Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пісьменьнікам не далі права голасу на Кангрэсе?


Іна Студзінская, Менск На Кангрэс дэмакратычных сіл, які адбудзецца ў выходныя ў Менску, абрана 863 дэлегаты. У сьпісе патэнцыйных дэлегатаў было яшчэ 273 асобы. Зь іх 28 палітычных вязьняў, 47 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, 55 дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якія ў 1996 годзе паставілі подпісы за імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, іншыя вядомыя асобы. Але Статус VIP – гасьцей, якія маюць права голасу, атрымалі толькі палітвязьні. Пісьменьнікі, прадстаўнікі інтэлігенцыі, трэцяга сэктару, былыя дэпутаты права голасу мець ня будуць. Менавіта такое рашэньне было прынятае па прапанове Партыі камуністаў Беларускай. У лепшым выпадку будуць, так бы мовіць, ганаровымі гасьцямі.

Катэгарычна супраць такога рашэньня выступіў Аляксандар Мілінкевіч. Ён нагадаў, што на папярэдніх кангрэсах больш за палову людзей у залі былі беспартыйныя: журналісты, пісьменьнікі, актывісты грамадзкіх арганізацыяў. І гэта надавала яму права называцца Кангрэсам дэмакратычных сілаў А сёлетні форум ператвараецца ў Кангрэс партыйных сілаў, лічыць спадар Мілінкевіч:

“Я вельмі паважаю партыйных актывістаў, але ж гэта толькі маленькая частка дэмсілаў. І калі не далучаюць да форуму пісьменьнікаў, прысутнасьць якіх у залі — гэта ж гонар для самога кангрэсу, пра што тады казаць? Сумна гэта, нават вельмі сорамна. Гэта яшчэ адно сьведчаньне, што атрымліваецца такая кулюарная тусоўка”.

Пісьменьнікі, прадстаўнікі інтэлігенцыі дагэтуль ня ведаюць, ці запросяць наагул іх на Кангрэс. І калі запросяць, то ў якасьці каго. Запрашэньняў дагэтуль ніхто не атрымаў.

Акадэмік Радзім Гарэцкі вылучаны на Кангрэс дэмакратычных сілаў Радай інтэлігенцыі. Спадар Гарэцкі ўдзельнічаў ва ўсіх папярэдніх форумах, і тое, што цяпер ён, хутчэй за ўсё, будзе проста ганаровым госьцем без права голасу, яго зьдзівіла:

“Я лічу, што гэта не зусім справядліва і правільна. Чаго ж тут баяцца? Тым больш Рады інтэлігенцыі, каб яна прагаласавала. Думаю, гэта не зусім правільна і разумна. Але, думаю, гэта іх справа – вырашаць”.

Паэт Генадзь Бураўкін таксама дагэтуль афіцыйнага запрашэньня на Кангрэс не атрымаў. Яго даўно трывожыць, што робіцца ў апазыцыі, чаму лідэры ня могуць дамовіцца. І чаму дагэтуль не абнародаваныя, не абмяркоўваюцца дакумэнты, якія мяркуецца прыняць на Кангрэсе. Што да рашэньня не даць права голасу інтэлігенцыі, пісьменьнікам, грамадзкасьці – ён лічыць, што справа ў асобе Мілінкевіча. Меркаваньне Генадзя Бураўкіна:

“Калі мяне запросяць, я ня ведаю, пайду ці не пайду. Бо мне ўсё трывожней і трывожней ад таго, што вырабляюць гэтыя нашы лідэры замест таго, каб шукаць паяднаньня. Я ня ведаю, чаго яны шукаюць? Дзеля чаго яны ўзьняліся супраць Мілінкевіча? Ну а хто?! Гэтыя ж людзі, якія сёньня крытыкуюць Мілінкевіча, яны ж у палітыцы намнога даўжэй, чым Мілінкевіч! І яны ж нічога не змаглі зрабіць лепшага, чым Мілінкевіч. Даруйце, але як некалі сказаў наш клясык: “Чаго вам хочацца, панове?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG