Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашто беларускім дзецям замежныя мовы...


Пасьля пераходу школьнай адукацыі на 11-годку былі істотна скарочаныя навучальныя праграмы па замежных мовах. Гэта заўважыў нават А. Лукашэнка, які загадаў міністру адукацыі Аляксандру Радзькову ўзмацніць вывучэньне замежных моваў. Як будзе выконвацца гэты загад?

Рэформа школы найбольш балюча ўдарыла менавіта па вывучэньні замежных моваў. Па-першае, цалкам адмянілі вывучэньне замежных моваў у пачатковай школе — маўляў, вялікая нагрузка на маленькіх дзетак. Па-другое, у ліцэях і гімназіях, дзе вывучаліся дзьве замежныя мовы, адну цалкам скасавалі. Па-трэцяе, значна скарацілі праграмы ў ліцэях і гімназіях — цяпер усе агульнаадукацыйныя ўстановы маюць адзіныя, спрошчаныя, навучальныя пляны і праграмы.

Спадарыня Юлія, маці другаклясьніка Даніка, толькі што вярнулася са сходу ў беларускамоўнай гімназіі:

“З замежнай мовай нічога не зьмянілася. Летась маё дзіця ішло ў першую клясу беларускай гімназіі з замежнай мовай навучаньня. У выніку ў першай клясе быў адзін факультатыў замежнай мовы бясплатны, адзін факультатыў мовы платны. Сёлета такая самая сытуацыя: сярод факультатываў платных і бясплатных ёсьць замежная мова. У выніку, канечне, усе выбралі адзін факультатыў абавязковы бясплатны, а другі — платны. Абавязковай праграмай у пачатковай школе не прадугледжана вывучэньне замежнай мовы”.

Не дадалося ўрокаў па замежных мовах сёлета і ў старэйшых клясах. Начальнік упраўленьня сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў распавёў:

“Вучэбныя праграмы па ўсіх прадметах, у тым ліку і па замежных мовах, сёлета мяняцца ня будуць. У дзейныя праграмы па замежнай мове закладзены вось гэты складнік па ўзмацненьні так званага размоўнага аспэкту”.

У адным з тэлевізійных інтэрвію рэктарка Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Баранава заўважыла, што абітурыенты, якія атрымалі высокія балы па замежных мовах на цэнтралізаваным тэставаньні, часьцяком дрэнна валодаюць гутарковым маўленьнем. Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў паведаміў, што ў пэрспэктыве ў школе плянуецца ўвесьці абавязковы экзамэн па замежнай мове:

“Гады праз тры мы плянуем зрабіць экзамэн па замежнай мове ў школе. Мы тады за школу зробім экзамэн у вуснай форме, гутарковае маўленьне, а на тэставаньні плянуем замежную мову пакінуць у пісьмовай форме”.

Намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва паведаміла, што зараз дадзена даручэньне распрацаваць новыя падручнікі па замежных мовах:

“У канцэпцыі новых нацыянальных падручнікаў, якія актыўна распрацоўваюцца Лінгвістычным унівэрсытэтам, — перш за ўсе акцэнт на гутарковае маўленьне. І, дарэчы, чаму ўзьнікла ідэя экзамэну — каб матываваць, у тым ліку і такім чынам, маладых людзей на засваеньне ня толькі граматычнай структуры мовы, на падрыхтоўку да тэстаў, але менавіта на гутарковую мову”.

Але ўсё гэта — экзамэн, новыя падручнікі, павелічэньне колькасьці ўрокаў замежнай мовы — у даволі аддаленай пэрспэктыве. І хоць прагрэсіўныя пэдагогі, псыхолягі раяць пачынаць вывучэньне замежных моваў як мага раней, беларускія чыноўнікі па-ранейшаму лічаць, што ў пачатковай школе загружаць дзяцей мовамі немэтазгодна. А вось бацькі хочуць, каб іх дзеці як мага раней пачалі вывучаць замежныя мовы. Зноў паслухаем маці другаклясьніка спадарыню Юлію:

“Гэта той самы ўзрост, калі дзіця хапае ўсё, калі ў яго мозг скіраваны на тое, каб больш запамінаць і вывучаць, а мы вымушаныя яшчэ і браць у гуманітарнай гімназіі дадатковыя заняткі па замежнай мове ў рэпэтытара ці ў прыватнай школе”.

А цяперашнія школьнікі, у якіх ёсьць матывацыя да дасканалага валоданьня замежнымі мовамі, вымушаныя вывучаць іх ня ў школах і гімназіях, а за грошы — з рэпэтытарамі ці на платных курсах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG