Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сэнатара Маккэйна не пусьцілі ў Беларусь?


Юры Сьвірко, Менск МЗС Беларусі заяўляе, што беларускае кіраўніцтва не задаволілі прапанаваныя тэрміны візыту, але яно было гатовае прыняць дэлегацыю амэрыканскіх сэнатараў пасьля заканчэньня выбарчых кампаніяў як у Беларусі, гэтак і ў ЗША.

Сэнатар Джон Маккэйн, адзін з аўтараў праекту “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, які яшчэ ў лютым сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі на канфэрэнцыі ў Рызе, а потым прымаў прадстаўнікоў кааліцыі “5+” у сябе ў Вашынгтоне, зьбіраўся наведаць Менск у жніўні разам яшчэ з трыма калегамі па амэрыканскім Сэнаце. Спадар Маккэйн хацеў сустрэцца і з самім Аляксандрам Лукашэнкам, але афіцыйны Менск адмовіўся выдаць візы дэлегацыі парлямэнту ЗША.

“Паколькі ён баяўся, што мы можам скрытыкаваць ягонае таталітарнае праўленьне, спадар Лукашэнка адмовіў нам у візах, адхіліў наш візыт і не дазволіў нам уезд у краіну”, — заявіў сэнатар Маккэйн.

Я папрасіў пракамэнтаваць гэтую заяву прэсавага сакратара беларускага МЗС Андрэя Савіных:

(Савіных: ) “Беларускі бок быў гатовы вітаць візыт дэлегацыі Кангрэсу ЗША ў Беларусь і падрыхтаваць адпаведную праграму знаходжаньня. У звычайнай практыцы арганізацыя такога кшталту візытаў патрабуе ўзгадненьня як праграмы, гэтак і тэрмінаў візыту ўсімі бакамі. Тэрміны візыту, прапанаваныя амэрыканскім бокам, нас не задаволілі. Тым ня менш, зыходзячы з нашай зацікаўленасьці ў разьвіцьці канструктыўнага дыялёгу з ЗША, мы прапанавалі перанесьці візыт на больш позьні час, а менавіта — пасьля завяршэньня выбарчых кампаніяў як у Беларусі, гэтак і ў ЗША. Тэрміны, якія прапаноўваюцца, дазволілі бы, на нашу думку, забясьпечыць якасную падрыхтоўку гэтага мерапрыемства, а таксама аб’ектыўна спрыялі бы падвышэньню ўзроўню зьмястоўнай часткі сустрэчаў. Гэтая пазыцыя была апэратыўна даведзеная да ведама сэнатара Маккэйна. Ягоная заява ў гэтым кантэксьце выклікае ў нас скрайняе зьдзіўленьне й прымушае сумнявацца ў канструктыўнасці раней дэкляраваных намераў”.

Андрэй Савіных дадаў, што візыт дэлегацыі на чале з Джонам Маккэйнам мог адбыцца пры канцы году.

Нагадаю, што ў лютым сэнатар Маккэйн у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода, адказваючы на маё пытаньне, якой можа быць абяцаная ім дапамога Захаду ў справе заканчэньня дыктатуры ў Беларусі, заявіў, што вывучае магчымасьці забесьпячэньня большай і лепшай інфармацыі для народу Беларусі.

“Мы будзем працягваць вывучаць спосабы, як мы можам аказаць дапамогу, — сказаў тады спадар Маккэйн і дадаў: — Мы робім гэта ўва ўсім сьвеце ды будзем працягваць гэта. Падчас нядаўніх выбараў у Грузіі мы вельмі дапамагалі, і новы прэзыдэнт выказаў падзяку за наш унёсак. Такім чынам, мы можам дапамагчы — проста мы павінны быць вельмі асьцярожнымі, узважанымі, працуючы з Кангрэсам, адміністрацыяй і дзяржаўным дэпартамэнтам. Мы вельмі шчыльна працуем разам”.

***

У лютым сёлета сэнатар Маккэйн узначальваў дэлегацыю амэрыканскіх сэнатараў і кангрэсмэнаў на канфэрэнцыі ў Рызе, прысьвечанай абмеркаваньню шляхоў дэмакратызацыі Беларусі. На той канфэрэнцыі сэнатар заявіў, што ЗША і Эўропа маюць маральны абавязак падтрымаць апазыцыю дыктатуры Лукашэнкі. У 2002 годзе Джон Маккэйн выступіў з надзвычай рэзкай прамоваю на наладжанай у Вашынгтоне канфэрэнцыі “Вось зла: Беларусь – прапушчанае зьвяно”. Джон Маккэйн таксама адным зь першых падтрымаў у Сэнаце законапраект “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, які прадугледжвае шэраг эканамічных санкцыяў супраць беларускай улады й падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Гл. таксама • Сэнатар Джон МакКэйн выступіў з заявай з нагоды забароны прэзыдэнтам Лукашэнкам уезду амэрыканскіх сэнатараў у Беларусь • Statement by senator John McCain on President Lukashenka’s decision to bar senators from Belarus (арыгінал, па-ангельску)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG