Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пэрформанс штрафы


Мікола Дземідзенка і Маргарыта Кароль ля суду Цэнтральнага раёну
Мікола Дземідзенка і Маргарыта Кароль ля суду Цэнтральнага раёну

Штрафамі пакараў суд Цэнтральнага раёну Менску актывістаў “Маладога фронту” Міколу Дземідзенку і Рыту Кароль за пэрформанс насупраць будынку расейскай амбасады 8 верасьня.

Маладафронтаўцы спрабавалі стаць з расьцяжкай, але міліцыянты не далі ім гэтага зрабіць.

Міколу Дземідзенку і Рыту Кароль паплечнікі і сваякі чакалі ад 9 раніцы. Толькі пасьля 14 гадзіны маладафронтаўцаў прывезьлі ў суд.

Нагадаем: 8 верасьня Рыта Кароль і Мікола Дземідзенка, як толькі наблізіліся да будынку амбасады Расейскай Фэдэрацыі, трапілі ў рукі міліцыянтаў. Міколу павалілі на зямлю, а Маргарыту адцягнулі ўбок. Акцыю хацелі зьняць здымачныя групы ОНТ, БТ і СТВ. Мікола і Рыта адмовіліся даць ім камэнтары, патлумачыўшы, што маюць досьвед, як потым у выніку мантажу скажаюць іх словы.

Мікола і Маргарыта лічаць, што мэта акцыі дасягнутая. Яны прыгадалі, як міліцэйскі апэратар хацеў зьняць расьцяжку, і міліцыянты ў параднай форме, як сапраўдныя пікетоўцы, некалькі хвілінаў трымалі яе насупраць будынку амбасады.

Рыта Кароль упершыню трапіла ў камэру турмы на вуліцы Акрэсьціна.

“Калі мы сядзелі ў міліцыі, то там былі такія два супрацоўнікі міліцыі, якія паводзілі сябе вельмі груба. Яны ўвесь час лаяліся, адпускалі жарты наконт беларускай мовы і зьнешняга выгляду. Такія нэрвовыя былі.

Калі прыехалі на Акрэсьціна, то там былі нармальныя міліцыянты. Мяне пасадзілі на першым паверсе. Было вельмі холадна. Я ня спала, усё спрабавала сагрэцца… Але ня так страшна, як падавалася”.

Суд пакараў дзяўчыну штрафам у 175.000 рублёў.

Міколу Дземідзенку давядзецца заплаціць большую суму — мільён 50 тысяч рублёў. Гэта пяты па ліку штраф, якім пакаралі маладафронтаўца за ўдзел у вулічных акцыях.

Мікола Дземідзенка ля суду Цэнтральнага раёну
“Я разьлічваў на суткі паводле таго, як было ў міліцыі і вёўся працэс. Чаму так не адбылося? Цяжка сказаць. Нас вазілі з турмы ў міліцыю, там трымалі. Потым сюды прывезьлі і таксама не павялі адразу. Я так зразумеў, што вырашылі ў апошні момант і рашэньне прымала не судзьдзя. Цяжка сказаць, чаму так нэрвова. Магчыма, таму, што дата такая і ўлады хочуць нешта такое прадэманстраваць і Эўропе, і Расеі”.

Мікола Дземідзенка і Рыта Кароль з суду паехалі ў міліцыю, каб забраць свае рэчы і мабільныя тэлефоны. Яны заявілі, што возьмуць удзел у ланцугу на Кастрычніцкай плошчы разам са сваімі сябрамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG