Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Сікорскі: “Беларускія ўлады шлюць сыгналы”


Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі перад вылетам у Беларусь даў кароткую прэс-канфэрэнцыю, у часе якой заявіў, што ягоны візыт – гэта вынік “працэсу адбудовы кантактаў зь беларускімі ўладамі на розных узроўнях”.

Сікорскі: “Мы заўважаем пазытыўныя зьмены ва ўнутранай палітыцы ў Беларусі. Вызвалены палітвязьні. Беларускія ўлады шлюць сыгналы, якія сьведчаць аб жаданьні нармалізаваць дачыненьні ня толькі з Польшчай, але і з усім Эўрапейскім Зьвязам.

Як вы, магчыма, памятаеце, у Авіньёне, у часе сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ на маю прапанову абмяркоўваліся магчымасьці і ўмовы, пры якіх бы мог быць адноўлены палітычны дыялёг паміж Эўразьвязам і Беларусьсю і былі б прыпыненыя ці адмененыя санкцыі Эўразьвязу, накладзеныя на Менск. Такім чынам, пасьля консульскіх кансультацыяў і эканамічных дыскусіяў зь беларускімі ўладамі сёньня адбудзецца чарговы этап палітычных размоваў. Гэта галоўным чынам двухбаковыя польска-беларускія размовы, але яны адбываюцца са згоды ўсяго Эўрапейскага Зьвязу.

Пра вынікі можна будзе казаць пасьля вяртаньня зь Беларусі. Але Польшча хоча лепшых, больш нармальных дачыненьняў з нашымі беларускімі суседзямі, і мы разьлічваем на тое, што Беларусь стане важным партнэрам у межах усходняга партнэрства”.

На пытаньне, ці рашэньне Эўразьвязу аб зьняцьці санкцыяў залежыць ад таго, як пройдуць найбліжэйшыя выбары ў Беларусі, Радаслаў Сікорскі адказаў:

“Эўразьвяз у гэтай справе будзе абапірацца на пазыцыю Польшчы і Літвы. Таму сёньня раніцаю мы правялі кансультацыі ў беларускіх пытаньнях зь міністрам замежных справаў Літвы. Вядома, ход выбараў мае тут вялікае значэньне, але мы рэалісты і не спадзяемся, што гэтыя выбары будуць адпавядаць усім крытэрам. Хаця факт запрашэньня вялікай колькасьці назіральнікаў сьведчыць аб тым, што беларускія ўлады хочуць, каб выбары былі больш вартымі даверу, чым тыя, што праходзілі раней. І гэта для нас перадумова для далейшых рашэньняў, каб там надыходзіла дэмакратызацыя, нават калі ня будзе поўнай дэмакратыі”.

Журналісты пыталіся таксама, ці Сікорскі запросіць свайго калегу Мартынава на найбліжэйшы саміт Эўразьвязу, што мае адбыцца ўжо 15 верасьня:

“Думаю, што ў выніку маіх сёньняшніх размоваў у Беларусі ў панядзелак у Брусэлі ў часе паседжаньня Рады Эўразьвязу ў агульных пытаньнях і пытаньнях замежнай палітыкі я змагу або пераканаць маіх эўрапейскіх калегаў зрабіць такое запрашэньне, або не”.

Паводле Радаслава Сікорскага, ранейшая палітыка ізаляцыі Беларусі не прынесла чаканых вынікаў:

“На маю думку, гэтая палітыка прывяла ў тупік. На маю думку, ад самага пачатку канцэпцыя ізаляцыі не была дасканалай, але й беларускія ўлады нічога не рабілі, каб яна была перагледжаная. Таму толькі цяпер, калі беларускія ўлады стварылі клімат, прынялі рашэньні, якія дазваляюць палітыку ізаляцыі перагледзець, гэта сталася магчымым”.

Адметна, што ў часе візыту Радаслава Сікорскага ў Беларусь удзел прадстаўнікоў мэдыяў непрадугледжаны. Паводле інфармацыі з пэўных крыніцаў у польскім МЗС, гэтага запатрабаваў беларускі бок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG