Культура

У Зэльве ўшанавалі памяць Ларысы Геніюш

10.08.2008 19:23

Сёньня ў Зэльве зьбіраліся прыхільнікі творчасьці і асобы беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Ушанаваньне яе памяці адбываецца штогод.


У гэты дзень традыцыйна замаўляецца імша па Ларысе Геніюш у царкве, якая стаіць як раз насупраць дому, дзе яна жыла ў Зэльве. Нечаканай для многіх прысутных стала казань айца Аляксандра. Ён назваў непаразуменьнем, што ў школе не вывучаецца творчасьць Ларысы Геніюш, і выказаў спадзяваньні, што гэта зьменіцца і творчасьць паэткі будуць вывучаць у школе. Сам сьвятар цытаваў яе вершы.

Айцец Аляксандар сказаў, што Ларыса Геніюш -- герой нашай краіны, вялікая дачка беларускага народу. Калі людзі выходзілі з храма, яны выказвалі задаваленьне ад пачутага. На могілках, дзе пахаваны побач з Ларысай Геніюш яе муж Янка, сабралася больш за 60 чалавек. 

Ёсьць задума ўсталяваць памятную дошку на доме ў Празе, дзе калісьці жыла Ларыса Геніюш
 
Гарадзенская паэтка Данута Бічэль успамінала пра яе, потым пра паэтку гаварыў літаратар Міхась Скобла. У царкве таксама прысутнічаў намесьнік амбасадара Чэскай Рэспублікі Герман Хромы. Ён пажадаў выступіць ля магілы Геніюш. Дыплямат сказаў, што ён неафіцыйна прабачаецца за чэхаславацкіх камуністаў за тое, што яны ў 1948 годзе перадалі Ларысу Геніюш, якая жыла ў Празе, савецкім уладам. Ён сказаў, што яна засталася чэхаславацкай грамадзянкай. Ён расказаў пра задуму ўсталяваць памятную дошку на доме ў Празе, дзе калісьці жыла Ларыса Геніюш.

Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што грамадзкія арганізацыі мусілі зьвярнуцца да прэзыдэнта Чэхіі з просьбай паспрыяць у рэабілітацыі Ларысы Геніюш , паколькі звароты да беларускіх уладаў вынікаў не далі.

З могілак удзельнікі накіраваліся ў лес побач з Зэльвенскім вадасховішчам, дзе Данута Бічэль прадставіла сваю кнігу ўспамінаў, дзе сярод іншага апавядаецца пра сустрэчы з Ларысай Геніюш. У лесе выступілі таксама барды Вольга Цярэшчанка, Зьміцер Бартосік, Зьміцер Сідаровіч. Ушанаваньне памяці Ларысы Геніюш у Зэльве наладзіў ствараны рух "За свабоды" разам з мясцовымі актывістамі.

Алег Рамашкевіч каля помніку Ларысы Геніюш

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: liusterka@rambler.ru Горад:: Менск
11.08.2008 11:25

У праваслаўнай царкве можа служыцца памінальная паніхіда ці ліція па чалавеку, але ніяк не літургія, тым больш імша :) Літургія служыцца толькі дзеля Бога, удзячнасьці за ахвяру Хрыстовую. А царква ў Зэльве ня проста насупраць дому -гэта тая царква, у якую спадарыня Ларыса хадзіла ў канцы жыцьця і служыла там, чым магла. Так што казань а.Аляксандра ня мусіла быць такой ўжо нечаканай.

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb