Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў паляцеў да Мядзьведзева


Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў
Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў

21 сакавіка ў Чырвонай Паляне, пад Сочы, праходзіць сустрэча Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміла прэс-служба прэзыдэнта Беларусі, Аляксандар Лукашэнка "знаходзіцца з рабочым візытам у Расейскай Фэдэрацыі па запрашэньні свайго расейскага калегі Дзьмітрыя Мядзведзева".


"У адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, дасягнутымі падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў 19 сакавіка, прэзыдэнты працягнулі распачатую размову ў нефармальнай абстаноўцы ў Сочы. На парадку дня — шырокае кола пытаньняў двухбаковых адносінаў, міжнародная праблематыка", — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

Паводле інфармацыі прэс-службы, "у пачатку сустрэчы кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі магчымасьць пабудовы аб'ектаў зімовай Алімпіяды 2014 года з удзелам беларускіх будаўнікоў. Дзьмітрый Мядзьведзеў, у прыватнасьці, прапанаваў беларускаму боку ўзяць удзел у некалькіх буйных праектах. Аляксандар Лукашэнка ў сувязі з гэтым паведаміў расейскаму калегу, што Беларусь рэалізуе буйны інвэстыцыйны праект па будаўніцтве біятлоннага стадыёну".

"Мы хочам, каб вы ўніклі ў ходзе будаўніцтва і аказалі нам садзейнічаньне", — цытуе Лукашэнку прэс-служба.

Пры абмеркаваньні саміту краін "вялікай дваццаткі", які мае адбыцца 2 красавіка ў Лёндане, Лукашэнка заявіў, што Беларусь "абсалютна падтрымлівае" прапановы расейскага боку, падрыхтаваныя да саміту.

Паводле зьвестак РІА “Новости”, Лукашэнка таксама зазначыў, што пасьля сустрэчы 19 сакавіка ў Завідаве "застаўся пакет пытаньняў", якія ім з прэзыдэнтам Расеі неабходна абмеркаваць. "Тады абмяркоўвалі антыкрызісныя меры, эканоміку, але застаўся некаторы пакет пытаньняў, які мы павінны абмеркаваць. Па зьнешнепалітычных аспэктах, вядома, вельмі пажадана пагутарыць, каб не было ніякіх розначытаньняў", — цытуе агенцтва Лукашэнку.

У размове з карэспандэнтам БелаПАН кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі абверг чуткі аб тым, што А.Лукашэнка адправіўся ў Сочы адразу пасьля перамоў у Завідаве. "Пасьля сустрэчы з Дзьмітрыем Мядзведзевым у Завідаве 19 сакавіка прэзыдэнт вярнуўся ў Менск", — заявіў Лёгкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG