Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два тыдні да хакейнага чэмпіянату альбо Чым запомніцца Беларусь турыстам?


Атрыбутыка Чэмпіянату на вуліцах Менску
Атрыбутыка Чэмпіянату на вуліцах Менску

З улікам іміджу Беларусі як апошняй дыктатуры Эўропы фанаты амэрыканскіх ды эўрапейскіх зборных імпрэзу збольшага праігнаруюць.

Ад сёньня і да 31 траўня ўключна пачынае дзейнічаць бязьвізавы ўезд у Беларусь для афіцыйных удзельнікаў і гасьцей чэмпіянату сьвету па хакеі. У адпаведных ведамствах запэўніваюць, што падставай для перасячэньня мяжы будзе дзейны пашпарт і арыгінальны ці электронны квіток на любы матч першынства, а працэдура мытнага і памежнага афармленьня зойме літаральна некалькі хвілін.

Да старту хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску — роўна два тыдні. Намаганьні міжнароднай супольнасьці дамагчыся пераносу спаборніцтваў з краіны, дзе рэгулярна парушаюцца правы чалавека, а ў турмах сядзяць палітвязьні, засталіся бясплённымі. Канчатковы вэрдыкт у такім пытаньні можа агучыць толькі прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль, якога Аляксандар Лукашэнка мае за асабістага сябра, так што падобны варыянт адпачатку выглядаў малаймаверным.
Чыжоўка-Арэна. Тут будуць адбывацца гульні Чэмпіянату сьвету па хакеі
Чыжоўка-Арэна. Тут будуць адбывацца гульні Чэмпіянату сьвету па хакеі


Паводле дзяржаўных ведамстваў, на матчах будуць працаваць больш за 260 журналістаў і 130 фотакарэспандэнтаў — такім чынам, квота ў 400 акрэдытаваных прадстаўнікоў СМІ цалкам запоўненая. Агульная колькасьць афіцыйных удзельнікаў, гасьцей і заўзятараў прагназуецца на ўзроўні 50–55 тысяч чалавек. Зрэшты, у падобным «аншлягу» сумняюцца нават арганізатары. Гаворыць мэнэджэр чэмпіянату сьвету па хакеі-2014 Пётар Рабухін:
«Я ўвогуле слаба разумею, хто гэта і як лічыць, адкуль увогуле налічылі 55 тысяч замежнікаў? Асабіста я ў такой колькасьці сумняюся. Ня ведаю, якім чынам удасца назьбіраць. Магчыма, усяго квіткоў прададзена 55 тысяч замежнікам, але гэта ўжо зусім іншая справа. Бо адзін чалавек можа купіць і пяць, і дзесяць квіткоў, правільна? Таму ў дадзеным выпадку падлікі досыць умоўныя».


Зрэшты, асноўнай масе заўзятараў віза і не спатрэбіцца. З улікам іміджу Беларусі як апошняй дыктатуры Эўропы фанаты амэрыканскіх ды эўрапейскіх зборных імпрэзу збольшага праігнаруюць. А вось расейцам лішні раз прыехаць у Беларусь — за шчасьце. Асабліва з улікам працяглых травеньскіх выходных, падчас якіх Менск запоўнены ўсходнімі гасьцямі і без чэмпіянату. Дарэчы, другімі па масавасьці прагназуюцца заўзятары з Латвіі, якія традыцыйна масава падтрымліваюць улюбёную каманду.
Расейскія хакейныя фанаты падчас Алімпіяды ў Сочы
Расейскія хакейныя фанаты падчас Алімпіяды ў Сочы


Чым запомніцца Беларусь турыстам? Айчынная прамысловасьць напрадукавала шырокі асартымэнт вырабаў з хакейнай сымболікай ды выявамі талісману — зубра Волата, аднак вялікім попытам прадукцыя пакуль не карыстаецца. Да таго ж, як кажа хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла, ня ўдасца рэалізаваць неліквід і на хакейных арэнах:
«Калі ацэньваць з практычнай пазыцыі выкарыстаньня ў побыце, то так, зрабілі нядрэнныя ручнікі, зрабілі нядрэнныя вымпэлы, вырабілі лялькі з саломы і яшчэ нечага. Нібыта і нішто сабе выглядае, але ўсё пытаньне ў тым, што ўсе гэтыя сувэніры нельга будзе прадаваць на арэнах. Там будуць прадавацца толькі тыя вырабы, якія выпушчаныя пэўнай скандынаўскай фірмай, якая, у сваю чаргу, акрэдытаваная ў Міжнароднай фэдэрацыі хакею. То бок непасрэдна падчас матчаў можна будзе набыць толькі „акрэдытаваныя“ сувэніры, ніякія іншыя. Яны на пяць гадоў закупілі эксклюзіўнае права і цяпер будуць прадаваць толькі тое, што вырашаць самі. Зразумела, ніхто не перашкаджае набываць прадукцыю ў крамах ці іншых месцах».
Сувэніры да чэмпіянату
Сувэніры да чэмпіянату

Аляксандар Пуціла
Аляксандар Пуціла
Усе матчы хакейнага першынства будзе трансьляваць спэцыялізаваны спартовы тэлеканал «Беларусь-5», а таксама «Беларусь-2». Як паказвае практыка апошніх гадоў, мовай рэпартажаў амаль цалкам стала расейская, хіба што Павал Баранаў яшчэ дазваляе сабе беларускую. Хоць, як перакананы колішні камэнтатар БТ Аляксандар Пуціла, наўрад ці хто перашкаджае калегам карыстацца роднай мовай:
«Гэта ўсё ідзе ад унутранага стану чалавека. Калі Павал Баранаў жадае камэнтаваць па-беларуску, то ён гэта робіць і будзе рабіць надалей. Калі хтосьці не жадае, цураецца мовы ці баіцца яе, то нічога і ня будзе. Галоўнае — жаданьне, бо калі яно ёсьць, то ты ўсё роўна будзеш і чытаць па-беларуску, будзеш слухаць па-беларуску, вымаўляць перад люстэркам па-беларуску. Гэта жаданьне, гэта ўсё ўнутранае. Правільна кажуць і Лукашэнка, і Пазьняк: нельга прымусіць да мовы, яна павінна быць у душы. Хіба што ў кожнага зь іх свой погляд: адзін лічыць, што „гвалціць“ ня трэба, а другі перакананы, што трэба, бо нічога ня будзе... Новыя кадры зьяўляюцца, дзяўчыну нейкую ўзялі, праўда, рэдка бачу. Але тут толькі пазыцыя менавіта камэнтатара. Яшчэ раз кажу: мне здаецца, зараз такі час, калі прыцясьненьня беларускай мовы быць не павінна. Проста няма каму сапраўды яе прасоўваць».

У пэрыяд з 25 красавіка да 31 траўня для ўдзельнікаў і наведнікаў чэмпіянату сьвету па хакеі на беларускай мяжы будуць створаныя адмысловыя калідоры для мытнага кантролю, якія можна будзе ідэнтыфікаваць празь лягатып з выявай зубра-хакеіста Волата. Па гэтых калідорах будуць перамяшчацца спартовыя каманды і афіцыйныя дэлегацыі разам з таварамі і транспартнымі сродкамі, а таксама фізычныя асобы, якія едуць на матчы першынства.

Як адзначаюць у Дзяржаўным памежным камітэце, праз аўтадарожныя пункты пропуску штосуткі могуць перамяшчацца больш за 20 тысяч аўтамабіляў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG