Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады не баяцца беспрацоўя прадпрымальнікаў?


Прыкладна 100—120 тысяч беларускіх прадпрымальнікаў пасьля Новага году могуць стаць беспрацоўнымі. Гэтыя лічбы прагучалі сёньня падчас круглага стала па праблемах прадпрымальніцтва.

Прадпрымальнікі адзначалі, што ўказы кіраўніка дзяржавы навязваюць ім “невыканальныя ўмовы дзейнасьці”. І бальшыні зь іх застаецца толькі адно — спыніць працу і стаць беспрацоўнымі.

Эканаміст Сяргей Балыкін кажа: “уладам гэта ня страшна, бо на статыстыцы амаль не адаб’ецца”:

“Беспрацоўе ў нас лічыцца па колькасьці тых, хто стаў на ўлік у цэнтры занятасьці. Але які сэнс рэгістравацца, калі памер дапамогі складае ўсяго дзьве базавыя велічыні — а гэта ўсяго 70 тысяч рублёў? А праз 6 месяцаў ён зьмяншаецца да адной велічыні. Ну, хто будзе гэтым займацца?!”

Сяргей Балыкін упэўнены, што “прыгожай карцінкі новыя беспрацоўныя не сапсуюць”:

“Гэтыя людзі будуць неяк круціцца, недзе прыстрояцца. І ў гэтым разуменьні новыя беспрацоўныя праблемай для ўлады не зьяўляюцца”.

Прадпрымальнік Мікалай Рамашын лічыць, што звальненьні яго калегаў пацягнуць за сабою больш цяжкія наступствы. Былыя прадпрымальнікі стануць канкурэнтамі цяперашняму працоўнаму:

“Таму што цяпер ён можа нешта патрабаваць, калі ў нас ёсьць трохі свабодных працоўных месцаў. І ён можа выбіраць — 800 тысяч ці 900, ці мільён, ці паўтара. А калі рыне 120 тысяч беспрацоўных, а можа нават і болей, дык я прыйду і скажу: а я за 600 буду гэтую працу рабіць”.

Тое, што мы страчваем, гэта ўжо незваротна
Эканаміст Міхась Залескі кажа, што наступствы зьнікненьня прадпрымальнікаў хутка стануць выразна бачнымі:

“Я прыйду на звычнае месца, каб купіць сабе падцяжкі. І ня ўбачу там звыклага чалавека, у якога я раней купляў. Я прыйду па чаравікі і таксама ня ўбачу такога чалавека. І мне будзе муляць той чаравік, які я куплю —нязвыклы, кепскі. Гэта як здароўе. Тое, што мы страчваем, гэта ўжо незваротна. Мы заўважаем гэта толькі тады, калі страчваем.

Прадпрымальнікі — ня злодзеі. Гэта мая самая галоўная думка. Калі стане меней злодзеяў, нам стане лягчэй. Калі ж стане меней людзей на любым месцы, то мы заўважым гэта, калі іх ня стане. І гэтага трэба пазьбягаць, трэба, каб болей людзей працавала”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG