Праграмы / Экспэртыза Свабоды

Ці прыйдуць пасьля візавых санкцый ЭЗ эканамічныя?

08.04.2008 19:57

У панядзелак Рада Эўразьвязу падоўжыла яшчэ на адзін год візавыя санкцыі адносна шэрагу чыноўнікаў Беларусі.


Ці можа Эўразьвяз пайсьці па ўзмацненьне санкцыяў? Ці далучыцца калі-небудзь Брусэль да эканамічных санкцыяў Вашынгтону? На гэтыя пытаньні адказваюць палітолягі Юры Чавусаў і Андрэй Фёдараў.

Цыганкоў: “У панядзелак Рада ЭЗ падоўжыла яшчэ на адзін год візавыя санкцыі адносна шэрагу чыноўнікаў Беларусі. Рашэньне было прынятае падчас паседжаньня ў Люксэмбургу прадстаўнікамі ўсіх эўрапейскіх краінаў, якія ўваходзяць у Раду ЭЗ. У сьпісе знаходзяцца Аляксандар Лукашэнка і іншыя чыноўнікі (усяго звыш 40 чалавек), якім абмежаваны ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу. Такім чынам, Брусэль працягнуў санкцыі візавыя, але нават не разглядаў магчымасьць увядзеньня эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Наколькі пасьлядоўнае гэтае рашэньне, як яно характарызуе стратэгію Эўразьвязу што да Беларусі?”

“Візавыя абмежаваньні на палітыку ўнутры Беларусі не ўплываюць”

Чавусаў
: “Што да візавых забаронаў, то гэта хутчэй сымбалічныя дзеяньні. Я б назваў гэта ня сродкам выпраўленьня сытуацыі, а сродкам пакараньня тых асобаў, якія ня могуць быць пакараныя ў межах існуючай беларускай сыстэмы. Таму цяжка было чакаць ад Эўразьвязу якіх-небудзь іншых крокаў. На маю думку, рашэньне цалкам пасьлядоўнае і знаходзіцца ў рэчышчы ранейшай абранай стратэгіі”.

Фёдараў: “Я цалкам згодны тут з Чавусавым у тым сэнсе, што на дадзены момант у Брусэлю не было ніякага іншага выйсьця. Але я ня згодны зь ім у тым, што візавыя санкцыі не аказваюць ніякага ўплыву. Мы ведаем, што міністар замежных спраў Беларусі Мартынаў нядаўна сустракаўся з пасламі краінаў Эўразьвязу і менавіта пра гэта вёў размову, заяўляючы, што якраз першым крокам з боку Эўразьвязу мусіць стаць адмена санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў, і акурат зь “верхняй” часткі сьпісу.

Другі момант. Усё ж 5 з 6 палітзьняволеных былі вызвалены. І гэта ў сумеснай заяве Рады Эўразьвязу якраз учора і было адзначана. Так што гэта ўсё ж нейкае значэньне мае і адыграе пэўную ролю Але гэта пакуль ня тая прычына, каб беларускі бок пайшоў на сур’ёзныя крокі насустрач эўрапейскім патрабаваньням”.

Чавусаў: “Спадар Мартынаў рэагуе такім чынам проста таму, што гэта ягоная праца. Але на мой погляд, гэтыя візавыя абмежаваньні на палітыку ўнутры Беларусі не ўплываюць. Мы бачым, што санкцыі былі ўведзеныя даволі даўно, але нейкая рэакцыя афіцыйнага Менску паўстала толькі тады, калі былі задзейнічаны эканамічныя чыньнікі”.

Цыганкоў: “Дыскусія, якая пачалася паміж нашымі суразмоўцамі, прымушае паставіць пытаньне “ўмоўнага ладу”. Сапраўды, а што было б, калі б беларускія ўлады 25 сакавіка не разагналі б акцыю на Дзень Волі, а 27 сакавіка не рабілі ператрусы ў недзяржаўных журналістаў, многія зь якіх працуюць на эўрапейскія СМІ? Ці не давялося б Брусэлю ісьці на нейкае зьмякчэньне санкцыяў? А калі Менск разумеў гэта – чаму ён пайшоў на гэтыя брутальныя акцыі?”

“Калі ўжо мы Казуліна не вызваляем, то давайце “па поўнай” ударым па нашых апанэнтах”


Фёдараў: “Я мяркую, што ў такім выпадку Эўразьвяз мусіў пайсьці на пэўныя зьмякчэньні. Але баюся, што гэта настолькі бюракратычная структура, што яна ня вельмі гнутка можа рэагаваць на падзеі. І мне здаецца, беларускія ўлады ведалі ці былі папярэджаныя, што ніякага зьмякчэньня ня будзе. І таму гэта выклікала такую рэакцыю 25 і 27 сакавіка. На мой погляд, Эўразьвязу варта было пайсьці на пэўнае зьмякчэньне ў адказ на тыя крокі, якія рабіў Менск”.

Чавусаў: “Але я нагадаю, што пэўнае “падмарожваньне” пачалося яшчэ да 25 сакавіка. За некалькі дзён да гэтага быў напад на недзяржаўную арганізацыю ў Бабруйску, які быў зроблены даволі дэманстратыўна. Былі даволі жорсткія дзеяньні міліцыянтаў супраць удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў, і завядзеньня крымінальных справаў па выніках гэтых акцыяў.

На мой погляд, гэта было “заходняе суправаджэньне тых перамоваў, што вяліся на ўсходнім накірунку”. Выдзяленьне расейскага крэдыту і даволі пазытыўныя вынікі перамоваў па коштах на газ – гэта ўсё былі чыньнікі, якія дазвалялі рэжыму больш упэўнена сябе адчуваць на заходнім накірунку.

Безумоўна, асноўным пытаньнем было вызваленьне Казуліна. І відаць, там палічылі так – калі ўжо мы Казуліна не вызваляем, то давайце гэтым момантам скарыстаемся і “па поўнай” ударым па нашых апанэнтах”.

“Пасьля парлямэнцкіх выбараў – у залежнасьці да таго, як яны пройдуць – магчыма, эканамічныя санкцыі Эўропай і будуць уведзеныя”

Цыганкоў: “Ці далучыцца Брусэль хоць калі-небудзь да эканамічных санкцыяў Вашынгтону? Ці магчымы такі паварот падзеяў нават тэарэтычна?”

Фёдараў: “Мне падаецца, што пры сёньняшніх абставінах гэта малаверагодна. Цяпер гэта вельмі складана сабе ўявіць – па шэрагу чыньнікаў, якія неаднаразова ўзгадваліся. І я, дарэчы, лічу, што такія патэнцыйныя санкцыі вельмі небясьпечныя для Беларусі, бо расейскі чыньнік таксама адыграе істотную ролю. Калі будзе занадта моцны ціск Захаду, у беларускіх уладаў можа не застацца іншага выйсьця, акрамя таго, як пайсьці насустрач Расеі настолькі далёка, што гэта будзе пагроза нашай незалежнасьці”.

Чавусаў: “На мой погляд, эканамічныя санкцыі Эўропы супраць Беларусі немагчымыя, бо ў руках Менску знаходзяцца таксама даволі моцныя транзытныя рычагі, каб уплываць на Эўропу. Гэта такая гульня, дзе абодва бакі ведаюць, што ў суперніка ёсьць козыры.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў – у залежнасьці да таго, як яны пройдуць – магчыма, эканамічныя санкцыі Эўропай і будуць уведзеныя. Але яны ня будуць настолькі маштабныя, як, напрыклад, эмбарга ці блякаваньне актываў прадпрыемстваў за мяжой. Хутчэй за ўсё, гэта будзе датычыць нетарыфных абмежаваньняў ці неспрыяльных эканамічных рашэньняў у дачыненьні да Беларусі”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
09.04.2008 08:28

Скажу словамi з вельмi вядомага савецкага фiльма: "Няма у вас метадау супраць Косьцi Сапрыкiна". Так... Вельмi шкада, але няма нiякiх метадау у ЭЗ i ЗША супраць Аляксандра Лукашенкi, ды i не шукаюць яны iх, а так нешта там робяць...Але усе намаганьнi ад пачатку у стане паразы, бо iстотны чыньнiк гэтай гульнi - адносiны Захада i Расеi. Iнтарэсы Захада - энэрганосьбiты Расеi. Iнтарэсы Расеi - транзыт гэтых энэрганосьбiтау. Дык каму больш патрэбна Беларусь i хто будзе яе усяляк "баранiць" ад рознай там дэмакратыi, ды iмкнуцца увогуле захапiць?


Імя:: M.S.
09.04.2008 08:39

Sp-r Cygankow, czytajcie uvazhliva tekst raszennia Eurazviazu, tam cely asobny punkt prysviaczajecca zamarozcy rachunkau. Hety punkt spakojna isnuje i nie vykluczajecca jaszcze z 2006 hoda.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb
ПАМЕР ШРЫФТУ