Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Памірай, а жыта сей…”


26 ліпеня ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну ўсталяваны помнік на магіле паэта Анатоля Сыса.

З раніцы на могілках па-над Дняпром, дзе густа растуць толькі бярозы, шчыравалі аўтар помніку, скульптар Генік Лойка й вясковыя сябры Анатоля – Іван Цыбульскі, Віктар Гірыловіч, Іван Рудэнка. Усталёўвалі надмагільную пліту, даводзілі да ладу зацэмэнтаваны напярэдадні пастамэнт-крушню.

Гаворыць гарошкаўскі сябра паэта Іван Цыбульскі:

“Анатоль – мой сябра. Мы зь ім моцна сябравалі, і я не магу зьмірыцца. Я ўцёк з працы, каб дапамагчы”.

Усе пагадзіліся, што ўласна помнік ставіць на крушню ня выпадае – ён важыць каля семсот кіляграмаў і можа разбурыць сьвежую каменную кладку.

Помнік зроблены з чырвона-чорнага граніту. На фоне масіўнага, нібы абскубанага стагодзьдзямі, крыжа – барэльеф паэта й надпіс: “Анатоль СЫС, 1959-2005”.

На тыльным баку – высечанае чатырохрадкоўе паэта:

“Як па зорах, па расе
Твой апошні шлях праляжа.
Памірай, а жыта сей –
Рунь пра сейбіта раскажа”.


Генік Лойка
Генік Лойка
распавёў, што працаваць над помнікам было не складана, але рабіўся ён павольна – амаль год. Ідэю падказалі сёстры паэта:

“Гэта задума перш за ўсё сясьцёр – яны сказалі, што павінен быць крыж і павінен быць партрэт. А ў мяне так склалася, і я ім паведаміў: крыж будзе не праваслаўны, не каталіцкі, а паганскі. Калі рабіць партрэт на фоне крыжа. То крыж патрэбна рабіць вельмі-вельмі шырокім. Ну і я так уявіў: валун, ледзь вычасаны крыж, нібыта са старажытных часоў. І у Анатоля ж увесь зборнік “Пан Лес” прысьвечаны паганству. Я думаю, што гэта яму будзе блізка”.

Збор сродкаў на помнік Анатолю абвясьціў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. У гэтым моцна дапамаглі й беларускія рок-музыкі. У лістападзе мінулага году ў менскім касьцёле сьвятых Сымона й Алены ладзіўся дабрачынны канцэрт, усе сабраныя грошы на ім былі перададзеныя на помнік выбітному беларускаму паэту.

Афіцыйнае адкрыцьцё помніка Анатолю Сысу заплянавана на 26 кастрычніка – ягоны дзень народзінаў. Анатолю споўнілася б сорак дзевяць гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG