіі Палаты прадстаўнікоў;

13. Міхаіл Орда, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідэр БРСМ;

14. Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтравыбаркаму;

15. Пётр Міклашэвіч, генэральны пракурор;

16. Алег Сьліжэўскі, кіраўнік аддзелу грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў Мін''юсту;

17. Аляксандар Харытон, кансультант гэтага аддзелу Мін''юсту;

18. Яўген Сьмірноў, першы намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду;

19. Надзея Равуцкая, судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску;

20. Мікалай Трубнікаў, судзьдзя Партызанскага раённага суду Менску;

21. Мікалай Купрыянаў, намесьнік генэральнага пракурора;

22. Сьцяпан Сухарэнка, старшыня КДБ;

23. Васіль Дземянцей, першы намесьнік старшыні КДБ;

24. Леанід Козік, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў;

25. Аляксандар Каляда, старшыня Берасьцейскай абласной выбарчай камісіі;

26. Уладзімер Міхасёў, старшыня Гомельскай абласной выбарчай камісіі;

27. Леанід Лучына, старшыня Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі;

28. Ігар Карпенка, старшыня Менскай гарадзкой выбарчай камісіі;

29. Уладзімер Курловіч, старшыня Менскай абласной выбарчай камісіі;

30. Мікалай Мяцеліца, старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі;

31. Міхаіл Пішчулёнак, старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі;

32. Віктар Шэйман, старшыня Рады Бясьпекі;

33. Дзьмітры Паўлічэнка, камандзір брыгады спэцназу;

34. Уладзімер Навумаў, міністар унутраных справаў;

35. Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтравыбаркаму;

36. Юры Падабед, камандзір палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня.

У чэрвені 2006 году да санкцыяў Эўразьвязу далучылася Швайцарыя.

Візавыя санкцыі супраць чатырох дзясяткаў высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, а таксама кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, былі прыпыненыя на паўгода ў кастрычніку 2008 г.

Візавыя санкцыі супраць старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай і асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьняў апанэнтаў беларускага рэжыму: Віктара Шэймана, Дзьмітрыя Паўлічэнкі, Уладзімера Навумава і Юрыя Сівакова. Пазьней візавыя і фінансавыя санкцыі працягваліся некалькі разоў: у сакавіку 2009 году – на 9 месяцаў, у кастрычніку 2009 году – на год, пры гэтым працягвалася і замарожваньне візавых санкцый адносна 31-го беларускага ўрадоўца, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам.

У 2002 годзе, пасьля спыненьня ўладамі Беларусі працы Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі, калі афіцыйны Менск адмовіў у візах усім яе супрацоўнікам, Эўразьвяз у адказ увёў забарону на выдачу візаў 8 беларускім чыноўнікам, уключна з Лукашэнкам. Забарона была зьнятая ў 2004 годзе, калі ўлады Беларусі дазволілі адкрыць новы офіс АБСЭ ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG