Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У літоўскім міністэрстве замежных спраў зьняпраўдзілі паведамленьні пра тое, што Літва нібыта вядзе перамовы пра разьмяшчэньне амэрыканскіх проціракет на сваёй тэрыторыі.

У інтэрвію Reuters прадстаўнік польскага Міністэрства замежных справаў Вітальд Вышчыкоўскі заявіў, што Злучаныя Штаты вядуць зь Літвой перамовы адносна проціракетаў. Ён адзначыў, што ЗША разглядаюць Літву ў якасьці рэзэрвовага варыянту на той выпадак, калі перамовы з Польшчай аб разьмяшчэньні элемэнтаў проціракет ня будуць пасьпяховымі. У літоўскім міністэрстве замежных спраў гэтую інфармацыю зьняпраўдзілі. Дырэктарка дэпартамэнту інфармацыі і друку Віялета Гайжаўскайтэ сказала, што цяпер такія перамовы не вядуцца.
Гэта пацьвердзіў і сябра камітэту міжнародных справаў у сойме Літвы Вацлаў Станкевіч:
“Трэба мець на ўвазе, што Літва — гэта краіна НАТО, краіна Эўразьвязу. Зразумела, што ЗША — гэта стратэгічны хаўрусьнік Літвы. І калі б пачаліся такія перамовы, я б ня вельмі зьдзівіўся, што яны вядуцца. Гэта вельмі натуральна і лягічна. На сёньняшні дзень я ўпэўнены, што такіх перамоваў няма”.
Камэнтуючы гэтую інфармацыю журналістам, прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Том Кейсі заявіў, што амэрыканскі бок чакае, што Польшча бліжэйшым часам падпіша дамову аб разьмяшчэньні проціракет, і таму няма патрэбы ў нейкай альтэрнатыўнай пляцоўцы. Нагадаем, што ЗША плянуюць разьмясьціць элемэнты проціракет у Польшчы і Чэхіі.
Сябра літоўскага сойму Вацлаў Станкевіч патлумачыў пазыцыю Літвы адносна разьмяшчэньня амэрыканскіх проціракет у Эўропе:
“Пазыцыя Літвы станоўчая. Мы разумеем: тое, што прапануюць ЗША нашым хаўрусьнікам чэхам і палякам — гэта адпавядае таксама і нашым нацыянальным інтарэсам. З другога боку, мы перакананыя, што такія ўстаноўкі, якія былі б на тэрыторыі гэтых краін, былі б і ў інтарэсах суседняй краіны — Расеі. Гэта ня супраць Расеі” .
А ці ёсьць Беларусі розьніца, на якой тэрыторыі зьявяцца элемэнты амэрыканскіх проціракет — у Літве ці ў Польшчы? На гэтае пытаньне сябра камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі адказаў:
“У нас мяжа з Польшчай і мяжа зь Літвой. Але я думаю, улічваючы нашы стасункі з гэтай краінай, — наўрад ці палітыкі гэтай краіны пойдуць на такія крокі. Я думаю, што Літва адназначна ня пойдзе на гэта цяпер. А што тычыцца Польшчы, то гэта яшчэ пытаньне, якое патрабуе доўгага часу для вырашэньня.
Прынамсі, гэта ня столькі тычыцца Беларусі, колькі Расеі. Гэта пытаньні найперш Расеі, хоць нам неабыякавая гэтая сытуацыя. Яна запатрабуе пэўных дзеяньняў і з нашага боку. У любым выпадку гэта пытаньні бясьпекі”.

АМЭРЫКАНСКАЯ СЫСТЭМА СРА Ў ЭЎРОПЕ: ХРАНАЛЁГІЯ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG