Прадстаўніца гандлёвага падразьдзяленьня “Мазда-Лэндровэр” аўтамабільнага холдынгу "Атлант-М"
Эла Шляга кажа, што з улікам новых абставінаў тэрмінова даводзіцца перапісваць пляны разьвіцьця бізнэсу:

прыбытак кампаніі зьменшыцца дзесьці напалову” ...

“Сытуацыя такая: зьвярсталі бізнэс-плян “А”, цяпер вярстаем плян “Б”. Бо атрымліваецца заніжанай прыбытковасьці бізнэс у прынцыпе. Мы ня схільныя занадта драматызаваць сытуацыю, але тое, што падвышэньне мытных плацяжоў прывядзе да зьніжэньня нашага даходу, да зьмяншэньня свабоднага капіталу для разьвіцьця -- гэта відавочна. Адпаведна, будзе меней магчымасьцяў для складоў, меней магчымасьцяў для інвэстыцый унутраных. Гэта ўсё так. Ну, і для кліентаў магчымасьцяў меней, тут усё завязана. Але асноўнае — гэта прыбытак кампаніі. А яго будзе меней дзесьці напалову”.
Некаторыя дылеры пераглядаюць мэтазгоднасьць рэклямных акцый на прыцягненьне пакупнікоў за кошт зьніжак, распродажаў аўтамабіляў базавай камплектацыі і г.д. Што відавочна: празь месяц на аўто можна будзе павесіць зусім іншы цэньнік.
У аўтацэнтры “Кітайскія аўтамабілі” паведамілі, што сёньня распродажная акцыя яшчэ дзейнічае, але што будзе заўтра — сказаць цяжка:
“Пакуль вырашаем гэтае пытаньне, таму нічога пэўнага наконт зьменаў сказаць не магу. То бок варта штосьці зараз тэрмінова мяняць ці не — кіраўніцтва яшчэ ня вызначылася”.
Карэспандэнт: “Абвешчаныя раней акцыі пакуль яшчэ дзейнічаюць?”“Пакуль так. Прынамсі, сёньня яны яшчэ дзейнічаюць. То бок мы іх яшчэ не адмянялі. Мы іх заяўлялі да 31 сьнежня, таму на гэты момант яны ў сіле”.
Генэральны дырэктар Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава прагназуе: такі паварот прывядзе да татальнага адкату ў разьвіцьці легальнага аўтабізнэсу. Па сутнасьці, галіна будзе адкінута на дзесяцігодзьдзе назад. Па яе словах, ад 2005 году, калі заканадаўча выраўняліся пошліны на аўтамабілі для фізычных і юрыдычных асобаў, продаж новых машын у Беларусі вырас у 10 разоў, удвая павялічылася колькасьць аўтамабільных брэндаў. Апроч таго, аўтадылеры ствараюць сэрвісную сетку — цывілізаваную альтэрнатыву напаўпадпольным гаражам. У новых умовах гэта таксама будзе паступова згортвацца:

галіна будзе адкінута на дзесяцігодзьдзе назад. ...

“Што да афіцыйных дылераў, то многія зь іх ужо не адзін дзясятак гадоў на гэтым рынку. Хтосьці набліжаецца да дзясятка, а нехта ўжо і да другога дзясятка. Яны тут, яны ўрасьлі сюды карэньнем. І яны ня проста завозяць сюды аўтамабілі, а будуюць станцыі, дылерскія цэнтры. Гэтыя дылерскія сеткі разрастаюцца і ў рэгіёны. Паглядзіце, як часта людзі скардзяцца, што даводзіцца езьдзіць на абслугоўваньне ў Менск. А гэта лішняя трата бэнзіну, лішняя трата грошай; разумней абслугоўвацца па месцы жыхарства, у рэгіёне. Таму дылеры цяпер ствараюць свае цэнтры ці хоць бы станцыі тэхнічнага абслугоўваньня. Прычым ня толькі ў абласных гарадах, але ўвогуле па рэгіёнах. А гэта азначае інвэстыцыі. Дзе яшчэ ўзяць гэтыя грошы?”
Для фізычных асобаў новыя правілы ўвозу аўтамабіляў у рамках Мытнага саюзу пакуль ня вызначаныя. Адпачатку паведамлялася, што яны будуць выпрацаваныя да 1 ліпеня 2010 года, а да таго часу будуць дзейнічаць старыя стаўкі. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка сказаў, што пытаньне з прыватнымі пастаўшчыкамі аўто — самае складанае для Беларусі ва ўсёй ідэі Мытнага саюзу. Як сытуацыя будзе вырашацца — не ўдакладняецца.