Выбары-2008

Калі працуеш у паліклініцы – нельга падпісвацца за кандыдата?

22.08.2008 08:07

На Гомельшчыне чальцы ініцыятыўных груп дэмакратычных прэтэндэнтаў у парлямэнт й проста тыя, хто падпісаліся за іх вылучэньне адчулі ціск на працы ад сваіх непасрэдных начальнікаў.

У Добрушы галоўны ўрач мясцовай паліклінікі Ала Маскаленка выклікала да сябе ў кабінэт мэдсясьцёр ды іншы пэрсанал, хто паставіў подпіс за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты актывіста АГП, былога настаўніка Вуцеўскай сярэдняй школы Адама Варанца.

Распавядае зборшчык подпісаў у падтрымку дэмакратычнага кандыдата Дзьмітрый:

“Галоўны ўрач Ала Маскаленка выклікала к васьмі гадзінам шэсьць супрацоўніц паліклінікі, якія падпісаліся за вылучэньне Адама Варанца – я зьбіраў гэтыя подпісы. Яна ўшчувала пэрсанал: як жа так, вы ў нас працуеце і падпісваеце нейкія паперы? Карацей, дала зразумець, каб яны больш падобнага не рабілі. Подпісы нібыта не патрабавала адклікаць, зрабіла толькі такую прафіляктычную апрацоўку”.

А вось Аляксандра Няберава са Жлобіну, сябра ініцыятыўнай групы мясцовага прэтэндэнта АДС у парлямэнт Валера Рыбчанкі, прымусілі на працы, на Беларускім мэталюргічным заводзе, пісьмова адмовіцца ад сабраных подпісаў за апазыцыйнага кандыдата.

Спадара Няберава выклікаў да сябе непасрэдны кіраўнік – начальніка цэху кантрольна-вымяральных прыбораў Віктар Камісарчык. Спаслаўшыся на выканаўцу абавязкаў генэральнага дырэктара заводу Віктара Матачкіна, Камісарчык прапанаваў Аляксандру напісаць заяву на выхад са складу ініцыятыўнай групы Валерыя Рыбчанкі і скасаваньне сабраных подпісаў.

Напярэдадні спадара Нябераў завяраў у Жлобінскім райвыканкаме каля паўсотні подпісаў.

Валерый Рыбчанка як дэмакратычны прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Жлобінскай акрузе №40 і былы супрацоўнік БМЗ так пракамэнтаваў сытуацыю:

“Паводле інфармацыі, Матачкін даў указаньне начальніку цэху Камісарчыку, а ўжо той патрабаваў ад Няберава напісаць заяву на выхад з маёй групы й скасаваньне подпісаў. Як толькі ў райвыканкаме Нябераў заверыў подпісы, адразу яго й паклікалі. Відаць, старшыня акруговай камісіі, ён жа намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксей Шолак, калі заверыў подпісы, патэлефанаваў на завод”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb