Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усеагульнае права на свабоду сэксуальнай арыентацыі?


18 сьнежня дыпляматы з 66 краін, на нефармальным спатканьні ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью Ёрку, падпісалі мэмарандум, у якім заклікаюць Генэральную Асамблею ААН прысьвяціць дэбаты дыскрымінацыі людзей з прычыны іх сэксуальнай арыентацыі.


Ініцыятыва збору подпісаў пад мэмарандумам выйшла ад сямі краінаў: Францыі, Аргентыны, Бразыліі, Харватыі, Габону, Нідэрляндаў і Нарвэгіі.

Прычыну ініцыятывы коратка і выразна растлумачыла журналістам Рама Ядэ, дзяржсакратар Францыі ў пытаньнях правоў чалавека:

„Сёньня 66 краінаў перапыняюць маўчаньне і заяўляюць, што абарона асноўных свабодаў і пытаньне сэксуальнай арыентацыі ды гендэрнай ідэнтычнасьці — узаемазьвязаныя. Як можна пагаджацца на пачатку гэтага 21-га стагодзьдзя, каб людзей арыштоўвалі, катавалі і каралі сьмерцю з прычыны іхняй сэксуальнай арыентацыі?”

Як можна пагаджацца на пачатку гэтага 21-га стагодзьдзя, каб людзей арыштоўвалі, катавалі і каралі сьмерцю з прычыны іхняй сэксуальнай арыентацыі?
Паводле падпісантаў мэмарандуму, запіс аб абароне права на свабодны выбар сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасьці павінен знайсьціся ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якой у гэтым месяцы споўнілася 60 гадоў.

Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека не зьяўляецца юрыдычным актам, а ўсяго толькі заявай аб намерах. Аднак дэклярацыя дае вызначэньні такіх паняцьцяў як "асноўныя свабоды" і "правы чалавека", якія згадваюцца ў Хартыі ААН — дакумэнце, які абавязвае ўсіх членаў ААН. Таму дэклярацыю звычайна трактуюць як неаддзельную частку міжнароднага права.

У ААН не існуе афіцыйнага мінімуму подпісаў, якія неабходныя, каб склікаць дэбаты ў Генэральнай Асамблеі над нейкім пытаньнем. Але звычайна лічыцца, што дзеля дэбатаў трэба сабраць подпісы ад ня менш чым 100 краінаў (у ААН цяпер уваходзяць 192 краіны).


Пакуль што пад мэмарандумам аб дыскрымінацыі сэксуальных мяншыняў няма подпісаў Злучаных Штатаў Амэрыкі, Расеі і Кітаю. Але новаабраны прэзыдэнт ЗША Барак Абама даў зразумець, што калі ён уступіць на сваю пасаду, ініцыятыва не зачакаецца подпісу ад ЗША:

„Я думаю, нікому не сакрэт, што я зьяўляюся палкім прыхільнікам роўнасьці для амэрыканскіх геяў і лесьбіянак. Гэта пытаньне, у якім я быў пасьлядоўны дагэтуль і намерваюся быць пасьлядоўным у часе майго прэзыдэнцтва”.

Мы пазванілі ў місію Рэспублікі Беларусь пры ААН у Нью Ёрку і спрабавалі высьветліць, ці пад гэтым мэмарандумам ёсьць подпіс ад Беларусі. Спадарыня, якая не назвалася, сказала нашай службе, што подпісу Беларусі там няма і што Беларусь выступіла з асобнай заявай у гэтым пытаньні. Калі мы пазванілі на нумар намесьніка кіраўніка місіі, каб даведацца нечага пра гэтую заяву, на лініі уключыўся нейкі апарат з шумавымі памехамі, якія, паводле таго, што нам сказаў дзядзька на другім канцы дроту, не дазваляюць яму пачуць нашага голасу і пытаньняў. Вось такая тэлекамунікацыя паміж Эўропай і Амэрыкай у 21-ым стагодзьдзі.

Гомасэксуальныя зносіны забароненыя пад пагрозай пакараньня ў 77 краінах сьвету. У сямі краінах гомасэксуалізм караецца сьмерцю: Саудаўскай Арабіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Іране, Маўрытаніі, Нігерыі, Судане і Емэне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG