Палітыка

Польшча пагадзілася разьмясьціць амэрыканскія ракеты

14.08.2008 21:54

Польшча і ЗША прыйшлі да папярэдняй згоды наконт разьмяшчэньня на польскай тэрыторыі часткі амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны – дамова была парафаваная ў чацьвер увечары ў Варшаве.

Дамова прадугледжвае, што на тэрыторыі Польшчы, акрамя сыстэмы зьнішчэньня балістычных ракетаў, пушчаных на тэрыторыю ЗША, будзе знаходзіцца амэрыканскі вайсковы гарнізон (да 2012 году). Чакаецца, што ў абмен на дазвол разьмясьціць на сваёй тэрыторыі 10 амэрыканскіх ракет-перахопнікаў Вашынгтон перадасьць Варшаве таксама ракетныя ўстаноўкі “Патрыёт” і, паводле афіцыйнай інфармацыі, возьме “значны ўдзел у мадэрнізацыі польскага войска”.

“ЗША прынялі на сябе абавязак шчыльна супрацоўнічаць з намі ў выпадку якой-кольвечы пагрозы для Польшчы з боку трэціх дзяржаваў... Гэта крок у бок узмацненьня бясьпекі Польшчы ў будучым”, – заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

Туск падкрэсьліў, што “што насуперак шматлікім каментарам у мэдыях, хуткае завяршэньне перамоваў з ЗША не зьвязанае з падзеямі ў Грузіі”.

Міжтым Расея ад самога пачатку пратэставала супраць плянаў ЗША што да разьмяшчэньня частак супрацьракетнага шчыта у Польшчы і Чэхіі, пагражаючы “навядзеньнем расейскіх ракет на месцы дысьлякацыі гэтых аб’ектаў”.

Сёньня стала вядома, што міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў адмовіўся ад заплянаванага на верасень візыту ў Варшаву.

Раней ЗША падпісалі дамову аб разьмяшчэньні ў Чэхіі сваёй радарнай устаноўкі.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb