Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над трыма абвінавачанымі ў “справе 14-ці” перанесены на 26 траўня.


Ні самі абвінавачаныя, ні некалькі дзясяткаў чалавек, якія сабраліся каля будынку суду Цэнтральнага раёну Менску на знак салідарнасьці зь імі, ні нават адвакаты абвінавачаных не даведаліся пра прычыну пераносу судовага паседжаньня.

Назіральнікі прычынай пераносу суду лічаць нежаданьне ўладаў, каб падчас правядзеньня саміту ў цэнтры сталіцы быў заўважаны натоўп людзей каля будынку суду ў атачэньні спэцназаўцаў.

Міхаіл Субач, Павал Вінаградаў і непаўналетні Максім Дашук рыхтаваліся да таго, што сёньня ў судзе дапытаюць усіх сьведак, а пасьля выходных адбудуцца спрэчкі.

Міхаіл Субач — адзіны з абвінавачаных, які зьяўляецца прадпрымальнікам. Ён з жонкай трымае вясельны салён. 10 студзеня ён выйшаў на дэманстрацыю прадпрымальнікаў, каб прымусіць улады скасаваць Указ № 760. За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі Міхась быў пакараны штрафам.

Гэта ня першы раз, калі ён удзельнічае ў вулічнай акцыі. У 2001 годзе ён прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. У 2006 годзе ён ужо сьвядома штодня прыходзіў на плошчу.

Міхаіл Субач нарадзіўся ў Менску ў 1983 годзе. Ён мае філязофскую адукацыю і захапляецца навукай. Цяпер штовечар ён робіць інтэрнэт-сайт, і яму падабаецца гэтая праца. Міхась ажаніўся нядаўна і цяпер лічыць сябе адказным за лёс жонкі.

“Мне трэба неяк клапаціцца пра сваю сям’ю. У мяне яшчэ й матуля адна, і мне трэба ёй дапамагаць. Лічу, што павінен быць тут. Я не лічу, што нешта парушыў... Можа, толькі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Але я ўжо заплаціў за гэта штраф. Мне здаецца, што, калі людзі зьбіраюцца, каб нешта абмеркаваць, пра нешта даведацца, то гэта звычайная справа”.

Павал Вінаградаў
нарадзіўся таксама ў Менску ў 1988 годзе. Павал скончыў музычную школу па клясе фартэпіяна. Упершыню на вулічную акцыю хлопец трапіў выпадкова. Ён апавёў “Свабодзе”, што калі ён вучыўся ў ліцэі на цырульніка, аднойчы адміністрацыя абвясьціла ўсім вучням, што яны павінны заставацца на сваіх месцах і не выходзіць на вуліцу.

Павал даведаўся, што недзе ў горадзе адбываецца мітынг. Ні настаўніца, ні дырэктар не дазволілі хлопцу сысьці з будынку, пакуль мітынг ня скончыцца.

Гаворыць Павал Вінаградаў:

“Я на іх раззлаваўся. Узяў сваю куртку і назло пайшоў на мітынг. Нават ня памятаю, што гэта быў за мітынг. Але паглядзеў, паразмаўляў зь людзьмі. Мне спадабалася, і так я ўключыўся ў працу”.

Першы раз Павал трапіў за краты турмы на вуліцы Акрэсьціна на 5 сутак летась — за ўдзел у флэш-мобе “Пахаваньне льготаў”. А сёлета ён атрымаў 10 сутак за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў.

Непаўналетні Максім Дашук нарадзіўся ў вёсцы Краснае Маладэчанскага раёну. Праз тры гады сям’я пераехала ў Уфу, сталіцу Башкартастану. Калі Максіму было 8 гадоў, ён з маці і братам пераехаў на сталае жыхарства ў Менск. Ён скончыў 9 клясаў сярэдняй школы паблізу ад свайго дома ў мікрараёне “Паўднёвы Захад”.

Максім апавёў “Свабодзе”:

“Калі я даведаўся, што супраць мяне заведзеная крымінальная справа, то ня вельмі спалохаўся, бо ведаў, што сьмяротнае пакараньне мне не пагражае. А мама... Ну, мама заўсёды мама, таму яна вельмі непакоіцца за мяне, калі адбываюцца ўсе гэтыя акцыі... А, калі яна даведалася пра крымінальную справу, гэта быў такі жах! Яна ведае, якое становішча ў краіне, але баіцца нешта рабіць і палохаецца за мяне”.

Паколькі Максім непаўналетні, на судзе ў якасьці законнага прадстаўніка будзе прысутнічаць ягоная маці.

Суд над Максімам Дашуком, Паўлам Вінаградавым і Міхаілам Субачам пачнецца а палове на 10-ю 26 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG