Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзятар з Польшчы: Першае, што ўразіла, — дзірка ў падлозе замест унітаза


«Замест прыбіральні — дзірка ў падлозе»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00

На памежныя пераходы пачалі прыбываць першыя замежныя заўзятары, якія не прамінулі скарыстацца бязьвізавым статусам Беларусі на час правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету. Якія першыя ўражаньні ад беларускіх рэалій? Што цікавіць, апроч хакейных баталіяў?

Кшыштаф Шыпэр — праграміст з польскага Кракава. Хоць нацыянальная зборная Польшчы даўно пакінула элітны хакейны дывізіён і ў Менск не прыедзе, ён вырашыў, што было б зусім някепска наведаць «апошнюю дыктатуру» Эўропы без абавязковых для гэтага фармальнасьцяў.

Калькуляцыя выдаткаў паказала, што калі не прэтэндаваць на пяцізоркавы гатэль і не харчавацца ў рэстарацыях, то падарожжа можа быць цалкам бюджэтным: квіткі на цягнік адносна прымальныя, а замест дарагой візы — кантрамарка за 10 даляраў на групавы паядынак заштатных аўтсайдэраў.

Кшыштаф кажа, што нават палякі да паездак у Беларусь ставяцца досыць насьцярожана — імідж паліцэйскай дзяржавы робіць сваю справу. Але пад чэмпіянат лоску, несумненна, дадалося: памежнікаў і мытнікаў прыбралі ў парадныя строі, навучылі ўсьміхацца. Дый тэхнічна да прыёму замежных гасьцей у ведамствах падрыхтаваліся добра, хоць зь ягоным квітком крыху і павазіліся. Але, кажа Кшыштаф Шыпэр, склалася адчуваньне, што пасьля хакейнага першынства ўсе перадавыя навацыі зноў будуць згорнутыя:

«Гэта ўжо ня першы раз, калі я перасякаю мяжу ў Берасьці. Праўда, дагэтуль ніхто зь беларускіх памежнікаў ды мытнікаў не размаўляў па-польску, а цяпер падрыхтаваліся. Аднекуль зьявіліся людзі, якія гавораць і на польскай мове, і на ангельскай, усяляк дапамагаюць. Увогуле палякаў, якія паказвалі на мяжы, што яны маюць квіток на хакей, памежнікі літаральна «адлоўлівалі» і перанакіроўвалі ў адмысловы пакой. Там сядзелі людзі, якія ведалі польскую мову, дапамагалі запаўняць міграцыйныя карты. Таксама яны павінны адсканаваць квіткі, але, мабыць, я быў першым чалавекам, які паказаў ім арыгінальны квіток, а не электронную рэзэрвацыю, і яны чамусьці мелі шмат праблемаў з тым, каб яго правільна «прачытаць».

Пры пераходзе мяжы Кшыштафу ўручылі цэлы пакет інфармацыйных улётак, рэклямных плякатаў, мапы Беларусі і берасьцейскага рэгіёну, а таксама інструкцыю, як паводзіць сябе ў Беларусі падчас хакейнага першынства. Сярод іншага, «памятка заўзятару» даводзіць, што на трыбуны забаронена праносіць сьцягі і вымпелы, не зарэгістраваныя ў вызначаным парадку, а ў месцах правядзеньня афіцыйных мерапрыемстваў чэмпіянату не дазволена праводзіць любыя публічныя акцыі, не прадугледжаныя рэглямэнтам. Але ўся ідэалягічная пільнасьць разьбіваецца аб усьведамленьне, што прапагандысты так і не навучыліся рабіць карцінку, якая дае першае ўражаньне ад краіны, — прыбіральні:

«Пасьля таго, як я пасьпяхова пераадолеў мяжу, прыемна ўразіў вакзал — вельмі добра, што ў іх атрымалася скончыць рамонт будынка напярэдадні хакейнага першынства. Цяпер там вельмі багатая мармуровая аддзелка, чыстыя новыя лаўкі і г. д. Але калі я пайшоў у прыбіральню, то ўбачыў... звычайную дзірку ў падлозе. Думаю, гэта сапраўдны эксклюзіў, таму што такіх канструкцый прынамсі ў Эўропе нідзе няма».
Адсутнасьць унітаза эўрапейцаў бянтэжыць
Адсутнасьць унітаза эўрапейцаў бянтэжыць

Туалетныя дзіркі з-за сваёй прымітыўнай канструкцыі ня могуць затрымліваць непрыемныя пахі, таму ўся эўрапейскасьць Беларусі ў цэлым і вакзалу ў прыватнасьці сканчаецца на подступах да першай жа прыбіральні.

Нягледзячы на беспрэцэдэнтныя візавыя паслабленьні, масавага штурму памежных пераходаў пакуль не назіраецца. Кшыштаф кажа, што, апроч яго, яшчэ два палякі мелі электронныя квіткі, але па ўсім было бачна, што ад жарсьцяў лядовых пабоішчаў яны бясконца далёкія.

Кшыштаф прызнаецца, што яго таксама цікавіць ня столькі хакей, колькі магчымасьць паспрабаваць знутры разабрацца у фэномене Беларусі — чаму краіна ў цэнтры Эўропы так упарта намагаецца зачапіцца за савецкае мінулае?
Кшыштаф Шыпэр на «Лініі Сталіна»
Кшыштаф Шыпэр на «Лініі Сталіна»

«Мы ўжо паглядзелі на архітэктуру Менску, потым зьезьдзілі ў Полацк — месца хвалебных бітваў Стэфана Баторыя. А заўтра плянуем наведаць музэйны комплекс „Лінія Сталіна“ пад Заслаўем — я так разумею, што гэта адзінае месца ў Эўропе, дзе ўслаўляюць імя дыктатара Сталіна. Прынамсі ў Польшчы ўжо не засталося такіх помнікаў, якія б нагадвалі пра вайну з гледзішча толькі аднаго боку, пра савецкі рэжым».

У Полацку польскі заўзятар яшчэ раз датыкнуўся да закуліснай Беларусі, пабываўшы ня толькі ў культурным турыстычным цэнтры, але і ў рабочых кварталах: нутро пад’ездаў тыповых пяціпавярховак пакідала ўражаньне, далёкае ад гонару за мясьціну з 1000-гадовай гісторыяй. А вось у Наваполацку «хакей» сымбалічна быў выкінуты на дваровую сьметніцу.
«Хакей» на наваполацкай сьметніцы
«Хакей» на наваполацкай сьметніцы

Арганізатары хакейнага чэмпіянату сьвету разьлічваюць, што за час спаборніцтваў Менск наведаюць 50 тысяч замежнікаў. Незалежныя экспэрты называюць лічбу куды больш прыземленую — 20 тысяч у самым лепшым выпадку. Пры гэтым выглядае, што абсалютнай бальшыні заўзятараў ніякія візавыя паслабленьні і не патрэбныя — традыцыйна яўку забясьпечаць расейцы, якія і без таго аблюбавалі Беларусь у якасьці «базы адпачынку». А вось заходніх эўрапейцаў, амэрыканцаў у «апошнюю дыктатуру» яўна ня цягне.
XS
SM
MD
LG