Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрэра-Вальднэр тлумачыць, чаму ня едзе ў Менск


Бэніта Фэрэра-Вальднэр
Бэніта Фэрэра-Вальднэр

Неабходнасьцю дадатковай прапрацоўкі беларускага пытаньня патлумачыла сёньня перанос свайго візыту ў Менск эўракамісар у пытаньнях зьнешніх сувязяў і палітыкі добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр.

Пра гэта яна заявіла 12 сакавіка ў Страсбуры падчас сустрэчы з былым кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным і сустаршынём Палітрады Аб’яднаных дэмсілаў Анатолем Лябедзькам.

Візыт Бэніты Фэрэры-Вальднэр меўся распачацца якраз сёньня. Беларускае прадстаўніцтва Эўракамісіі ўжо нават рассылала запрашэньні для ўдзельнікаў сустрэчаў зь ёю. Але нечакана сытуацыя кардынальна зьмянілася. Міністэрства замежных спраў Беларусі без тлумачэньня прычынаў паведаміла пра перанос візыту на красавік.А прэсавая сакратарка эўракамісара патлумачыла гэта “перагружаным працоўным графікам спадарыні Фэрэры-Вальднэр”.

Сёньня сытуацыю пракамэнтавала сама эўракамісар на сустрэчы зь беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі. Анатоль Лябедзька кажа:

Анатоль Лябедзька
“Галоўная сустрэча ў нас была сёньня. І яна нам сказала, што некаторыя беларускія пытаньні патрабуюць яшчэ дадатковай прапрацоўкі”.

Сустаршыня Палітрады АДС кажа, што сёньня ж ён і Аляксандар Казулін дамовіліся падтрымліваць сталыя кантакты з эўракамісарам:

“Яна выказала жаданьне праводзіць з намі далейшыя кансультацыі па беларускай праблематыцы. Мы ўсталявалі, так бы мовіць, наўпроставую сувязь, якую можам выкарыстоўваць. І эўракамісар вельмі зацікаўленая, каб у нас усё ня скончылася сёньняшняй сустрэчай, а каб былі сталыя кансультацыі. І гэта вельмі добра.

І яшчэ, што нам падалося вельмі важным. Эўракамісар сказала, што як толькі яна прыедзе ў Менск, яна публічна агучыць мэты і задачы свайго прыезду. Каб потым не было нейкіх недамоўленасьцяў, недасказанасьцяў і вольнай інтэрпрэтацыі беларускімі мэдыямі, зь якой місіяй яна прыбыла”.

Спадар Лябедзька тлумачыць, чаму пытаньне пра мэты візыту набыло такую актуальнасьць:

“Мы расказалі пра ўсе хібы візыту Саляны —тое, што ён праходзіў у закрытым рэжыме, не былі выразна абазначаныя мэты і задачы гэтай паездкі і г.д. Таму склалася ўражаньне, што Саляна на 100% гуляў па правілах Лукашэнкі. І мы гэтаксама крытычна і на іншых сустрэчах ацэньвалі тое, як адбываўся візыт Саляны. Мы нават выкарысталі такі рэзкі выраз, што візыт Саляны можа прэтэндаваць на адно з самых няўдалых палітычных мерапрыемстваў 2009 году”.

Аляксандру Казуліну і Анатолю Лябедзьку спадабалася, што Бэніта Фэрэра-Вальднэр у дачыненьнях зь Беларусьсю не забываецца пра дэмакратычныя каштоўнасьці:

“Канечне, у яе ёсьць засьцярога ў пытаньні сувэрэнітэту Беларусі. Але разам з тым яна вельмі акцэнтавана заявіла, што гэта ня можа азначаць нейкую гульню з эўрапейскімі каштоўнасьцямі”.

Беларускія апазыцыйныя палітыкі сёньня завяршаюць свой візыт у Страсбур. Там яны таксама сустракаліся з генэральным сакратаром Рады Эўропы Тэры Дэйвісам.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і былы палітвязень Аляксандар Казулін знаходзіліся з трохдзённым візытам у Страсбуры на запрашэньне Эўрапейскага парлямэнту. Эўрадэпутаты пажадалі выслухаць іх пазыцыю, перш чым правесьці ў красавіку слуханьні па сытуацыі ў Беларусі і разгледзець праект адпаведнай рэзалюцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG