Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус Мельнічэнка даў поўху ўсясьветнай яхтавай галіне


36-гадовы ўраджэнец Беларусі Андрэй Мельнічэнка, чый уласны капітал, паводле вэрсіі часопісу Forbes, летась дасягаў $6,2 млрд, стаў героем публікацыі ў The Wall Street Journal як уладальнік незвычайнай яхты.


Маторная яхта “А”, названая гэтак у гонар жонкі Мельнічэнкі Аны Нікаліч — экс-мадэлі з былой Югаславіі, каштуе 400 мільёнаў даляраў і даўжэйшая за футбольнае поле.

Яна ня самая дарагая і ня самая вялікая ў сьвеце. Але, як кажуць знаўцы, такіх яхтаў дагэтуль не будавалі і наўрад ці яшчэ калі пабудуюць. Яе стваральнік — дызайнэр Філіп Старк, больш вядомы праектамі лімонавыціскалак і шыкоўных гатэляў, — адмовіўся ад традыцыйнай канструкцыі з масіўным корпусам і ярусамі адкрытых палуб над ім. Яхта “А”, якая важыць 5900 тысяч тон і разьвівае хуткасьць да 24 вузлоў (каля 45 км у гадзіну), нагадвае па форме рыбу ці ваенныя караблі ХХ стагодзьдзя. Экіпаж — 35 чалавек. На караблі больш за 100 аудыёкалёнак, у любой каюце можна глядзець DVD з цэнтралізаванай фільматэкі. Сваю яхту Мельнічэнка замовіў яшчэ ў 2005 годзе, да жаніцьбы, а таму яна праектавалася як месца для вясёлых гулянак з дыскатэкамі.

Як пішуць журналісты, карабель з такім іміджам — гэта “сьвядомая аплявуха ўсёй яхтавай галіне зь яе канфармісцкай адданасьцю клясычным канонам”.

Андрэй Мельнічэнка нарадзіўся ў 1972 годзе ў Гомелі. Пасьля сканчэньня сярэдняй школы паступіў на фізфак Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Гандляваў валютай на Кастрычніцкай плошчы ў Маскве. У 1993 годзе выступіў сузаснавальнікам маскоўскага МДМ-банку, акцыямі якога валодаў да 2007 году. Паводле вэрсіі часопісу Forbes, летась заняў 172-ю пазыцыю ў сьпісу самых багатых людзей сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG