Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая тактыка міліцыі пры разгоне акцыяў


Супрацоўнікі ў цывільным, адзін — з завязаным тварам — перашкаджаюць фотакарэспандэнту Reuters Васілю Фядосенку.
Супрацоўнікі ў цывільным, адзін — з завязаным тварам — перашкаджаюць фотакарэспандэнту Reuters Васілю Фядосенку.
Сёньня менская міліцыя пры разгоне акцыі памяці Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якія зьніклі 10 гадоў таму, ужыла новую тактыку. Спачатку людзям не давалі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, няспынна паліваючы брук вадою, а пазьней міліцыянты ў цывільным блякавалі працу фота і тэлекарэспандэнтаў, не даючы ім здымаць разгон.

Каля 30 чалавек, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску з партрэтамі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і транспарантам “Мы памятаем”, былі затрыманыя менскім спэцназам. Гвалтам іх запіхнулі ў тры міліцэйскія аўтобусы і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС Менску.

Сярод іх актывісты апазыцыі Мікалай Статкевіч, Сяргей Скрабец, Андрэй Кім, Зьміцер Бародка, Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Паліна Кур’яновіч, Алег Корбан, Мікола Сергіенка, Максім Сергіец, Сяржук Семянюк, Алёна Валынец.

На плошчы пасьля разгону засталося некалькі апазыцыянэраў, якія зноў узьнялі надарваныя спэцназам партрэты зьніклых. Сярод іх — Зьміцер Бандарэнка:

“Мы будзем выходзіць усе гады, пакуль вінаватыя ня будуць пакараныя”

У момант калі дзясяткі спэцназаўцаў у чорнай уніформе атачылі ланцуг неабыякавых людзей, па два міліцыянты ў цывільным ачапілі кожнага фота- і тэлежурналіста, перашкаджалі ім здымаць разгон акцыі. Пераапранутыя міліцыянты не прадстаўляліся і былі негаваркімі:

“Сёньня такі дзень, што не дазволілі здымаць зусім. Па ўсіх пытаньнях зьвяртайцеся ў ГУУС… Я звычайны чалавек. Мы робім сваю працу”.

Выконваючы сваю працу, спэцназаўцы ў цывільным перашкаджалі працаваць журналістам, некаторым нават парвалі кашулі.

Фотакарэспандэнт Арцём Лява шмат працаваў на мітынгах апазыцыі, але з такім абыходжаньнем міліцыі сутыкнуўся ўпершыню:

“Засланялі, закрывалі, сілу не ўжывалі, але ж… Тым ня меней здымкі зрабіць удалося, пакуль адбягаеш, дык зробіш… а потым ён даганяе, закрывае сабою”.

Прэсавы сакратар Аб’яднаных дэмакратычных сіл Юры Пацёмкін, які назіраў за падзеямі на Кастрычніцкай плошчы, выказаў меркаваньне:

“Рэжыму зараз вельмі нявыгадна, каб тое, што адбываецца на плошчы, пабачыла міжнародная супольнасьць, асабліва фота і відэа, у сувязі з тым, што ў Лукашэнкі сёньня першы за апошнія 13 гадоў візыт ў Эўразьвяз”.

Праваабаронца Алег Воўчак назваў падзеі на Кастрычніцкай плошчы парушэньнем правоў грамадзян на выказваньне сваёй думкі і парушэньнем правоў журналістаў:

“Мяркую, што трэба заводзіць крымінальную справу па факце злоўжываньня міліцыяй службовымі паўнамоцтвамі”.

Палітык Лявон Баршчэўскі прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу са спазьненьнем, ён кажа, што грамадзкі транспарт быў адмыслова заблякаваны перад пачаткам акцыі:

“Гэтую плошчу хочуць зрабіць сьвятой каровай, каб непанадна было хадзіць на яе. І прымаюць жорсткія захады, каб не пасьпелі людзі сабрацца. Таму трэба любыя акцыі рыхтаваць. Спантанныя акцыі будуць заканчвацца пасадкамі. Гэта само за сябе гаворыць, якая тут у нас лібэралізацыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG