Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Ракіцкі: На даляглядзе яе дарогі – Беларусь


Пра кнігу мэмуараў старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы “Дарога” гаворыць мастацтвазнаўца і журналіст Вячаслаў Ракіцкі.




“Яшчэ адной разумнай і прыгожай кнігай папоўнілася “Бібліятэка Свабоды”. Яшчэ адзін таленавіты і глыбокі твор узбагаціў беларускую мэмуарную літаратуру. У ім ёсьць ўсё, што патрабуе жанр мэмуараў – асоба аўтара, гістарычныя і культурныя пэрыпэтыі эпохі, партрэты яркіх асобаў, зь якімі побач пражыў жыцьцё аўтар. І роздум пра будучыню.

Дарога -- лепей вызначыць жыцьцё чалавека актыўнага, бадай што, немагчыма. Дарога беларускага патрыёта – гэта дарога ня толькі да сябе, гэта – дарога да Беларусі. Ад’езд зь несвабоднай Беларусі для Івонкі Сурвілы быў пачаткам вяртаньня ў Беларусь свабодную. Яно яшчэ наперадзе, але ўжо цяпер кіраўніца апошняга ў Эўропе ўраду ў выгнаньні прысутнічае на Бацькаўшчыне сваімі ідэямі, сваім безумоўным аўтарытэтам і нарэшце гэтай кнігай успамінаў.

Ад’езд зь несвабоднай Беларусі для Івонкі Сурвілы быў пачаткам вяртаньня ў Беларусь свабодную
Дарога не магчымая без прыпынкаў, каб асэнсаваць пройдзены яе адрэзак, падзяліцца ўражаньнямі пра перажытае, кінуць позірк у будучыню. Гэту ідэю выдатна ўвасобілі ў кампазыцыі мэмуараў стваральнікі кнігі – рэдактар Сяргей Навумчык і мастак Генадзь Мацур. “Дарога” дзеліцца на вялікія яе этапы (разьдзелы) з мноствам прыпынкаў (падразьдзелаў).

І цудоўна ўпісалі яны ў мэмуары фотаздымкі. На першым, яшчэ дзявочым, Івонка за столікам у эўрапейскай вулічнай кавярні. На апошнім – Івонка ў вобразе палітыка прамаўляе з трыбуны ў Таронта на фоне гербу “Пагоня”. Са здымкаў на нас паглядае заўсёды прыгожая, інтэлігентная, стыльна апранутая жанчына. Івонка заўсёды ў часе і прасторы, дзе б ні была – ў Капэнгагене ці Парыжы, Празе ці Таронта. Будуць яшчэ здымкі і ў Беларусі, бо на даляглядзе той дарогі, па якой яна крочыць -- Беларусь..."

Прэзэнтацыя трынаццатай кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” -- у панядзелак, 17 сакавіка а 18 гадзіне ў сядзібе Партыі БНФ. Менск, вул. Варвашэні, 8.



.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG