Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла: “Да сумленьня Вашага ніхто апрача Вас самых ня мае доступу”


Радыё Свабода Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася з адкрытым лістом да настаўнікаў Беларусі з нагоды пачатку новага школьнага году.

“Нічога так моцна мяне не задавальняе, як быць настаўнікам ды выхоўваць дзетак, якія будуць уважаць сваім абавязкам прычыніцца да дабрабыту нашага сьвету...” Так аднойчы гаварыў усім ведамы ў Канадзе настаўнік Юстын Трудо, сын найбольш ведамага канадзкага прэм''ер-міністра П''ера Трудо.

Дарагія настаўнікі Беларусі, як прыемна было б пачуць, што Вы таксама выбралі гэтую прафэсію, каб зрабіць з нашых беларускіх дзетак лепшых Беларусаў, з пачуцьцём адказнасьці за будучыню свае Бацькаўшчыны, за зьберажэньне свае культуры і свае мовы”.

***

“Вельмі ж прыкра чуць юнакоў, якія прыяжджаюць зь Беларусі на летні адпачынак у Канаду ды дзівяцца, што нехта ў Канадзе гаворыць па-беларуску...

Мы тут гэтую мову шануем і ўважаем нашым агульнабеларускім скарбам. Пачуцьцё гэтае стараемся перадаць нашым дзецям. Уявеце сабе іхнае расчараваньне, калі прыехаўшы ўпершыню ў Беларусь яны чуюць мову чужую, не беларускую. А ад Вас залежыць у вялікай меры павага ў Беларусі да свае мовы, да ўсяго беларускага, бо Вы зьяўляецеся найбольшым аўтарытэтам для сваіх вучняў”.

***

“Што рэжым у Беларусі антыбеларускі, гэта усім ведама. Але ж да сумленьня Вашага ніхто апрача Вас самых ня мае доступу. Сваім прыкладам настаўнік можа зрабіць болей як усе ўказы дыктатара.

Зьвяртаюся да Вас сёньня з просьбай: выхоўвайце ў беларускім духу нашых дзетак, каб яны не цураліся свайго. Каб яны былі гордыя, сьмелыя, прынцыповыя. Каб разумелі, што Беларусь іхная Бацькаўшчына і што іхным сьвятым абавязкам ёсьць яе бараніць ад чужых імпэрыялістычных намераў.

Вы, дарагія настаўнікі Беларусі, можаце як ніхто іншы адрадзіць беларускую Беларусь!”.
XS
SM
MD
LG