Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму актывізавалася РНЕ?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 18 жніўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч і падпалкоўнік КДБ у запасе Валеры Костка.

(Валер Карбалевіч: ) “Пасьля пэрыяду актыўнасьці ў канцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя пра дзейнасьць арганізацыі “Русское национальное единство” (РНЕ) пэўны час не было чуваць. Але апошнім часам РНЕ актывізавалася. Фашысты залівалі фарбай сядзібу Партыі БНФ, Таварыства беларускай мовы. У Віцебску РНЕ дасылае лісты з пагрозамі дэмакратычным актывістам, у рэдакцыю незалежнай газэты. У Гомелі эмблемай РНЕ размаляваныя сьцены. І вось, нарэшце, імітацыя мініраваньня сядзібы Партыі БНФ.

Паколькі РНЕ ў Беларусі зьяўляецца філіяй расейскай арганізацыі, то ці зьвязаная яе актывізацыя з тымі працэсамі, якія адбываюцца ў Расеі? Там апошнім часам праваэкстрэмісцкія арганізацыі нападаюць на іншаземцаў ці ўсіх, хто мае, як яны кажуць, неславянскую зьнешнасьць. Можа, гэта адна хваля?”

(Зьміцер Дашкевіч: ) “Безумоўна, падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі, зьвязаныя з Расеяй. Сапраўды, беларускае аддзяленьне РНЕ паўставала на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя як філія баркашоўскага руху ў Расеі. І расейскае і беларускае РНЕ адмаўляюць сувэрэнітэт Беларусі, як і іншых славянскіх краінаў. Таму той фашызм, які падымаецца ў Расеі, надае імпэту і беларускім прафашысцкім арганізацыям”.

(Валеры Костка: ) “Тут існуе прамы расейскі сьлед. Сама назва арганізацыі гаворыць за сябе. Але хацеў бы падкрэсьліць, што гэтыя хвалі ўзьнімаюцца падчас пэўных момантаў беларуска-расейскіх дачыненьняў. Як толькі пачынае мацнець дэмагогія наконт будаўніцтва сумеснай дзяржавы, актывізуецца РНЕ і іншыя нацыяналістычныя расейскія арганізацыі”.

(Карбалевіч: ) “Увесь час існаваньня РНЕ гулялі вэрсіі, што за яе дзейнасьцю стаяць спэцслужбы. Таму што вельмі сьмела яны дзейнічаюць ва ўмовах жорсткага кантролю ўладаў за ўсімі недзяржаўнымі, тым больш незарэгістраванымі структурамі. Усім вядомы факт, што забойца журналіста Зьмітра Завадзкага Ігнатовіч працаваў у спэцслужбах, а потым трэніраваў сяброў РНЕ.

Вядома шмат гістарычных прыкладаў, калі ўлады выкарыстоўвалі нейкія недзяржаўныя структуры для барацьбы з сваімі палітычнымі праціўнікамі. Можна згадаць, як у пачатку ХХ стагодзьдзя ў Расеі царскі ўрад выкарыстоўваў чарнасоценцаў для барацьбы з рэвалюцыянэрамі, ці ў краінах Цэнтральнай Амэрыкі ваенныя рэжымы змагаліся зь левымі сіламі з дапамогаю незаконных ваенізаваных фармаваньняў. Дык, можа, нешта падобнае адбываецца і ў нас?

Дэмакратычныя палітыкі выказваюць вэрсію, што РНЕ ўвогуле не існуе, за гэтымі акцыямі стаяць беларускія спэцслужбы. Дык ці ёсьць нейкая сувязь паміж РНЕ і спэцслужбамі?”

(Дашкевіч: ) “Нейкі час таму РНЕ побач зь міліцыянтамі несьлі ахову грамадзкага парадку ў Менску. У мяне няма ніякіх доказаў, што РНЕ супрацоўнічае з спэцслужбамі. Але нейкія высновы можна зрабіць з той пазыцыі, якую займаюць улады ў дачыненьні да РНЕ. Бязьдзеяньне — гэта таксама паказчык стаўленьня. Чамусьці ў Беларусі не распачынаюць крымінальных справаў адносна фашысцкіх арганізацыяў. Напрыклад, у 1999 годзе эрэнешнікі зьбілі аднаго з каардынатараў “Хартыі-97” Саньнікава, без усялякіх наступстваў. Затое ўлады распачынаюць крымінальныя справы на “Малады фронт”, арганізацыю, якая зьбіралася рабіць маніторынг выбараў. То бок, стаўленьне ўладаў да РНЕ можна характарызаваць як стрымана пазытыўнае”.

(Костка: ) “Спачатку трэба адрозьніваць у гэтай справе спэцслужбы расейскія і беларускія. Расейскія спэцслужбы могуць выкарыстоўваць РНЕ для дасягненьня пэўных мэтаў. Расейскія рэзыдэнтуры тут працуюць, як кажуць, пад вадой. А РНЕ — гэта ўжо над вадой. Іншае пытаньне, чаму не рэагуюць беларускія спэцслужбы. Таму што тут ёсьць распальваньне міжнацыянальнай варажнечы, антыдзяржаўная дзейнасьць. Магчыма, што інтарэсы расейскіх і беларускіх уладаў і спэцслужбаў могуць на цяперашнім этапе супадаць”.

(Карбалевіч: ) “Пра нейкую непасрэдную сувязь паміж РНЕ і спэцслужбамі можна разважаць, будаваць вэрсіі. Але ёсьць відавочныя рэчы: улады не жадаць рабіць захадаў, каб спыніць злачынныя дзеяньні РНЕ. Усе заявы ў міліцыю ня далі ніякіх вынікаў. Іншы момант. Заўсёды ёсьць рызыка, што радыкальная арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей з спэцыфічнай псыхалёгіяй, можа выйсьці з-пад кантролю спэцслужбаў і пачаць дзейнічаць самастойна зусім па іншаму сцэнары.

Зь іншага боку, вэрсіі пра сувязь з фашыстамі дыскрэдытуе беларускую ўладу, якая аб’яўляе сябе нашчадкам пераможцаў над нямецкімі фашыстамі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

(Дашкевіч: ) “Пра адкрытае супрацоўніцтва ўладаў і РНЕ нічога невядома. Але можна весьці гаворку пра супадзеньне каштоўнасьцяў, ідэалёгіяў. Напрыклад, і той, і другі бок падымае асобу Сталіна, дзейнасьць якога была асуджаная нават самімі камуністамі. Супадае таксама аднаўленьне савецкай ідэалёгіі. Думаю, улада выкарыстоўвае РНЕ каб, па-першае, супрацьстаяць патрыятычнай беларускай моладзі. Па-другое, каб актывізоўваць прасавецкі, пракамуністычны электарат”.

(Костка: ) “Улады могуць выкарыстоўваць РНЕ, але яны гэта не засьвечваюць. Калі такое адбываецца, то я не зусім разумею іх мэтаў. Гэта ня можа палепшыць дачыненьняў беларускага й расейскага народаў. У беларускім грамадзтве магчымы толькі пратэст супраць умяшаньня ў справы Беларусі з боку Расеі, тым больш, калі гэта робіць фашысцкая арганізацыя. І гэта можа выклікаць нэгатыўнае стаўленьне да Расеі ўвогуле.

Магчыма, беларускія ўлады лічаць, што з дапамогай РНЕ можна кагосьці запалохаць. Можа, каго і запалохае, але гэта ня будзе мець масавага характару. Такая сытуацыя можа стымуляваць стварэньне нейкіх падобных структураў у асяродзьдзі нацыянальна-патрыятычных сілаў дзеля супрацьстаяньня РНЕ.

Фашысцкія арганізацыі зьяўляюцца там, дзе існуе сацыяльны і эканамічны крызіс. У Расеі такія арганізацыі выконваюць функцыю адцягненьня ўвагі ад сацыяльных праблемаў. Магчыма, і ў Беларусі актывізацыя РНЕ выконвае тую ж функцыю”.

(Карбалевіч: ) “Якія існуюць сродкі супрацьдзеяньня экстрэмістам РНЕ, калі ўлады не жадаюць перапыняць іхнай дзейнасьці? Колькі гадоў таму былі сутычкі паміж “Маладым фронтам” і РНЕ. Як далей можа разьвівацца сытуацыя?”

(Дашкевіч: ) “Галоўны сродак супрацьдзеяньня — наша праца. Чым лепш мы будзем працаваць з моладзьдзю, тым менш будзе магчымасьці ў такіх нягоднікаў уплываць на маладых людзей. Сутычкі паміж “Маладым фронтам” і РНЕ сапраўды былі. Цяпер такога няма. РНЕ не выходзіць на паверхню, толькі ладзіць такія правакацыі супраць офісаў дэмакратычных арганізацыяў. Хоць час ад часу можна ў Менску сустрэць групы — некалькі чалавек брытагаловых”.

(Костка: ) “Па-першае, для РНЕ і падобных арганізацыяў больш глебы там, дзе невысокі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці, няма еднасьці народу вакол агульнанацыянальнай ідэі. Шмат людзей не ўспрымае Беларусь як наш дом. Гэта такі маральна-этнічны чыньнік. Па-другое, гэта нізкая нацыянальная сьвядомасьць самой улады. Яна дазваляе, каб замежныя фашысты ўмешваліся ў нашы справы. А супраць арганізаванай сілы трэба ствараць антысілу. Гэта і павінны рабіць нацыянальна-патрыятычныя сілы Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Мусіць, нельга лічыць выпадковым, што актывізацыя дзейнасьць экстрэмісцкай арганізацыі РНЕ супраць дэмакратычных сілаў супала з узмацненьнем рэпрэсіяў уладаў супраць апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці. Калі й няма непасрэднай сувязі паміж РНЕ і спэцслужбамі, то беспакаранасьць фашыстаў правакуе іх на ўсё больш нахабныя дзеяньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG