Моладзевых актывістаў, удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня, зьвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія нібыта груба парушылі грамадзкі парадак. 10 чалавек ужо асуджаныя. Сямёра зь іх пакараны абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру, двое аштрафаваныя. Андрэй Кім пазбаўлены волі на паўтара года. Яшчэ адзін — студэнт-каліновец Аляксандар Баразенка — абвешчаны ў крымінальны вышук. Ніхто з абвінавачаных не прызнае сваёй віны.
Суд пад старшынёўствам Валер’я Есьмана прызначаны а палове 10-й раніцы. Ён быў перанесены зь пятніцы 23 траўня, калі ў Менску праходзіў саміт кіраўнікоў урадаў СНД. У судзе аднак ніяк не патлумачылі прычыны пераносу пасяджэньня.
“Свабода” аб “працэсе 14-ці”Справу завялі за групавыя дзеяньні, якія нібыта мелі вынікам грубае парушэньне грамадзкага парадку падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. 23 красавіка, суд пакараў штрафамі і абмежаваньнем волі 9 чалавек. Андрэя Кіма абвінавацілі яшчэ і ў пагрозах міліцыянту падчас дэманстрацыі 21 студзеня і пакаралі пазбаўленьнем волі на паўтара году.